Святой памяці

Дваццаць сёмая звычайная нядзеля, год В (07.10.2018)

Тады падышлі да Езуса фарысеі і, выпрабоўваючы Яго, спыталіся, ці дазволена мужу разводзіцца з жонкаю. Ён жа, адказваючы, сказаў ім: «Што наказаў вам Майсей?» Яны сказалі: «Майсей дазволіў напісаць разводны ліст і разводзіцца». А Езус адказаў ім: «Дзеля жорсткасці сэрца вашага ён напісаў вам гэты наказ, бо на пачатку стварэння Бог стварыў іх мужчынам і жанчынай. Таму пакіне мужчына бацьку свайго і маці і злучыцца з жонкай сваёй, і будуць двое адным целам. Так што яны ўжо не двое, але адно цела. Таму, што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае». У доме вучні зноў спыталіся ў Яго пра гэта. Ён сказаў ім: «Хто развядзецца з жонкаю сваёю і ажэніцца з іншай, той чужаложыць супраць яе. І калі жонка развядзецца з мужам сваім і выйдзе замуж за іншага, чужаложыць».

(Мк 10, 2–12)

Святой памяці

Зацвярдзеласць сэрца — хвароба, калі пачынаецца сардэчны склероз, і сэрца забываецца пра тое, што было ў чалавеку ад самага пачатку прыгожае і істотнае. Такі дыягназ Езус ставіць сваім слухачам. Яны забыліся, што для Бога еднасць мужчыны і жанчыны вынікае з цуду стварэння «паводле вобраза і падабенства» Божага. Яны забыліся, што еднасць і плоднасць, якая вынікае з яе, сталі першаю запаведдзю Бога для мужчыны і жанчыны. Яны забыліся, што пасля першароднага граху чалавецтва стала шукаць спосаб па-свойму змяніць Божую задуму аб чалавечым шчасці.

Сённяшні евангельскі фрагмент дапамагае нашай памяці ўзгадаць, чаму настолькі важная непарушная еднасць сужэнства, чаму яе так абараняе сам Езус і чаму, у рэшце рэшт, Ён не ўхваляе асвечаны традыцыяй і законам Старога Запавету развод.

Лечачы склероз, мы вяртаемся да пачаткаў. Еднасць сужэнцаў укаранёная ў еднасці Тройцы. Менавіта ў гэтай еднасці найлепш выяўляюцца «вобраз і падабенства» Бога ў Тройцы. Як піша папа Францішак у адгартацыі «Amoris laetitia», пара мужчыны і жанчыны паказвае нам вобраз Бога, які ёсць еднасцю Асобаў. Сумняваючыся ў гэтай еднасці і зневажаючы яе, мы парушаем Яго ідэнтычнасць, прысутную ў кожным з нас з хвіліны стварэння. Кожнае сужэнства неімаверна важнае для Бога.

Але вядома, што ў жыцці не ўсё так ідэальна і радасна. Не трэба далёка хадзіць, каб зразумець, якая крохкая рэч — сужэнская еднасць. Але наш грэх або грэх знаёмых сужэнцаў не павінны адабраць у нас памяці і прымусіць сказаць: «Нічога страшнага, забудземся, было і мінула». Лекамі ад такога склерозу з’яўляеца ўсведамленне таго, што еднасць сужэнцаў не парушаецца, нават калі ім не ўдаецца жыць разам.

Бог адмаўляе ў праве разводу і самому сабе. Ён як Жаніх узяў шлюб з чалавецтвам, каб ніколі не выракацца гэтай любові, нягледзячы ні на што. Яго вернасць — нашая бяспека, нават калі мы не захоўваем вернасці. Ён будзе верны нам да смерці і, што яшчэ важней, нават пасля яе.


Айцец Яцак Шымчак OP

Глядзіце яшчэ разважанні на Дваццаць сёмую звычайную нядзелю, Год В:

 

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла