Праграма святкавання 100-годдзя аб’яўленняў у Фаціме

 

Юбілейнаму году стагоддзя Марыйных аб’яўленняў у Фаціме будуць прысвечаны шматлікія рэлігійныя, культурныя і навуковыя мерапрыемствы. Большасць з іх будуць ладзіцца на тэрыторыі партугальскага санктуарыя. Галоўнаю падзеяй стане візіт папы Францішка.

У сакавіку адбудуцца першыя з усіх спланаваных музычныя імпрэзы для дзяцей і моладзі. На красавік прыпадае вялікі Велікодны канцэрт сакральнай музыкі, а таксама выступленні дзіцячых харавых калектываў, а ў маі адбудзецца адкрыццё фотавыставы, прысвечанай сённяшняй Фаціме.

Галоўнаю падзеяй юбілейнага года ў Фаціме будзе прыезд папы Францішка. Святы Айцец прыляціць з Рыма ў ваенны партугальскі аэрапорт каля Фацімы. Пілігрымка пачнецца пад вечар 12 мая, а скончыцца на наступны дзень пасля абеду, які Папа раздзеліць з партугальскімі біскупамі. У Фаціме папа Францішак будзе ўдзельнічаць у начным чуванні ў капліцы аб’яўленняў, а раніцаю будзе цэлебраваць св. Імшу за галоўным алтаром на пляцы перад базылікай.

Канцэрты сакральнай музыкі ў юбілейным годзе будуць чаргавацца з навуковымі мерапрыемствамі. У канцы мая ў Партугаліі адбудзецца канферэнцыя, прысвечаная Марыйным аб’яўленням 1917 г., а праз месяц — Міжнародны кангрэс стагоддзя аб’яўленняў пад назваю «Асэнсаваць Фаціму — междысцыплінарнае прачытанне паслання».

Мэтаю падзеі стане заахвоціць вучоных, прадстаўнікоў розных галінаў навукі да рэфлексіі на тэму фацімскіх аб’яўленняў і паслання Маці Божай.

У ліпені партугальскі санктуарый абвесціць лаўрэата журналісцкай прэміі за матэрыял пра аб’яўленні ў Фаціме. У жніўні каля фрагмента былой берлінскай сцяны, недалёка ад галоўнай плошчы, адбудзецца ўспамін падзення камунізму ў Еўропе. Закрыццём юбілейнага года стане ўрачысты канцэрт 13 кастрычніка.

Партугальцы спадзяюцца, што ў 2017 г. Папа абвесціць благаслаўлёнаю сястру кармэлітку Люцыю дос Сантас, якая памерла ў лютым 2005 г. — яна была адной з трох сведкаў Марыйных аб’яўленняў у Фаціме ў 1917 годзе. Цяпер ідзе дыяцэзіяльны этап працэсу яе беатыфікацыі, які павінен у хуткім часе скончыцца.


Пераклад з польскай мовы Вольгі Качалкі.
Паводле: «Wiadomosci KAI», № 2, 2017 г.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла