Новы кліп гурта Laudans: «„Воблака“ як сімвал еднасці паміж людзьмі»

Каталіцкі музычны гурт Laudans нядаўна прэзентаваў свой новы кліп на песню «Воблака». Гэта другі па ліку відэаролік калектыву. За некалькі дзён відэа набрала амаль тры тысячы праглядаў на канале Youtube.

«Сёння вельмі часта мы сустракаемся з тым, што людзі закопваюць свае таленты ў «глебе» тэлебачання, інтэрнэту, алкаголю і іншых залежнасцяў. Гэта ўсё аддаляе нас ад рэальнасці і «дапамагае» забыцца пра тое, што жыццё — гэта дзейнасць. Мая і твая дзейнасць. Гэта праца», — гаворыць саліст гурта Андрэй Лугін, распавядаючы пра сюжэт кліпа.

Песню  «Воблака» музыка напісаў, натхніўшыся адпачынкам у гарах. Аднойчы, перад узыходам на гару разам са сваімі сябрамі Андрэй убачыў вялікае воблака, якое нібы павісла на вяршыні.

«Мы рушылі, і шлях аказаўся няпросты. У некаторых быў нязручны абутак, таму ім трэба было таксама дапамагаць. Але я падумаў тады, што ўсе гэтыя цяжкасці вартыя таго, бо ў нас ёсць унікальная магчымасць «увайсці ў воблака». Калі ж урэшце мы апынуліся на вяршыні і здавалася, што зараз будзе гэтая вялізная «падушка», аказалася, што там быў звычайны туман — жыхары гор гэта так і называюць — імгла. Расчараванне. Мы палюбаваліся пейзажамі і пайшлі назад», — узгадаў Андрэй Лугін.

Праз некалькі год, калі музыкант перажываў пэўныя цяжкасці, ён узгадаў свой пад’ём на гару і тое воблака. Менавіта тады ён падумаў, што «туман адлюстроўвае людскую еднасць».

«Калі глядзець на воблака зблізку, мы бачым асобныя пылінкі вільгаці, а здалёк — гэта цэлае воблака. Так і чалавек: адзін не можа шмат зрабіць, а ўсе мы разам, аб'яднаўшыся ў Касцёле, утвараем Цела Хрыста. А Хрыстус можа ўсё! Ён мацнейшы за алкагольную залежнасць, больш рэальны, чым анлайн знаёмствы. І мы, калі даверымся Яму, знойдзем сваё месца ў жыцці ў адпаведнасці з тымі здольнасцямі, якія нам дае Бог», — гаворыць саліст Laudans.

Праз гэтую песню мы хочам заахвоціць кожнага чалавека не баяцца брацца за тое, да чаго ён пакліканы, таму што Бог заўсёды дапаможа.

Сюжэт кліпа Андрэй Лугін і Алёна Палачанская прыдумалі разам. Ідэю абдумвалі ў дарозе падчас гастроляў, а акцёраў знайшлі даволі хутка. 

«Гэта былі нашыя сябры — Валерыя Бакурская, Сяргей Ламачэўскі і Вікторыя Чаплева. Маленькую дзяўчынку іграла Аліса Савасцюк. Рэжысёр — Ганна Трус, аператар — Аляксандр Бондараў. У апошніх эпізодах выкарыстоўваецца карціна, намаляваная Аксанай Ючкавіч», — распавёў Андрэй.

На здымкі музычнага роліка ў каманды пайшло тры дні. Кліп Laudans «Воблака» можна паглядзець на афіцыйным Youtube-канале гурта.

Сачыце за творчасцю гурта Laudans у сацсетках
Youtube, Укантакце, Facebook


Марына Валасар
Фота з архіва гурта Laudans

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла