Манах і студня

«Калі б св. Максімільян Кольбэ меў інтэрнэт,
ён абавязкова і праз яго евангелізаваў бы»

Тое, што ў інтэрнэце кіпіць жыццё, ужо нікога не дзівіць. Усе даўно зразумелі: трэба выкарыстоўваць магчымасці сусветнай сеткі. Для распаўсюджвання праўды пра Хрыста інтэрнэт можа быць цудоўным інструментам, але важна, каб ён не замяняў рэальнасць. Пра хрысціянскія інтэрнэт-праекты мы пагаварылі з айцом Яўгенам Голубам OFMConv, аўтарам youtube-канала «Студня Якуба».

— Айцец Яўген, чаму з’явілася жаданне штосьці ствараць менавіта ў інтэрнэце?

— Ідэя евангелізацыі праз інтэрнэт для мяне як францішканіна не была новаю, бо браты нашага ордэну ў евангелізацыі заўсёды карысталіся сучаснымі сродкамі. Можна ўспомніць святога Максімільяна Кольбэ, які выкарыстоўваў усе магчымасці, якія толькі з’яўляліся ў той час, каб прапаведаваць. Думаю, калі б тады быў інтэрнэт, ён абавязкова і праз яго евангелізаваў бы. Наогул, францішкане маюць славу людзей крэатыўных, якія не шукаюць зла ў навінках гэтага свету, а выкарыстоўваюць іх.

Нашыя браты ў Польшчы маюць ужо інтэрнэт-тэлебачанне franciszkanie.tv, таму ў мяне з’явілася думка і ў нас штосьці падобнае рабіць. Іх вопыт паказаў, што шмат людзей праз гэта атрымлівае вялікі духоўны плён. Пачаць рэалізоўваць нейкі праект у інтэрнэце насамрэч цяжка, бо такая праца абавязвае, яна павінна быць рэгулярнаю.

— Айцец Яўген, Вашыя праекты ў інтэрнэце пачаліся і працягваюцца на канале «Студня Якуба», дзе Вы змяшчаеце відэа- і аўдыёролікі. Раскажыце крыху пра яго.

— Гісторыя з аўдыёролікамі пачалася дзіўна. У мяне шмат сяброў, якія разважаюць над Святым Пісаннем і з якімі я стараюся дзяліцца сваімі духоўнымі перажываннямі. Адна мая добрая знаёмая, калі вучылася ў Польшчы, сказала аднойчы, што ёй не хапае рэкалекцый па-беларуску. Вось я і нагаварыў іх на дыктафон. Для зручнасці скідваў запісы на youtube.com і проста даваў спасылку — так узнік канал на гэтым сайце. З часам прыйшло разуменне, што гэтая справа добрая, і я стаў ствараць ролікі сістэматычна.

Пасля ўзнікла ідэя запісаць рэкалекцыі на Адвэнт у супрацоўніцтве з парталам grodnensis.by. Гэта быў цыкл відэа «7 імёнаў Збаўцы». Тады выйшла так, што Бог даў мне бачыць, якімі павінны быць гэтыя рэкалекцыі з першай да апошняй серыі: расповед пра кожнае імя Збаўцы, якое ўзгадваецца за сем дзён перад Божым Нараджэннем ў літургіі. Гэта быў файны час: мы здымалі ў крамах, у гарадзенскіх дварах, парку, здымалі ў касцёле, у Старым замку, былі ў майстэрні па вырабе ключоў… Шмат сілаў было пакладзена, але натхнялі водгукі людзей: я разумеў, што ім гэта патрэбна. Гэты фармат быў нечым зусім новым, патрэбным.

Пасля ўдваіх з журналістам і блогерам Арцёмам Ткачуком мы зрабілі цыкл відэа на Вялікі пост пад назваю «#пераПост» — такая назва адсылала да сацсетак, людзі маглі, скарыстоўваючы гэты хэштэг, публікаваць таксама і свае разважанні. Ідэя была ў тым, каб пачуць рэфлексіі над Божым словам святара і свецкага чалавека. Пацешна, што Арцёмавы каментары атрымаліся нават больш пабожнымі. Было цікава працаваць, таму што Арцём запісваў відэаролікі ў Нарвегіі, а я — у Гародні. Запісаны матэрыял ён мне дасылаў праз інтэрнэт, а я пасля манціраваў, відэа выходзіла 2 разы на тыдзень. Мы стараліся рабіць усё максімальна шчыра. Гэтую серыю людзі таксама вельмі добра прынялі.

 

Трэці праект на канале «Студня Якуба» рабілі таксама ў супрацоўніцтве з grodnensis.by. Гэта былі відэарэкалекцыі пад назваю «Г.А.М.А.», прысвечаныя дарам Духа Святога.

— Айцец Яўген, на сваім канале Вы напісалі: «Студня ў Святым Пісанні — адмысловае месца спаткання. Сваё шчасце знаходзяць ля яе Ісаак і Рэбэка, Якуб і Рахэль, Майсей і Сіфора... Самаранка з Евангелля святога Яна ля студні Якуба ці не першы раз у жыцці спазнала вызваляючую праўду пра сябе і міласэрную Божую любоў? Мо і для цябе гэтая віртуальная „Студня Якуба“ стане месцам спаткання — з Богам і самім сабою — і пачаткам новай і захапляльнай гісторыі?» Гэтыя словы з большага тлумачаць сэнс назвы канала, а ці хацелі Вы таксама зачапіць назваю канала ўвагу людзей?

— Вядома, хацеў. Да сёння некаторыя пытаюцца, што гэта за «студня» і хто такі Якуб. Называць youtube-канал неяк шаблонна — францішкане ці накшталт таго, не хацелася, тым больш, што разважанні маюць суб’ектыўны характар. Доўга думаў наконт назвы. Мне вельмі падабаецца фрагмент у Евангеллі паводле Яна, дзе Езус сустракаецца з самаранкаю акурат ля студні. Студня — гэта тагачаснае месца спаткання. Таму я хацеў, каб канал «Студня Якуба» стаў тым месцам, дзе Бог сустракаецца з кожным. З аднаго боку, Пан Бог паказвае праўду пра чалавека, а з іншага боку — прымае яго такім, якім ён ёсць, і праз гэта паказвае сваю любоў.

— Калі Вы робіце падобныя праекты і аддаяце шмат сілаў, вядома, думаеце, наколькі эфектыўная ўся гэтая дзейнасць. Евангелізацыя ў інтэрнэце папулярная, модная, навідавоку, але ці апраўдваюць сябе прыкладзеныя высілкі?

— У кантэксце Беларусі я не ведаю, ці папулярная такая евангелізацыя, ўсё яшчэ толькі пачынаецца. Ёсць людзі, якія нешта падобнае пачынаюць рабіць, дзякуй за гэта Богу. Але мне неяк рэдка даводзілася сустракаць у беларускай інтэрнэт-прасторы «шматсерыйныя» медыяпраекты. Адзінкавыя ролікі былі, а вось сістэматычных вельмі мала. Прычына хіба ў тым, што сёння ў святароў Беларусі безліч іншых абавязкаў, таму на дадатковую дзейнасць у інтэрнэце проста не застаецца часу...

Іншая справа — рэклама такіх праектаў. Мая пазіцыя вельмі простая: калі Бог праз гэта дзейнічае, калі гэта Яго справа, то каго трэба, таго прывядзе. Заўсёды ёсць спакуса вялікіх лічбаў, каб праглядаў, наведвальнікаў было тысячы. Але ў Святым Пісанні ёсць такі момант: Бог пакараў Давіда, калі той палічыў народ. Трэба засяроджвацца больш над самім матэрыялам, а не на масавасці. Я перакананы, што вельмі важнаю з’яўляецца падача матэрыялу. Змест можа быць добрым, але ён не зацікавіць нікога, калі не будзе мець адпаведнага афармлення. Аўдыёвізуальная форма, думаю, для сучаснага чалавека ідэальная, таму што ўсе мы думаем вобразамі.

Інтэрнэт не заменіць асабістага спаткання, жывой гутаркі, не заменіць добрага казання, але справа ў тым, што ён можа быць першым крокам для кагосьці, добрай падтрымкай. Калі чалавек не мае магчымасці ўдзельнічаць у рэкалекцыях, то інтэрнэт можа прыйсці на дапамогу.

— Айцец Яўген, я ведаю, што Вы задзейнічаны яшчэ ў адным інтэрнэт-праекце. Раскажыце, калі ласка, больш падрабязна пра яго.

— Праект называецца «3 СКАЗЫ» (3skazy.by) — гэта міжнародны францішканскі інтэрнэт-праект. Першапачаткова ён задумваўся як каментар да Святога Пісання, выкладзены ў трох сказах. Ідэя файная тым, што не трэба слухаць вялікага казання, а можна проста засяродзіцца на трох фразах. Сёння ў беларускай версіі праекта каментар да Божага слова змяшчаецца ў двух-трох-чатырох сказах амаль на кожны дзень. Ведаеш, хочацца, каб гэта была як філіжанка эспрэса раніцою: яна маленькая, патрэбная, моцная, эфектыўная. Гэта такі арыенцір для ўласнай медытацыі, некалькі думак, якія могуць дапамагчы.

— Мне вельмі падабаецца параўнанне з эспрэса! Брат Яўген, ці ёсць нейкія планы на будучыя праекты?

— Планы ёсць заўсёды. Дзякуй Богу, што падказвае, куды можна рухацца, дае новыя ідэі. Далей пакуль планую проста рабіць новыя цыклы на youtube-канале «Студня Якуба». На сённяшні дзень, што датычыць медыяпраектаў, то ідзе супрацоўніцтва з «Радыё Марыя». На Андвэнт мы рабілі аўдыёрэкалекцыі пад назваю «Святло ў студні». А цяпер, падчас Вялікага посту, запрашаю ў эфір на цыкл рэкалекцый разам з музычнай супольнасцю «Ubi Caritas», якія мы адмыслова для «Радыё Марыя» падрыхтавалі. Калі на тое будзе воля Пана — іншыя ідэі паціху будуць рэалізоўвацца.

— Выходзіць, Ваш дэвіз: «Быць адкрытым, а ўжо Бог гэтую гатоўнасць, здольнасці выкарыстае так, як найлепш»?

— Так, бо, па-першае, гэта Яго справа. А па-другое, важна, каб гэтая справа не стала амбонаю, з якой я сябе буду прэзентаваць. Файна было б, каб інтэрнэт-праектаў было болей. Я чакаю іх з’яўлення, каб ва ўмовах здаровай канкурэнцыі хацелася б павышаць якасць таго, што робіш, бо лічу, што каталіцкія праекты павінны мець добрую якасць.

— Айцец Яўген, вялікі дзякуй за гутарку і сведчанне!


P.S. Падчас падрыхтоўкі інтэрв'ю айцец Яўген парадаваў новым цыклам відэарэкалекцый на Вялікі пост пад назваю: «POST MAN». «Рэкалекцыі так называюцца не таму, што ў посце мы посныя "мэны", а таму што па-ангельску гэтае слова перакладаецца як паштальён. Я і айцец Сяргей, які хаваецца па другім баку камеры, будзем такімі паштальёнамі, якія на гэты Вялікі пост прынясуць вам 7 лістоў, схаваных Богам у ў апошняй кнізе Бібліі Апакаліпсіс св. Яна» — кажа ў першым відэа айцец Яўген, запрашаючы ўсіх ахвочых атрымаць «ліст» ад Бога.

Прыходзьце да «Студні Якуба» ў сацсеткі:
Youtube,
Facebook, Укантакце


Размаўляла Вольга Качалка.
Фота: Вольга Янковіч, кс. Аляксандр Улас, vk.com/studniajakuba

 

 

 

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла