Вялікі пост. Апрануцца ў «зброю Божую»

Чарговы Вялікі пост. Што прынясе ён у тваё жыццё, чаму навучыць цябе Бог за гэты час? Пакуль што толькі пытанні. Але ад цябе залежыць, як ты перажывеш яго. «Вядома, — адкажаш ты, — я буду старацца змяніцца, выбяру сабе пастановы і пастараюся іх выканаць. Але пастановы самі па сабе нічога табе не дадуць, калі ты не выбярэш сабе сталага падмурка.

Пэўна, знаёмая сітуацыя, калі вырашаеш больш маліцца, і, як на зло, надыходзіць такая лянота, што часам нават адну частку ружанца ўжо цяжка прамовіць. Д’ябал не спіць і вельмі добра ведае ўсе твае слабасці, праз якія можна «пранікнуць» у твой духоўны свет. Таму ўсімі сіламі ён будзе старацца перашкодзіць табе. Але ты не здавайся, слухай Бога ў глыбіні свайго сэрца і ідзі за Ім. Няхай Ён цябе вядзе праз увесь гэты час, а ў ідэале — праз усё тваё жыццё.

Вось тут з’яўляецца закавырка: як пачуць гэты голас Бога? Ці буду я ўпэўнены, што гэта менавіта Ён прамаўляе да мяне, а не мае амбіцыі, жаданне паказацца лепшым перад іншымі, або сам злы ў вобразе ўнутранага голасу?

Пэўна ж, задача не з лёгкіх. Але яна можа быць выкананая, калі ты сам пастараешся. Па-першае, задай сабе шчырае пытанне: «Я ўвогуле на дадзены момант стараюся пачуць Бога? Размаўляю з Ім як з сябрам або з Айцом? Аддаю Яму свае клопаты і праблемы?» Знаходжуся ў пастаяннай малітве? Або стараюся сам справіцца з усімі цяжкасцямі і думаю, што я супермен ці супервумэн? Бо, канешне ж, маю дзве-тры адукацыі, хаджу на ўсе магчымыя сустрэчы ў касцёле і наведваю розныя рэкалекцыі.

Я, быццам, маю ўжо дастаткова вопыту, каб усё вырашыць самастойна… Аднак… Аднак пару дзён, і ты зноў каля канфесіянала з думкамі, што «зноў пракалоўся». І вось тут самы вялікі абломчык — ты не ўсясільны, як табе, магчыма, здавалася раней.

Усе грэшныя. Так. Усе мы памыляемся і ідзем да споведзі зноў і зноў. Але, магчыма, надышоў час паглядзець на гэтую сітуацыю інакш. Чаму я падаю? Што мне перашкаджае ісці далей і штурхае наступаць на адны і тыя ж граблі зноў і зноў?

Паглядзі на сваё жыццё?  Што ў ім не так? Што б ты хацеў змяніць?

Новыя тэхналогіі і інтэрнэт — гэта, канешне, крута, але ўсюды ёсць свая мяжа. Здаецца, падумаў: «зайду на пару хвілінак, праверу пошту»… І тут «Вы несите меня кони, кони сизые мои..!» І панеслася! Зайшоў у зусім бязвінную «суполку з коцікамі», а тут спам і кантэкстная рэклама… Потым дзесьці пачытаў выпадкова верш з адпаведнай лексікай… Карацей, праз пару дзён (так, менавіта столькі звычайна спатрэбіцца рагатаму, каб «падрыхтаваць глебу») ты ўжо каля канфесіянала.

Колькі часу я праводжу ў інтэрнэце? Ці не замяняю я сваё рэальнае жыццё віртуальным? Ці не губляю сябе ў гэтай пастаяннай гонцы за лайкамі і рэпостамі? Ці не марную часу і здароўя, так шчодра дадзенага мне Богам?

Рытарычныя пытанні…

Ці стараюся я пачуць голас Бога? Але не проста пачуць, а «выключыць гук» гэтага свету. Магчыма, для гэтага мне патрэбна будзе абмежаваць да мінімуму знаходжанне ў сацсетках або выкарыстоўваць гэты час для карысных мэтаў, напрыклад, для евангелізацыі. Магчыма, калі я меламан, скараціць праслухоўванне музыкі і больш быць у цішыні з самім сабой…

А што творыцца ў маім жыцці? Ці ёсць там парадак? Можа ў маёй шафе ўжо хутка будуць жыць замбакі? Калі так, то варта там навесці парадак. Гэтаксама і ў сэрцы. Магчыма, на гэта не хопіць Вялікага посту, але, прынамсі, пачатак ужо будзе пакладзены.

Каб дом нашага сэрца выстаяў, патрэбны сталы падмурак. Дзе яго шукаць і як змагацца з грахом, калі, здаецца, што сілы няроўныя?

У сваім пасланні да Эфесцаў апостал Павел кажа пра гэтую духоўную зброю: «Нарэшце, мацуйцеся ў Пану магутнасцю сілы Ягонай. Апраніцеся ва ўсю зброю Божую, каб вы маглі супрацьстаяць подступам д’ябла. Бо нашая барацьба не супраць крыві і цела, але супраць панаванняў, супраць уладаў, супраць гаспадароў цемры свету гэтага, супраць нябесных духаў злосці. Дзеля гэтага прыміце ўсю зброю Божую, каб вы маглі супрацьстаяць у дзень ліхі і, усё адолеўшы, выстаяць. Таму станьце, падперазаўшы сцёгны свае праўдаю, і апрануўшыся ў панцыр справядлівасці, і абуўшы ногі ў гатовасць дабравесціць спакой. А разам з усім вазьміце шчыт веры, якім зможаце пагасіць усе распаленыя стрэлы злога; і шлем збаўлення вазьміце, і меч духоўны, якім ёсць слова Божае» (Эф 6, 10–17).

Не сакрэт, што праз малітву мы лучымся з Богам, а калі мы з Ім, то «хто ж супраць нас». Таму першым падмуркам нашай барацьбы павінна стаць менавіта малітва, часам спантанная, а па магчымасці, няспынная… Галоўнае — шчырая.

Чытанне слова Божага.

Шмат ад каго са святароў чула, што менавіта ўдумлівае чытанне Святога Пісання з’яўляецца адным з дзейсных сродкаў у барацьбе са спакусамі д’ябла. Таму варта ўзяць гэты «меч» у свой арсенал.

Пост.

Тут, канешне, кожны выбірае абмежаванні для сябе сам. Галоўнае, каб мы «не елі» ў гэты час адзін аднаго…

І цішыня…

Часам варта спыніцца, суцішыцца, адключыць усе гаджаты і проста пабыць сам-насам з самім сабою, сам-насам — з Ім. Маючы такую аснову і цвёрда яе прытрымліваючыся, мы можам пачынаць выконваць пастановы і наводзіць парадак. І будзем памятаць, што Бог заўсёды побач, таму, калі нават штосьці не атрымаецца і мы зноў упадзем, Наш Айцец заўсёды прыме і падыме… А зараз — наперад! 


Марына Валасар

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла