Служэнне двум гаспадарам

Восьмая звычайная нядзеля, год А (26.02.2017)

Ніхто не можа служыць двум гаспадарам. Бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць; ці аднаго будзе трымацца, а другім пагарджаць. Не можаце служыць Богу і мамоне.

Таму кажу вам: не турбуйцеся аб жыцці вашым, што есці і што піць, ні аб целе вашым, у што апрануцца. Ці ж не большае жыццё за ежу, а цела — за вопратку? Паглядзіце на птушак нябесных: яны ні сеюць, ні жнуць, ні збіраюць у засекі, і Айцец ваш Нябесны корміць іх. Ці ж вы не больш вартыя заіх? І хто з вас, турбуючыся, можа дадаць да свайго росту хоць адзін локаць? І аб вопратцы навошта турбуецеся? Паглядзіце на палявыя лілеі, як Яны растуць: ні працуюць, ні прадуць. Кажу вам, што нават Саламон ва ўсёй славе сваёй не апранаўся так, як адна з іх. Калі ж палявую траву, якая сёння ёсць, а заўтра будзе кінута ў печ, Бог так апранае, ці не намнога больш вас, малаверныя? Таму не турбуйцеся і не кажыце: “Што нам есці?” або: “Што піць?” або: “У што апрануцца?” Бо ўсяго гэтага шукаюць язычнікі. А ваш Айцец Нябесны ведае, што вы маеце патрэбу ва ўсім гэтым. Шукайце найперш Валадарства Божага і справядлівасці Ягонай, а гэта ўсё дадасца вам.

Таму не турбуйцеся аб заўтрашнім дні, бо заўтрашні дзень патурбуецца сам за сябе. Хопіць кожнаму дню свайго клопату.

(Мц 6, 24–34)

Служэнне двум гаспадарам

Не так даўно адна з тэлеперадач знаёміла гледачоў з жыццём жыхароў інданэзійскай выспы. Сярод яго адметных рысаў асаблівую ўвагу прыцягваюць пахавальныя звычаі. Нягледзячы на тое, што ў ХІХ ст. гэтыя тубыльцы прынялі хрысціянства, яны дагэтуль хаваюць сваіх нябожчыкаў, прытрымліваючыся язычніцкіх традыцый продкаў. Развітанне з памерлым у іх суправаджаецца не толькі дзівоснай весялосцю, але і рытуальным забіваннем дзясяткаў буйвалаў, кожны з якіх каштуе як дарагі аўтамабіль. Чым вышэй каста, тым больш ахвярных жывёлаў павінна быць забіта, часам гэтая лічба нават перавышае сотню! А калі сям’я нябожчыка на момант яго смерці не мае сродкаў для такога «шыкоўнага» пахавання, памерламу часта даводзіцца не адзін год ляжаць у сваім доме побач з жывымі родзічамі, пакуль яны не збяруць патрэбную, сапраўды «астранамічную» суму. «Цяжка, але што рабіць — такі звычай!» — уздыхае перад камерай тубылец.

«Я гэтага не разумею, гэта нейкі абсурд!» — прыкладна такой, напэўна, была самая лагодная рэакцыя многіх гледачоў на ўбачанае і пачутае. У параўнанні з гэтым распаўсюджаныя (на вялікі жаль) сярод усходніх славянаў застоллі на могілках, як кажуць, «адпачываюць».

Але з іншага боку, ці не з’яўляюцца абсурднымі паводзіны сучасных жыхароў краінаў са шматвекавой хрысцінскай гісторыяй, якія, трымаючыся падобных ці іншых паганскіх звычаяў, адмовіліся ад сапраўды добрых, асвечаных стагоддзямі менавіта хрысціянскіх традыцый (і Традыцыі!), каб прыпадобніцца да неаязычніцкага свету, які не ідзе ў добрым кірунку?

Нехта прыдумляе і навязвае ўсім штучныя «патрэбы», настойліва пераконваючы, што сучасны чалавек не можа абысціся без усё новых разнастайных мадэляў, брэндаў, трэндаў і г.д., і бедныя людзі, каб не выглядаць белымі варонамі, ідуць нават на парушэнне Божых запаведзяў, каб адпавядаць навязаным ім патрабаванням сучаснасці, не грэбуюць ніякімі спосабамі здабыць грошы. Менавіта здабыць, бо нельга назваць заробленымі грошы, атрыманыя ў выніку махінацый, спекуляцый, махлярства і падману. Адным словам, людзі з галавою кідаюцца ў служэнне мамоне. 

Але толькі шчыра і па-сапраўднаму служачы Богу, чалавек служыць сабе. І матэрыяльна — бо разумее, што яго рэальныя патрэбы не такія ўжо і вялікія, як пераконвае рэклама і «грамадская думка», і духоўна — бо здабывае вечныя незнішчальныя скарбы…

Аднак як жа шмат, на жаль, сёння хрысціянаў, якія страчваюць вольнасць дзяцей Божых, паддаючыся «статкаваму інстынкту», і ідуць не ў кірунку Нябеснага Валадарства, уздыхаючы пры гэтым: «Што рабіць? Мяне не зразумеюць, калі я буду жыць паводле хрысціянскіх каштоўнасцяў…». Ці ж можа такі вернік спадзявацца, што Бог зразумее яго паводзіны, у якіх няма жалю, няма просьбы аб прабачэнні, няма малітвы аб умацаванні веры і згодным з ёю жыцці, а ёсць толькі самаапраўданне: «Такія цяпер патрабаванні часу…»?

Айцец Міхал Ермашкевіч OP


Глядзі яшчэ разважанні на восьмую звычайную нядзелю, год А:
айцец Раман Шульц OP, Наталля Дарашкевіч «Шукайце найперш Валадарства Божага, а ўсё іншае дадасца вам». 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла