Перынатальныя хоспісы як шанец на жыццё

Сёння ў ЗША і многіх краінах Заходняй Еўропы даволі распаўсюджаныя перынатальныя хоспісы — установы, дзе аказваецца псіхалагічная і медыцынская дапамога бацькам, якія чакаюць нараджэння дзіцяці з цяжкім дыягназам. У Беларусі пакуль што няма такіх установаў.

Нярэдка жанчыны, пачуўшы ад урачоў пра цяжкі дыягназ дзіцяці, якое павінна хутка нарадзіцца, вырашаюць пайсці на аборт. Але, паводле вучэння Касцёла, кожнае зачатае жыццё з’яўляецца неацэнным Божым дарам, таму пазбаўляць дзіця права ўбачыць свет — вялікі грэх, раўназначны забойству. На Захадзе гэтую праблему вырашаюць перынатальныя хоспісы — установы, у якіх кваліфікаваныя спецыялісты ў галіне медыцыны, псіхалогіі, генетыкі  і іншых сферах дапамагаюць бацькам перажыць перыяд цяжарнасці, нараджэння дзіцяці, а ў некаторых выпадках — і яго смерці. Хоспісы дапамагаюць бацькам прыняць новае жыццё з пашанай, нягледзячы на смяротны дыягназ.

Перынатальныя хоспісы (або перынатальная паліятыўная дапамога) — гэта новы кірунак перынатальнай медыцыны і акушэрства, альтэрнатыва эўгеністычным абортам, якія робяцца з прычыны неспрыяльнай дародавай дыягностыкі.

Упершыню такія хоспісы з’явіліся ў ЗША некалькі гадоў таму. Іх заснавальнікам з’яўляецца амерыканскі акушэр, спецыяліст у галіне перынатальнай медыцыны Б. Калхун, а таксама мноства  яго аднадумцаў. 

Стварыць такія хоспісы акушэра змусіла само жыццё: часта ён і яго калегі сутыкаліся з выпадкамі, калі сем’ям у якасці «адзінага магчымага выйсця» прапаноўвалі абарціраваць дзіця са смяротным дыягназам. Сабраўшы вялікі клінічны матэрыял (назіранні больш за 60-цю жанчынамі), урачы даказалі, што калі цяжарнай з неспрыяльным дыягназам аказаць кваліфікаваную падтрымку і не рабіць аборт, то стрэс, псіхічная траўма, неспрыяльныя наступствы для псіхічнага і фізічнага здароўя маці і сям’і ў цэлым аказваюцца нашмат меншымі, чым пасля аборту.

Сёння ў Злучаных Штатах ужо больш за 100 такіх хоспісаў, і колькасць іх павялічваецца. Яны ствараюцца не толькі на базе вялікіх клінік, але і на базе дабрачынных фондаў і арганізацый. Такія хоспісы створаны таксама ў Заходняй Еўропе, Польшчы і нават у Нікарагуа.

У амерыканскім штаце Мінесота, напрыклад, ужо прыняты закон, які абавязвае інфармаваць цяжарную жанчыну з неспрыяльным дыягназам ПД аб тым, што можна замест аборту выбраць паліятыўную дапамогу. Калі ў дзіцяці дыягназ пасля нараджэння аказваецца не такім безвыходным, як меркавалася, яму гарантуецца адпаведная лячэбная дапамога.

Перынатальныя хоспісы даюць дзіцяці права на жыццё

Прафесар Калхун пацвердзіў, што калі бацькам у якасці альтэрнатывы прапаноўваюць  паліятыўную дапамогу, а не аборт, больш за 70% сем’яў у ЗША выбіраюць менавіта дапамогу. Перынатальныя хоспісы кіруюцца прынцыпамі павагі да права бацькоў захаваць жыццё свайму дзіцяці і права дзіцяці на жыццё, незалежна ад стану яго здароўя.

Супрацоўнікі хоспісаў лічаць, што каштоўнасць чалавечага жыцця не вызначаецца яго працягласцю, таму кожны мае права на жыццё. У аснове паліятыўнай дапамогі ляжаць таксама прынцыпы доказнай медыцыны.

Вопыт суседзяў

У суседняй Польшчы такія хоспісы ўжо адкрытыя ў Варшаве, Гданьску, Лодзі, Катавіцах, Кракаве, Любліне і іншых гарадах.

«Жанчынам аказваюць неабходную дапамогу з першых хвілінаў пасля вызначэння дыягназу», — кажа Богна Казлоўская, намеснік дырэктара хоспіса імя кс. Е. Дуткевіча ў Гданьску.

«Перынатальны хоспіс — гэта не проста ўстанова, якая аказвае „пэўныя паслугі“, хутчэй — гэта спосаб мыслення. Гэта суправаджэнне сям’і падчас цяжарнасці, нараджэння дзіцяці і яго смерці. Годнай смерці, такой, якая не ўсведамляецца як дарэмная, якая пакідае ў памяці хоць і горкі, але поўны любові вопыт — сустрэчы з дзіцем і развітання з ім», кажа доктар медыцыны Малгажата Грабская, педыятр, член руху Перынатальнай хоспіснай дапамогі.

«Вопыт перажывання цяжкіх хваробаў, асабліва дзіцячых,— гэта таямніца. Вельмі складана тут знайсці нейкія тлумачэнні, але заўсёды можна быць проста побач з тымі, хто праходзіць праз цяжкія выпрабаванні, і аказаць ім сваю падтрымку. Менавіта гэтай мэце і павінны служыць хоспісныя цэнтры перынатальнай дапамогі», — кажа загадчык фонда Аліцыя Сталярчык.

У Любліне бацькам, якія чакаюць нараджэння цяжкахворага дзіцяці, прапаноўваецца не толькі кансультацыя са спецыялістамі, а таксама  псіхалагічная і тэрапеўтычная апека. Яны могуць сустрэцца з іншымі бацькамі, дзеці якіх маюць падобныя праблемы і знаходзіліся пад апекаю хоспіса. Да ўсяго, з бацькамі размаўляе святар. Душпастырская апека вельмі неабходная, каб сям’я магла перажываць свае траўмы ў святле веры. Пасля нараджэння дзіцяці супрацоўнікі хоспіса забяспечваюць бацькам паліятыўную або стацыянарную дапамогу.

У варшаўскім хоспісе для дзяцей псіхолаг працуе пры кабінеце ўльтрагукавой дыягностыкі, куды накіроўваюць бацькоў з трывожнымі сімптомамі ў дзіцяці. Псіхолагі падтрымліваюць бацькоў на працягу ўсяго перыяду развіцця хваробы ў дзіцяці. Польскія спецыялісты лічаць, што памерлае, нават перад нараджэннем, дзіця, мае права на пахаванне, а бацькі маюць права на жалобу, таму ў некаторых хоспісах Польшчы на працягу доўгага часу працуюць групы падтрымкі для бацькоў у жалобе.

Хоспісы — абарона жыцця, дадзенага Богам

У маі гэтага года ў клініцы ў Рыме Джэмэллі праходзіў сімпозіум на тэму: «Берагчы жыццё: перынатальныя хоспісы як навуковы, этычны і гуманны адказ на дародавую дыягностыку». На гэтым сімпозіуме перад яго ўдзельнікамі выступіў папа Францішак, які падкрэсліў, што «неабходна падтрымліваць такое разуменне навукі, згодна з якім яна будзе служыць чалавеку, а не ўчыняць адбор».

Святы Айцец папрасіў «дзень за днём ажыццяўляць задумку Бога адносна жыцця, абараняючы яго са смеласцю і любоўю, у духу блізкасці, дыстанцыяваўшыся ад «культуры адкідаў», якая паказвае на шлях смерці, быццам пакуты, што можна выкараніць знішчэннем тых, хто пакутуе». Пантыфік выказаў надзею на «новыя дасягненні ў служэнні чалавеку і ў прагрэсе медыцыны ў духу пастаяннай прыхільнасці да чалавечых і хрысціянскіх каштоўнасцяў, каб найлепшым чынам і з вялікай любоўю адказаць на сітуацыю немачы, у якой знаходзіцца дзіця з цяжкімі паталогіямі».

Сітуацыя ў Беларусі

Сёння ў Беларусі мноства дзяцей забіваецца толькі з прычыны падазрэння на захворванне. Часцей за ўсё, гэтыя праблемы можна паспяхова лячыць пасля родаў, але нашмат прасцей такое дзіця забіць раней, кіруючыся прынцыпам: няма чалавека, няма праблемы», — гаворыць Уладзіслаў Валаховіч, дырэктар дабрачыннага беларускага фонду «Адкрытыя сэрцы». Па яго словах, сёння вельмі складана арганізаваць у нас працу перынатальных хоспісаў на базе дабрачынных пралайф-арганізацый, бо для іх патрэбна ліцэнзія і кваліфікаваныя спецыялісты, якія «наўрад ці будуць дапамагаць у якасці валанцёраў».

Але надзея застаецца і застаецца малітва,бо без Бога і Яго падтрымкі мы нічога не можам. Будзем маліцца і верыць у тое, што і ў нашай краіне з’явіцца магчымасць адкрыць такія хоспісы, але яшчэ лепей, каб прычыны для іх стварэння ўвогуле не было


Падрыхтавала Марына Валасар.
П
аводле матэрыялаў інтэрнэт-старонак:

http://hospicjum.lublin.pl
http
://blagovest-info.ru
http
://www.liveinternet.ru
http
://yuliamass.livejournal.com
http://www.hospicjum-podkarpackie.pl

 

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла