Працягваецца перэгрынацыя фігуры арханёла Міхала. Залатая Горка [фотарэпартаж]

У Мінску працягваецца перэгрынацыя фігуры арханёла Міхала. 6 кастрычніка, у суботу вечарам, фігура была перанесена з архікатэдральнага касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў касцёл Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы.


Перад залатагорскім касцёлам сабраліся парафіяне і разам з пробашчам ксяндзом канонікам Юрыем Санько сустрэлі выяву нябеснага заступніка Беларусі. Цяпер фігура арханёла Міхала будзе знаходзіцца тут на працягу тыдня. Ксёндз Ігар Лашук, адказны за перэгрынацыю фігуры, звярнуўся да людзей падчас святой Імшы, нагадаўшы пра вялікае значэнне ў жыцці чалавека нябачных Божых стварэнняў:

«Святы арханёл Міхал з’яўляецца абаронцам паўсюднага Касцёла, а таксама абаронцам і апекуном нашага Касцёла ў Беларусі, нашай Радзімы, зямлі, на якой мы нарадзіліся, з якой мы будзем звязаныя да апошняга моманту нашага жыцця. Таму за гэтую краіну, якую Бог нам даў, за Беларусь, мы молімся і здзяйсняем перэгрынацыю фігуры святога арханёла Міхала. <...> Хоць мы называем арханёла Міхала анёлам супакою, аднак, гэта той, хто змагаецца з прычынаю зла, з сатаною, якому мы заўжды павінны казаць сваё рашучае “не!”».

Запрашаем вас, дарагія чытачы, падчас перэгрынацыі фігуры арханёла Міхала па беларускай зямлі да малітвы аб яго заступніцтве перад спакусамі злога духа. У выдавецтве «Pro Christo» сёлета выйшаў каляндар «Хто ж як Бог!» на 2019 год, прысвечаны святому арханёлу Міхалу, дзе таксама змешчаны розныя малітвы да арханёлаў. Няхай гэты каляндар будзе для вас падтрымкаю ў гэты час малітвы за Беларусь.

Праз тыдзень пілігрымка фігуры арханёла Міхала працягнецца ў парафію св. Яна Хрысціцеля ў Серабранцы (Мінск). Пазней на нашым сайце будзе пададзены расклад далейшага маршруту перэгрынацыі.

 


Вольга Качалка
Фота Мікалая Новікава

 

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла