«Step Project» — сумесны крок у праслаўленні Бога

Евангелізацыйны музычны праект Пінскай дыяцэзіі «Step Project» з’явіўся нядаўна і ўжо паспеў стаць вядомым праз канцэрты ў розных гарадах Беларусі. У шматканфесійны праект уваходзяць ўдзельнікі з Брэста, Кобрына і Баранавічаў. Карэспандэнт часопіса «Ave Maria» паразмаўляла з яго ўдзельнікамі  і стваральнікам — ксяндзом Аляксандрам Канановічам.

— Ксёндз Аляксандр, што Вас падштурхнула стварыць «Step Project»?

— Два гады я служыў у Баранавічах і стварыў там музычны праект «Адзіныя ў Духу», але, калі мяне перавялі ў Брэст, праект разваліўся. Аднойчы вечарам я патэлефанаваў удзельнікам былога праекту, якіх сапраўды лічу сваёй сям’ёй, і сказаў, што ёсць апаратура, таму можна прыязджаць і граць. Хлопцы пагадзіліся, і гэтак распачаўся новы этап.

Дзякуй Богу, таксама ў нас ёсць і другі гурт, парафіяльны. У ім граюць і спяваюць школьнікі 8-11 класаў. Калі дзесьці патрэбна выступіць больш прафесійна, то выступаем разам з першым гуртом, а на розных касцёльных урачыстасцях і на Імшах граем сумесна двума гуртамі.

— Як праходзяць вашыя рэпетыцыі?

— Рэпетыцыі заўсёды распачынаюцца з малітвы «Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому», каб Дух Святы нас умацоўваў. Дзякуй Богу, сёння мы рэпеціруем кожны месяц, у пятніцу або ў суботу раніцай.

— Як бы Вы вызначылі музычны кірунак вашага праекту?

— Мы граем у розных музычных стылях, але гэта праслаўленне Бога. Таму ў гэтай справе заўсёды трэба ў першую чаргу маліцца. Калі не будзе малітвы да Духа Святога, то марнай будзе справа і ўвогуле гэта ўсё знікне.

Увогуле, нашае заданне як музыкантаў — дакранацца сваёй музыкай да сэрцаў і перадаваць людзям тое, што Бог ім хоча сказаць праз нас.

— Распавядзіце больш падрабязна пра ўдзельнікаў праекту.

— Аляксандр Байтус грае на электрагітары і акустычнай гітары. Мне яго параіў мясцовы пробашч з Баранавічаў. На той час ён граў на акардыёне. Ён прыйшоў да мяне, паказаў тры акорды, і я сказаў: «Ідзеш у гурт „Адзіныя ў Духу“».

Лада, клавішніца, вучыцца ў кансерваторыі ў Мінску. Увогуле яна праваслаўная. З ёю лёгка працаваць і знайсці агульную мову. Віку Шляхціну, вакалістку, ведаю яшчэ з дзяцінства. У яе бацькі ўсе спявалі. Аўдзій Самулевіч, калі я яшчэ вучыўся ў семінарыі, некаторы час выступаў разам з намі ў «Подыху Духа». Так пазнаёміліся. Ён пратэстант, але выступае разам з намі. Таксама просты, адкрыты чалавек.Дзмітрый Драко з Баранавічаў. Ездзіў на штогадовыя сустрэчы майстэрні ў Івянец, граў там на бас-гітары. І кожны год працягвае вучыцца разам з намі. 

Гэта ўсе тыя ўдзельнікі, якія граюць. Таксама нам і «Рыбам» дапамагае гукарэжысёр Арцём Ахрымовіч. Ён пратэстант, але вельмі добра «ўліўся» ў нашую сям’ю і працуе з намі з 2012 года.

— Цяпер некалькі пытанняў да астатніх удзельнікаў. Чаму пасля распаду гурта «Адзіныя ў Духу» вы вырашылі вярнуцца на сцэну?

Аляксандр Байтус (гітара, акустычная гітара): Бог так учыніў, што мы не спыніліся. Калі ксяндза Аляксандра перавялі ў Брэст, мы самі не змаглі працягваць. Потым, праз некаторы час, я паступіў у Брэст, і так атрымалася, што пасяліўся ў 10-ці хвілінах ад яго. Увесь вольны час мы праводзілі разам, і я падумаў: «Чаму б не?».

Вікторыя Шляхціна (вакал): Гурт «Адзіныя ў Духу» быў маёй часткай. Гэты гурт вельмі шмат значыў для мяне, таму я не магла адмовіцца ад такой прапановы. Я ўвогуле не магу ўявіць свайго жыцця без музыкі, без маіх сяброў, якія ў гэтым гурце ўдзельнічаюць, таму я вельмі рада, што ўсё ж такі штосьці новае мы змаглі стварыць.

Лада Жытко (клавішы): Як заўсёды, па жыцці ў мяне ўсё атрымліваецца спантанна. Бас-гітарыст Дзмітрый — мой аднакласнік. Мы з ім ужо даўно вельмі добра сябруем. Аднойчы ён мне патэлефанаваў і прапанаваў прыйсці ў касцёл, паслухаць, як грае гурт. Я спачатку падумала, што проста пасяджу і паслухаю, а тут мне кажуць: «Ідзі іграй»… Так мяне прынялі ў гурт.

— Што для вас значыць удзел у новым праекце?

Кс. Аляксандр Канановіч: Гэта частка майго жыцця і сведчанне веры. Праз праслаўленне і спевы я мацней до Яго малюся. Ён змяняе мяне, бо трэба не баяцца глядзець глыбей на самога сябе. Апрача таго, на гэта ўсё глядзіць моладзь і бярэ прыклад.

Аляксандр: Гэта вялікая дружная сям’я. Мы адзін аднаго заўсёды падтрымліваем і ўзрастаем тут у першую чаргу ў духоўным плане. Увесь вольны час праводзім, па магчымасці, разам. Склад гурта ў нас раскіданы па вобласці, але ўсё роўна знаходзім час, дабіраемся.

Дзмітрый Драко (бас-гітара): Не заўсёды ёсць магчымасць дабірацца на рэпетыцыі, таму, калі збярэмся раз на тыдзень, то ўжо добра. Мы гэта робім для Бога, а таксама, каб дапамагчы іншым знайсці шлях да Яго.

Аўдзій Самулевіч (барабаны): У нас у гурце ёсць людзі з розных канфесій. І назва «Step Projekt» азначае крок, крок разам, калі хрысціяне, аб’ядноўваюцца і робяць штосьці разам для Бога, таму што ў нас адзін Айцец. Мне асабіста вельмі прыемна працаваць разам. Самае важнае для мяне і для кожнага ў гэтым гурце — гэта Бог, Ён цэнтр нашага жыцця, і мы ўсё будуем вакол Яго, нашую музыку таксама, і рухаемся ў гэтым кірунку.

Вікторыя: Гэта не проста маё хобі, а «пажыццёвая праца». Я не магу гэта кінуць, бо гэта частка мяне, і вельмі складана ўявіць сябе без праекту. Добра, што гэта ўсё ёсць і звязана з Богам…

Лада: Для мяне гэта праца ў супольнасці, стасункі ў гурце, набліжэнне да чагосьці такога, што за ўсім гэтым стаіць. Гэта самарэалізацыя, а таксама магчымасць зразумець, што ў жыцці з’яўляецца найбольш важным.

— Які з вашых канцэртаў найбольш запомніўся?

Аляксандр: Канцэрт у Пінскай семінарыі на Спасланне Духа Святога мне запомніўся ў духоўным плане. А падчас канцэрту ў Лагішыне, пасля пілігрымкі, мы, прабачце за выраз, «канкрэтна палілі».

Аўдзій: Я магу дадаць, што калі мы гралі ў семінарыі і ксёндз Аляксандр паміж песнямі казаў розныя разважанні, то некаторыя з гэтых словаў былі адрасаваны таксама і майму сэрцу. Я сам гэта разумеў, бо тады перажываў не вельмі добры перыяд у сваім жыцці. Увогуле, кожны канцэрт для нас штосьці значыць, і перад кожным канцэртам у нас заўсёды здараюцца нейкія праблемы: ці паміж сабою, ці з апаратураю, але мы ўсё гэта хутка вырашаем.

Аляксандр: Як кажа наш дарагі шэф: «Д’ябал не спіць».

Дзмітрый: Так. Таму мы перад кожным канцэртам у такіх сітуацыях узгадваем, што проста робім крок, і зло будзе гэтаму супраціўляцца… 

Лада: Кожны канцэрт быў адметным сваёй публікай і месцам правядзення. Бывала, што ў адным месцы ты выступаеш некалькі разоў, але ўсё роўна розныя адчуванні і розная падрыхтоўка.

— Ці ёсць у вашага гурта свая малітва, якой вы моліцеся перад канцэртамі?

Аляксандр: Асаблівай няма, але ёсць працэс. Мы заўсёды становімся ў круг, абдымаемся. Можна маліцца па-пратэстанцку, па-каталіцку, па-праваслаўнаму. Гэта не важна. Важна, што ёсць адзінства.

— У вас ёсць аўтарскія песні. Хто піша тэксты для іх?

Аляксандр: Сястра Вераніка, кармэлітка, і ксёндз Аляксандр. У яго ёсць напрацоўкі яшчэ з семінарыі. Менавіта для аўтарскіх песняў мы ўзялі некалькі такіх напрацовак.

— Што вас натхняе на творчасць?

Аляксандр: Малітва.

Аўдзій: Бог, зносіны з Ім. Таксама магу сказаць, што адзінства, калі мы проста сядзім разам, адпачываем.

Аляксандр: А як, дарэчы, з’яўляецца «джэм». Сядзіш на Імшы, думаеш, молішся… І ў кожнага, мабыць, такі момант бывае, калі — хопа, мелодыя ў галаве іграе. Молішся-молішся… Зноў яна. Пасля Імшы як мага хутчэй усіх збіраеш і спускаешся ў каморку (нашая кропка збору знаходзіцца ў падвале брэсцкага касцёла на Леніна), каб найграць мелодыю. Пачынаеш наігрываць, усе падхопліваюць, і вось ужо ёсць новая песня.

Дзмітрый: Калі я магу гэта зрабіць, то чаму б не зрабіць?

Вікторыя: Мне нават натхненне не патрэбнае. Сапраўды. Да прыкладу возьмем фестываль «Дастукацца да нябёсаў». У кожным чалавеку, які тут знаходзіцца, ёсць праменьчык цяпла. Я прыехала на фестываль, толькі зайшла ў Дом культуры, і адразу адчула вялікае шчасце. Гэта ўсё мне вельмі блізкае і роднае.

Лада: Усё, што з’яўляецца музыкай, гэта ўжо маё жыццё і натхненне. Але я да гэтага адношуся не толькі як да любові, але і як да сваёй працы і да таго, што я магу змяніць, і таму гэта дае нейкую надзею, а ўвогуле — рэалізацыю ў сваім жыцці.

— У гэтым годзе вы ўпершыню выступалі на фестывалі «Дастукацца да нябёсаў» у Баранавічах. Якія вашыя ўражанні і што ўвогуле вы адчувалі падчас выступлення?

Кс. Аляксандр: Супакой, любоў, цеплыню, а таксама адчуванне адзінства і Божай прысутнасці сярод нас — Дух Святы напаўняў усё. Нельга гэта перадаць словамі, трэба быць там, не толькі на сцэне, але сярод людзей, дзе можна размаўляць, сустрэцца з сябрамі, быць сведкам веры і прыкладам для іншага чалавека.

Дзмітрый: Перад выступленнем было хваляванне, бо я ўпершыню выступаў на гэтай сцэне. Але, калі ўжо выйшаў, яно знікла. Мноства рэпетыцый зрабілі сваю справу. Я перажыў мора эмоцый. Гэта, канешне, крута — паказаць сябе, але галоўнае — гэта славіць Бога. На гэтым сканцэнтраваўся падчас выступлення, і ўсё атрымалася. Таксама не менш важнай была падтрымка сяброў, якім усё роўна, як ты сыграеш, галоўнае, каб музыка пранікала ў іх сэрцы.

Аляксандр: Шчасце і мора пазітыву.

Лада: Падчас выступлення заўсёды адчуваецца трапяткое хваляванне ў чаканні чагосьці асаблівага. Шмат што адбылося ў апошні час, што звязвае мяне з людзьмі, сябрамі. У гэтым годзе мае сябры ў гурце пацвердзілі, што яны – дастойная апора і надзея. Я вельмі ўдзячная ім за тое, што яны ёсць у маім жыцці, і для мяне на той момант было галоўным, што я знаходжуся сярод блізкіх людзей. У параўнанні з папярэднімі фестывалямі было адчуванне свабоды, абароненасці і адзінства.

Вікторыя: Калі шчыра, то гэта быў крыху хвалюючы момант, і гэтыя перажыванні зусім не звязаныя з тым, што я магу дзесьці няправільна праспяваць або штосьці няправільна зрабіць. Гэта такое хваляванне, калі эмоцыі перапаўняюць, калі адчуваеш атмасферу фестывалю, быццам дзелішся сваімі перажываннямі з усімі і ўзамен атрымліваеш тое ж самае. Не думаеш ні аб чым, а проста атрымліваеш асалоду ад гэтых імгненняў радасці і шчасця, разуменне таго, што ты адчуваеш кожнага, хто тут прысутнічае. Калі праслаўляеш Бога разам з усімі, і становіцца ўсё лягчэй і лягчэй.

Тэма фестываля гучала так: «Каб усе былi адно». Сэнс гэтых словаў, думаю, зразумелы кожнаму. І я асабіста ўпэўнілася і адчула гэтую еднасць. Гэта давала яшчэ большы зарад эмоцый.

Аўдзій: Адчувалася адзінства людзей і блізкасць Бога: я граў і разумеў, што тут толькі я і Ён, і гэта нашыя з Ім стасункі. Мая малітва заключалася ва ўдарах па барабанах, і мне здавалася, што праз гэты Бог дакранаўся да сэрца кожнага чалавека, які Яго шукаў у той момант. Я рады, што паўдзельнічаў у гэтым, і шчаслівы, калі дапамог камусьці наблізіцца да Бога і адчуць Яго любоў. Усё на хвалу Божую!

— Што для вас музыка?

Аляксандр: Усё!

Аўдзій: Як мне сказаў аднойчы адзін пратэстанцкі прапаведнік, музыка ў нечым падобная да сякеры. Яе можна выкарыстоўваць, каб калоць дровы, будаваць дом або забяспечыць цяплом, і ёю таксама можна забіваць… Музыка — гэта інструмент у руках чалавека. І як яго выкарыстоўваеш, такі вынік і атрымаеш, таму я выкарыстоўваю музыку, каб праслаўляць Бога.

Лада: Музыка для мяне самае галоўнае, і гэта было ўжо даўно вырашана.

Вікторыя: Я ніколі не вучылася спяваць. Для мяне спачатку гэта было як хобі, таму вельмі добра, што цяпер я магу развіваць свой талент і ім праслаўляць Бога.

— Дзякуй вам за размову. Плёну ў творчасці і натхнення Духа Святога!


Больш пазнаёміцца з творчасцю гурта можна ў суполцы «Вконтакте» https://vk.com/step_project


Размаўляла Марына Валасар.
Фота: Марына Валасар, vk.com/step_project

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла