Бог адчыніў акно надзеі

28 сакавіка выдавецтва «Pro Christo» і рэдакцыю часопіса «Ave Maria» наведала вядомая партугальская журналістка з радыё «Рэнесанс» Аўра Мігель. Яна аўтарка некалькіх кніг на тэму фацімскіх аб’яўленняў. Спадарыня Аўра двойчы сустракалася з сястрой Люцыяй і з вялікім узрушэннем згадвае, як «глядзела ў вочы, якія бачылі Багародзіцу».

Як журналістка, акрэдытаваная пры Апостальскай Сталіцы, Аўра Мігель суправаджала ў шматлікіх апостальскіх падарожжах папаў Яна Паўла ІІ і Бэнэдыкта XVI, а цяпер суправаджае папу Францішка.

Аўра Мігель дала вялікае інтэрв’ю часопісу «Ave Maria», урывак з якога мы публікуем (цалкам інтэрв’ю будзе змешчана ў 5-м нумары нашага часопіса).


— Спадарыня Аўра, чаму, на Вашую думку, Маці Божая выбрала для сваіх аб’яўленняў менавіта Партугалію?

— Гэта таямніца. Папа Бэнэдыкт XVI, калі прыехаў у Фаціму з візітам у 2010 годзе, сказаў пра гэта так: «Калі нябёсы былі закрытыя, Бог адчыніў акно надзеі, каб пакінуць свету сваё пасланне. Калі людзі павярнуліся ад Бога спінамі, Бог адчыніў акно, каб дапамагчы ім павярнуцца да Яго тварам. У 1917 годзе ў свеце ішла вялікая вайна, у Расіі адбылася Кастрычніцкая рэвалюцыя. Свет перажываў пашырэнне секулярызацыі, а чалавек пачаў лічыць сябе Богам.

Чаму была выбраная Партугалія — сапраўды таямніца, але яна была выбраная, каб нагадаць чалавеку, што ён не Бог, але павінен пакланяцца Богу.

Кардынал Люсціжэ, былы арцыбіскуп Парыжа, прыехаўшы ў Фаціму на кангрэс, таксама цікавіўся гэтым пытаннем: чаму Партугалія? Мне здаецца, ён крыху зайздросціў, што гэта была не Францыя (смяецца). Ён даследаваў гісторыю Партугаліі і яе народа і знайшоў два тлумачэнні. Першае: ужо з XIVXV стагоддзяў партугальскі ўніверсітэт у Каімбры, адзін з найстарэйшых у Еўропе, абавязваў выкладчыкаў прысягаць, што яны вераць у Беззаганнае Зачацце Багародзіцы, хоць сам догмат быў прыняты толькі ў ХІХ стагоддзі, але  гэтая прысяга была ўмоваю працы ва ўніверсітэце. Мы прынялі гэта на 4 стагоддзі раней! Самасвядомасць народу Партугаліі з самага пачатку яе існавання як незалежнай дзяржавы (прыблізна з ХІІ стагоддзя) вызначалася вялікай Марыйнай пабожнасцю. Другое тлумачэнне таксама датычыць гісторыі краіны. З 1580-га да 1640 года. Партугалія была часткаю Каралеўства Іспаніі і знаходзілася пад акупацыяй. Вярнуўшы краіне незалежнасць ад іспанскага прыгнёту, партугальскі кароль замест уласнай каранацыі правёў каранацыю Маці Божай у касцёле Беззаганнага Сэрца Марыі. З таго часу нашыя каралі не насілі кароны, укаранаванаю была толькі Каралева Партугаліі, яе нябесная Заступніца Марыя. Таму, думаю, Бог правільна выбраў Партугалію, каб перадаць сваё Пасланне.


Падчас інтэрв'ю для часопіса «Ave Maria»

— Як Вы лічыце, чаму Ватыкан так доўга не наважваўся апублікаваць трэцюю Фацімскую таямніцу?

— Гэтая таямніца датычыць замаху на Яна Паўла ІІ ў 1981 годзе. І нам сапраўды давялося чакаць каля 20-ці гадоў, каб у 2000 годзе яна была абнародаваная. Па-першае, тады, у 1981 годзе, было невядома, хто стаяў за туркам Алі Агджою, хто аддаваў яму загады. Хадзілі чуткі, што гэта было звязана з уладамі Балгарыі, з савецкім КДБ. У той час камуністычны рэжым быў яшчэ даволі моцны, Касцёл пераследаваўся, сітуацыя змянілася толькі ў 90-я гады. Ян Павел ІІ сказаў пасля замаху: «Я не хачу ведаць, хто жадаў мяне забіць, хто аддаваў загады». Святы Пасад вырашыў не расследаваць злачынства. Мне здаецца, добрае тлумачэнне адтэрміноўкі публікацыі трэцяй таямніцы даў кардынал Ратцынгер: чакалі, пакуль настроі ў свеце зменяцца на больш мірныя. Ватыкан таксама чакаў, не жадаючы, каб абнародаванне Фацімскай таямніцы палічылі палітычнаю помстаю.


Аўра Мігель з дырэктарам выдавецтва «Pro Christo» Алінаю Новікавай

— Вам пашчасціла суправаджаць папу Яна Паўла ІІ у яго шматлікіх апостальскіх падарожжах, як і папу Бэнэдыкта XVI, а цяпер папу  Францішка. Ці заўважалася розніца ў гэтых падарожжах? І ўвогуле, чым, на Вашую думку, адрозніваюцца гэтыя Пантыфікаты?

— Гэтыя Папы вельмі розныя. Адзін з момантаў, які іх аб’ядноўвае, — гэта вялікая асабістая свабода. У сваім папстве яны заставаліся такімі, якія ёсць, яно не змяніла іх як асобаў. Але свабоду яны перажывалі таксама вельмі па-рознаму. Ян Павел ІІ, напрыклад, і стаўшы Папам, вельмі любіў спорт: хадзіў на лыжах, у горы. Ён не страціў свабоды ў тым, што любіў рабіць. У старасці ён таксама заставаўся свабодным і не баяўся паказваць сябе людзям такім, які ён ёсць. Гэта вялікая пакора. Некалі ён быў моцны, а пасля стаў слабы, амаль не мог гаварыць, яму было цяжка рухацца, але ён не саромеўся сябе такога. Для мяне гэта быў знак вялікай сапраўднай свабоды і адданасці Хрысту. Ён настолькі моцна быў звязаны з Хрыстом, яго сэрца было настолькі засяроджанае на Хрысце, што ён быў свабодны і ў часы сваёй сілы, і ў часы сваёй слабасці і бездапаможнасці.

Папа Бэнэдыкт XVI перажываў свабоду зусім інакш. Ён не любіў спорту, а любіў граць на фартэпіяна і пісаць тэалагічныя кнігі, да таго ж, ён быў нашмат старэйшы, калі стаў Папам. Яго свабода праявілася ў ягоным рашэнні пайсці на пенсію. Ён не адчуваў сябе прыкаваным да папскага крэсла. Разумееце, Ян Павел ІІ быў свабодны да канца ісці ў сваім пакліканні, у сіле і ў слабасці, а Бэнэдыкт XVI быў свабодны пакінуць папства, каб пісаць і маліцца. Гэта цудоўна!

Шлях папы Францішка — таксама шлях свабоды. Я прывяду прыклад. Аднойчы журналіст спытаў Францішка, што найбольш турбуе яго як Папу? Усе чакалі, што ён зараз пачне гаварыць аб праблемах і скандалах у Касцёле, аб эканоміцы, сексуальнай разбэшчанасці. А ён сказаў: «Мяне вельмі турбуе мой тазасцегнавы сустаў, ён мне вельмі моцна баліць». Гэта была яго «найбольшая» праблема (смяецца). Папа Францішак вельмі свабодны ў сваім служэнні Касцёлу, бо ўпэўнены, што ўсё ў руках Бога. Бог чыніць сваю справу з дапамогаю тых, хто цалкам Яму давярае, тых, чые сэрцы засяроджаныя на Ім. Тады нават самыя страшныя праблемы — зусім не праблемы, а найбольшая турбота — боль у суставе.

Усе гэтыя тры Пантыфікаты трох розных Папаў вучаць, што мы павінны давяраць Хрысту свае клопаты, а Ён дапаможа нам ісці наперад і ўсё пераадолець, калі толькі мы засяроджваемся на Ім, а не на саміх сабе. Я правяла б аналогію, калі гэта дапушчальна, параўнаўшы іх Пантыфікаты з трыма цнотамі: Пантыфікат Яна Паўла ІІ — гэта Пантыфікат надзеі для Касцёла, Пантыфікат Бэнэдыкта XVI, Папы інтэлектуала, —  Пантыфікат веры, а Пантыфікат Францішка — гэта любоў, міласэрнасць.


Аўра Мігель з галоўным рэдактарам часопіса «Ave Maria» Крыстынаю Лялько

— Цікавая аналогія! Калі вярнуцца да значэння Фацімскага паслання, то ў чым, на Вашую думку, яго актуальнасць?

— Спачатку мы былі засяроджаныя на цудзе, які здарыўся з Янам Паўлам ІІ 13 мая 1981 года, на яго падарожжах, на закліку да супакою. Цяпер у сувязі з сёлетнім візітам папы Францішка ў Фаціму я зноў перачытваю Пасланне, глыбока разважаю над ім, спрабуючы забыць тое, што я ўжо ведаю, паглядзець на Фацімскае пасланне новымі вачыма. І я зразумела, што вельмі важная, цудоўная думка Паслання — гэта заклік да навяртання. Не толькі асабістага, але і цэлых нацый і краінаў. Ян Павел ІІ казаў, што існуе асабістае пакліканне, а ёсць яшчэ пакліканне краіны і народа. Кожная нацыя мае свайго Анёла Ахоўніка і сваё пакліканне. І цяпер значэнне Фацімы і яе Паслання — у навяртанні. Яно павінна адбыцца і ў Касцёле, і ў чалавечых сэрцах, і ў народах. Напрыклад, што датычыць навяртання Касцёла, я была вельмі ўражаная прамоўленымі яшчэ 50 гадоў таму словамі папы Паўла VIаб тым, што першая наша мэта — маліцца аб еднасці Касцёла. Гэта і цяпер вельмі актуальна. Навяртанне — гэта заўсёды актуальна…


Размаўляла Крыстына Лялько
Пераклад з англійскай мовы Юліі Шэдзько

Фота Міколы Новікава

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла