«Маленькаму рыцару» — 20 гадоў!

26 лютага ў касцёле святых Сымона і Алены ў Мінску адбылася сустрэча юных парафіянаў і іх бацькоў з рэдактарам часопіса «Маленькі рыцар Беззаганнай» Ірынай Жарнасек.

У гэтым годзе каталіцкі часопіс для маленькіх беларусаў святкуе сваё дваццацігоддзе. Першыя ягоныя чытачы сталі за гэты час дарослымі дзядзямі і цёцямі, татамі і мамамі, а часопіс, зразумелая рэч, і надалей застаецца дзіцячым. Ён і надалей вядзе гаворку з дзецьмі пра Пана Бога.

Размова з чытачамі на старонках часопіса вельмі важная, але не менш важны і непасрэдны кантакт аўтараў, стваральнікаў выдання з тымі, каму яно адрасавана. Таму на сустрэчы Ірына Жарнасек распавяла крыху пра гісторыю стварэння часопіса, пра тэмы, якія ў ім асвятляюцца, пра тое, як гэта важна для хрысціяніна – у любой сітуацыі заставацца верным Хрысту і Касцёлу.

 

Госця заахвоціла хлопчыкаў і дзяўчынак не толькі чытаць часопіс, але і станавіцца ягонымі аўтарамі.  Кожны з іх можа дасылаць свае малюнкі, пісаць пра падзеі ў парафіях, пра ўсё, што яго хвалюе. Кожны нумар прапануе дзецям казкі, апавяданні, матэрыялы з жыцця парафій, загадкі, рэбусы, цікавыя, пазнавальныя крыжаванкі. У гэтым годзе чытачы маюць магчымасць прыняць удзел у творчым конкурсе «Наш першадрукар», прысвечаным 500-годдзю беларускага друкаванага слова.

Пасля сустрэчы дзеці падыходзілі і пыталіся, на якую тэму дасылаць малюнкі, як на практыцы  пісаць у часопіс і пра што пісаць. Некаторыя ранейшыя яго чытачы таксама адгукнуліся і казалі пра тое, што хоць яны ўжо і выраслі, але збераглі вельмі прыемныя ўспаміны з дзяцінства пра свой часопіс маленства – «Маленькі рыцар Беззаганнай».

Кароткая па часе сустрэча атрымалася цёплай і патрэбнай. На яе завяршэнне пробашч парафіі Уладзіслаў Завальнюк падзякаваў госці, пажадаў часопісу і надалей заставацца цікавым і запатрабаваным сярод тых, каму ён адрасаваны.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла