Кананізацыя пастушкоў у 2017 годзе?

 

Рэктар Партугальскага інстытута імя св. Антонія ў Рыме кс. Агастынга Борхес заўважыў, што існуюць перадумовы яшчэ сёлета кананізаваць Жасінту і Францішка Марто, удзельнікаў Марыйных аб’яўленняў стогадовай даўніны ў Фаціме. Партугальскія журналісты дапускаюць, што кананізацыя магла б адбыцца падчас запланаванага ў маі візіту папы Францішка ў Фаціму.

Паводле словаў кс. Борхеса, Ватыкан ужо пацвердзіў цуд, які адбыўся праз заступніцтва партугальскіх пастушкоў: гэты выпадак датычыць бразільскага дзіцяці.

Пра цуд стала вядома падчас заканчэння св. Імшы, цэлебраванай на мінулым тыдні ў рымскім касцёле св. Антонія — паведаміла газета «Noticias de Setubal». Жасінта і Францішак Марто былі беатыфікаваныя ў 2000 г. у Фаціме папам Янам Паўлам ІІ падчас яго трэцяга, апошняга візіту ў Партугалію.

У студзені гэтага года ў Каімбраўскай дыяцэзіі скончыўся дыяцэзіяльны этап працэсу беатыфікацыі трэцяй удзельніцы фацімскіх аб’яўленняў — сястры Люцыі дос Сантас. Дакументы ўжо скіравалі ў Апостальскую Сталіцу. Партугальская дыяцэзія, на тэрыторыі якой ва ўзросце 98-мі гадоў 13 лютага 2005 г. памерла візіянерка, распачала гэты працэс праз тры гады пасля яе смерці.

Сястра Анхела Каэльха, пастулатка беатыфікацыйнага працэсу партугальскай кармэліткі, заўважыла, што дыяцэзіяльны этап беатыфікацыі падоўжыцца з-за вялікай колькасці матэрыялаў пра партугальскую візіянерку. Сястра Анхела адзначыла, што жыццё сястры Люцыі было напоўнена шматлікімі здарэннямі і заслугоўвае дасканалага вывучэння: неабходна было вывучыць больш за 70 тыс. лістоў, якія атрымала і напісала сястра Люцыя.


Пераклад з польскай мовы Вольгі Качалкі.
Паводле: «Wiadomosci KAI», № 7, 2017 г.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла