У цярпеннях не падаць духам: новы нумар часопіса «Ave Maria»

У 2017 годзе першы нумар часопіса «AveMaria» выйшаў у абноўленым фармаце. Час патрабуе ад папяровых выданняў высокай якасці друку і змястоўных матэрыялаў. Мы абнавілі дызайн вокладкі, а матэрыялы друкуем на больш якаснай паперы. Больш за тое, цяпер у кожным нумары мы будзем імкнуцца даваць тэматычны блок матэрыялаў, каб пэўная праблема атрымала як мага глыбейшае асвятленне.

У нумары 1–2 аўтары часопіса ўздымаюць пытанне пра сэнс цярпення ў жыцці хрысціяніна. Цялесныя пакуты прыносяць чалавеку роспач, таму папа Францішак у пасланні на Сусветны дзень хворых заахвочвае знаходзіць у веры моц любіць Бога і бліжніх нават у хваробе. «Як не падаць духам, калі не бачыш плёну малітвы?» — айцец Юрый Кулай OCD дае практычныя парады для малітвы ў час духоўнага цярпення, калі аддаеш свой цяжар Богу, але ў адказ атрымліваеш толькі маўчанне.

Перажываючы цяжкія часы, мы часта ўзгадваем Кнігу Ёва са Старога Запавету. У гэтым нумары мы друкуем тэкст паводле лекцый айца Аляксандра Меня пра гэту вечную кнігу. У артыкуле з правакацыйнай назвай «Няўжо Пан Езус ухіляўся ад небяспекі?» а. Адам Шустак ОР разважае над памылковым адабрэннем многімі хрысціянамі пакутаў.

«Калі Бог добры, то чаму церпяць невінаватыя?» — пытанне надзвычай актуальнае ў тым ліку і для веруючых людзей. Кс. Андрэй Рылка адказвае на яго, звяртаючыся да Бібліі, папскіх энцыклік і каталіцкага веравучэння.

На старонках часопіса вы знойдзеце рэальныя гісторыі людзей, якія дзеляцца досведам перажытых цяжкасцяў і цярпенняў, што зблізілі іх з Богам яшчэ больш. Пра гэта — сведчанне Вольгі Севярынец «Пан Бог блізка. З гісторыі аднаго жыцця» і некалькі людскіх гісторый у артыкуле «Цяжар хваробы. Як мы яго пераносім?»

Штодзённа сутыкаюцца з цярпеннем іншых людзей менавіта тыя, хто ім дапамагае. Пра адданасць гэтаму нялёгкаму служэнню вы прачытаеце ў матэрыяле пра сястру Соф’ю Рачыла «Нас трэба разбудзіць» і ў інтэрв’ю з урачом Антанінаю Осіпаваю «У церпячым чалавеку бачыць Хрыста».

Ад манітора не вее водарам друкарскай фарбы, а старонкі сайта не шамацяць ад перагортвання старонак. Працуючы над часопісам «AveMaria», мы стараемся для вас, дарагія чытачы!

Набыць часопіс можна:

  • у кнігарні «Духоўная кніга» (г. Мінск, вул. Багдановіча, 25, пн–пт: 10.00–19.00, сб: 11.00–17.00);
  • у парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій;
  • альбо звяртайцеся ў рэдакцыю па тэл. (017) 293 17 50.

 


Вольга Качалка

 

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла