Ну, мы пайшлі: Панферрада — Трабадэла

Працяг падарожжа ў Санцьяга-дэ-Кампастэла. Пілігрымы пакінулі горад Бургас, былую сталіцу Каралеўства Касцілія, і ідуць далей.


На світанні мы выпраўляемся ў шлях. Паціху пачынаецца пад’ём у горы. Сонца сагравае шматлікія вінаграднікі, раскіданыя па схілах, час ад часу на нашым шляху ўзнікаюць старажытныя вёсачкі і мястэчкі — не дзіва, бо з пачатку ўзнікнення Каміно вакол яго сталі сяліцца людзі. Шлях паказваюць нам ракавінкі, умураваныя ў сцены дамоў, і жоўтыя стрэлкі, якія самі пілігрымы малююць фарбаю там, дзе давядзецца: на камянях, дрэвах, слупах, каб ніхто не збіўся са шляху. Наперадзе вялікі пераход: 42 кіламетры, з якіх каля 26 — высока ў гарах, куды мы падымаемся з мястэчка Вільяфранка дэль Біерсо. У гарах пануюць цішыня і спакой. Мы ідзем першы день, таму сілаў больш, чым дастаткова. Гэтая старажытная дарога паўз горы цяпер амаль закінутая на карысць лягчэйшага шляху ў даліне, побач з новапабудаванаю трасаю, таму нам даводзіцца крыху паблукаць у пошуках правільнага шляху і нават самім нанова пракладаць яго, малюючы жоўтыя стрэлкі для адважных пілігрымаў, якія таксама выбралі горы. У даліну спускаемся ўжо пасля захаду сонца. Заўтра нас чакае самы складаны горны пераход, але, як кажуць, і самы прыгожы на ўсім Каміно.


Юлія Шэдзько
Працяг будзе

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла