«Будзьце дасканалымі»

Сёмая звычайная нядзеля, год А (19.02.2017)

Вы чулі, што сказана: “Вока за вока і зуб за зуб”. А Я вам кажу: не адплачвайце злому. Калі хто ўдарыць цябе па правай шчацэ тваёй, падстаў яму і другую. І калі хто захоча судзіцца з табою і ўзяць у цябе кашулю, аддай яму і плашч. І калі хто цябе змусіць ісці з ім адну мілю, ідзі з ім дзве. Таму, хто просіць у цябе, давай і не адварочвайся ад таго, хто хоча пазычыць у цябе.

Вы чулі, што сказана: “Любі бліжняга твайго і ненавідзь ворага твайго”. А Я кажу вам: любіце ворагаў вашых і маліцеся за тых, хто пераследуе вас, каб сталіся вы сынамі Айца вашага, які ў нябёсах. Бо Ён загадвае сонцу свайму ўзыходзіць над дрэннымі і добрымі і пасылае дождж на справядлівых і несправядлівых. Калі ж вы будзеце любіць тых, хто любіць вас, якую маеце ўзнагароду? Ці ж не тое самае робяць і мытнікі? І калі вітаеце толькі братоў вашых, што асаблівага робіце? Ці ж не тое самае робяць і язычнікі? Таму будзьце дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш Нябесны.

(Мц 5, 38–48)

«Будзьце дасканалымі»

Калі мы чуем аб правіле «Вока за вока і зуб за зуб», то звычайна адносім яго да старажытных часоў. Маўляў, людзі тады былі нявыхаваныя і рашэнне канфліктаў знаходзілі толькі ў адказе агрэсіяй на агрэсію. Гэта потым яны адкрылі больш «цывілізаваныя» спосабы. На жаль, хоць час не стаіць на месцы і ў тэхнічным прагрэсе чалавецтва зрабіла вялікі крок, гэтае старазапаветнае правіла актуальнае і далей. Можа, не ў літаральным сэнсе, але з той жа самай мэтай: каб крыўдзіцель адчуў такі ж моцны боль, як і пакрыўджаны. З малых гадоў нас вучаць адказваць дабром тым, хто нам робіць дабро. Як адказаць ворагу, кожны можа навучыцца сам: вока за вока і зуб за зуб.

Езус не прапануе нам альтэрнатывы да гэтага правіла. Ён прыйшоў «не адмяніць, а выканаць» Закон (пар. Мц 5, 17). Словы Хрыста «любіце воргаў вашых» узносяць нас па-над гэтым светам, вядуць нас далей за самыя дасканалыя мадэлі ўзаемааадносінаў, якія можа прыдумаць чалавек, бо гэтыя словы аб’яўляе нам Бог, прапануючы нам глянуць на бліжняга з Боскай перспектывы. Таму, здаецца, так нялёгка ажыццявіць гэтыя словы. Евангелле напісанае для людзей мужных, для тых хто не баіцца выпрабаванняў. Сапраўдная мужнасць — адзін з дароў Духа Святога. Таму варта прасіць Яго, каб Ён удзяліў і нам гэтую мужнасць наследавання Хрыста.

Айцец Павел Мажэйка OP


Глядзі яшчэ разважанні на сёмую звычайную нядзелю, год А:

Айцец Міхал Ермашкевіч OP «Падстаў шчаку...»

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла