Ружанец з кардыналам Казімірам Свёнткам

З нагоды 104-годдзя з дня нараджэння кардынала Казіміра Свёнтка нарачанская парафія св. Андрэя Апостала падрыхтавала разважанні да Святога Ружанца паводле сведчанняў кардынала і апублікавала іх на сваім парафіяльным сайце naracz.by. Мы прапануем вашай увазе, дарагія чытачы, гэтыя разважанні і нагадваем пра важнасць малітвы за святой памяці кард. Казіміра Свёнтка і праз яго заступніцтва ў дні ўспаміну гэтага важнага для ўсіх беларусаў чалавека і душпастыра. 


Любові да Маці Божай яшчэ ў дзяцінстве мяне навучыла мая мама. Культ Марыі — адна з галоўных рэлігійных практыкаў у маім духоўным жыцці. Наглядным знакам маёй любові да Маці Божай з’яўляецца выбраны мною дэвіз для біскупскага герба: «Маці Міласэрнасці».

Радасныя таямніцы

1. Звеставанне Найсвяцейшай Панне Марыі

Немагчыма пералічыць усіх выпадкаў умяшальніцтва ў мой лёс Вышэйшай Сілы, дзеяння Божага Провіду, якому  давяраю бязмежна і заўсёды.  Для мяне неістотна, дзе выконваць свае абавязкі і Божую волю: ці ў камеры смяротнікаў, чакаючы выраку, ці, скажам, прымаючы з рук Папы знак кардынальскай годнасці. I ў адным, і ў другім выпадку — адно і тое ж выкананне Божай волі…

Ойча наш… Вітай, Марыя (10) … Хвала Айцу… О, Марыя, без граху пачатая… О, мой Езу…

2. Адведзіны Паннай Марыяй Святой Альжбеты

Са мной быў той, да каго я заўсёды мог пайсці з бядою і радасцю, быў мой даўні дарадца і прыяцель – Слуга Божы Зыгмунт Лазінскі.  Вы не ўяўляеце, колькі разоў самым цудоўным чынам біскуп Лазінскі дапамог мне… Гэта магутны заступнік. О Слуга Божы біскупе Зыгмунце Лазінскі, ты заўсёды быў і застаешся добрым нашым прыяцелем, як і абяцаў у сваім тэстамэнце.

Ойча наш… Вітай, Марыя (10) … Хвала Айцу… О, Марыя, без граху пачатая… О, мой Езу…

3. Нараджэнне Збаўцы нашага Езуса Хрыста

Усё, што было злое, нікчэмнае, д’ябальскае, пайшло прэч, а касцёл адраджаецца, набірае моцы, аўтарытэту. Якая Божая сіла і перамога!

Ойча наш… Вітай, Марыя (10) … Хвала Айцу… О, Марыя, без граху пачатая… О, мой Езу…

4. Ахвяраванне Езуса ў святыні

У пэўнай ступені сакрэтам майго святарства з’яўляецца маё стаўленне да матэрыяльных справаў. Маё жыццё з дзяцінства, а таксама ў школьныя і юнацкія гады праходзіла ў беднасці. А часта — у крайнім убостве, бо не хапала нават хлеба. Умовы майго існавання падчас дзесяці гадоў зняволення ў савецкіх вязніцах і карных лагерах яшчэ больш сфармавалі ўва мне негатыўнае стаўленне да дабрабыту і выгодаў. Пасля вяртання з ГУЛАГу я адразу ўнёс гэты жыццёвы досвед у стыль свайго бытавання і зусім адмовіўся ад дабрабыту і выгодаў у сваім штодзённым жыцці. Для вызвалення ад усялякага матэрыяльнага цяжару я пасяліўся ў невялікім драўляным доме ў Пінску, адмовіўшыся ад пастаяннага пражывання — ужо як біскуп — у пабудаваных мною элегантных рэзідэнцыях арцыбіскупа Мітрапаліта ў Мінску і Апостальскага Адміністратара ў Пінску. Усялякія жыллёвыя патрабаванні і пераборлівасць у ежы я аднёс бы да сваіх уласных цяжкіх грахоў, памятаючы лагерныя баракі і славутую баланду.

Ойча наш… Вітай, Марыя (10) … Хвала Айцу… О, Марыя, без граху пачатая… О, мой Езу…

5. Езуса знаходзяць у Ерузалемскай святыні

Праз два тыдні я раптам захварэў: у мяне пачаўся моцны задушлівы кашаль… Доктар патлумачыў, што для мяне шкодны палескі клімат: «Калі хочаш быць здаровы, ужо сёння павінен выехаць з Пінска. Бяры білет і вяртайся ў Баранавічы», — і выпісаў даведку. У семінарыі мне сказалі: «Нам хворыя не патрэбны…» Я вымушаны быў забраць дакументы і вярнуцца дадому. Праз пару тыдняў хатняга лячэння вярнуўся ў Пінск з тою лекарскаю даведкаю і пайшоў проста да труны біскупа Лазінскага. Укленчыў і кажу: «Ксенжа біскупе, гэта ж ты мяне скіраваў у семінарыю… І што мне цяпер рабіць?» Памаліўся каля труны «Ойча наш…», зноў пайшоў да доктара і кажу яму: «Напэўна, вы мяне памятаеце? Я два тыдні таму быў у Вас». А той здзіўлена:  «Чаго ж ты прыехаў?» — «Пане доктар, я маю да Вас адну просьбу: абследуйце мяне яшчэ раз». — «Ну, добра…» І вось, абследаваўшы мяне, ён пытаецца: «Гэта ты Свёнтэк Казімір?.. Можа, ты кагосьці іншага падставіў?..» — «Не, гэта я». — «Але таго, што напісана ў тваёй даведцы, сёння абсалютна няма! Лёгкія чыстыя!» Я на крылах паляцеў у семінарыю да рэктара. Стукаю ў дзверы, ён выходзіць: «Чым магу дапамагчы?» Я расказаў яму пра тое, што зноў быў у доктара, і паказаў новую даведку. Моцна здзівіўшыся, ён кажа: «А колькі ты заплаціў таму доктару?» Уяўляеце? Біскуп Лазінскі вымучыў мяне да апошняга пазногця! «Не, нічога я не плаціў, — кажу, — у мяне ёсць толькі адзін аргумент…» І распавёў яму пра тое, што перад візітам да доктара я хадзіў да труны біскупа Лазінскага. «Слухай… — кажа мне рэктар. — Ідзі ў свой пакой і працягвай падрыхтоўку да святарства…» Ён вельмі шанаваў біскупа Лазінскага.

Ойча наш… Вітай, Марыя (10) … Хвала Айцу… О, Марыя, без граху пачатая… О, мой Езу…


Балесныя таямніцы

1. Малiтва Езуса ў Аліўным садзе

Лежачы на бетоннай падлозе, напаўпрытомны, я не пераставаў маліцца.  Я звяртаўся ў думках да Маці Божай і да Яе Сына і верыў, што Яны не пакінуць мяне, не дадуць прапасці…

Ойча наш… Вітай, Марыя (10) … Хвала Айцу… О, Марыя, без граху пачатая… О, мой Езу…

2. Бiчаванне Езуса

Я ўвесь час маліўся за дрэнных людзей: бо іх вочы  былі заплюшчаны на праўду і жыццё. Ну, можа, вочы і сэрца.  А прабачаць-то  няма чаго!!! Ім растлумачылі, што я – вораг народа, і яны ад чыстага сэрца мяне білі  ботам у твар і катавалі.

Ойча наш… Вітай, Марыя (10) … Хвала Айцу… О, Марыя, без граху пачатая… О, мой Езу…

3. Укаранаванне цернем

Мяне ўтрымала і пры жыцці, і пры Богу мая моцная, непахісная вера. Часам здараліся сітуацыі (з людскога пункту погляду) сапраўды безнадзейныя. Хоць бы і тыя два месяцы, праведзеныя ў камеры смерці Брэсцкай турмы. Адтуль кожную ноч а 12-ай гадзіне людзей выводзілі на расстрэл. Я чакаў, калі адчыняцца дзверы ў маю камеру… Але ў душы быў перакананы, што выжыву. Зразумела, калі на тое будзе Божая воля. І нават на допытах, з прыстаўленым да скроні пісталетам, я не губляў надзеі… Не губляў надзеі таксама і ў перасыльным лагеры ў Оршы, дзе сярод вязняў панавала крывавая дызентэрыя… Лежачы на бетоннай падлозе, напаўпрытомны, я не пераставаў маліцца. Звяртаўся ў думках да Маці Божай і да Яе Сына і верыў, што Яны не пакінуць мяне, не дадуць прапасці…

Ойча наш… Вітай, Марыя (10) … Хвала Айцу… О, Марыя, без граху пачатая… О, мой Езу…

4. Крыжовы шлях

Пасля таго як я двойчы пабываў у савецкіх лагерах, у тым ліку два месяцы правёў у камеры смяротнікаў, мяне кінулі ў лагеры спецыяльнага рэжыму прымусовай працы спачатку ў сібірскую тайгу, а потым у паўночную тундру. Знаходзячыся ў ізаляцыі, я не сустрэў ніводнага каталіцкага святара і быў пазбаўлены магчымасці спавядацца. Толькі ў апошнія гады знаходжання ў лагеры я раздабыў аплаткі і разынкі і ўжо мог ва ўкрыцці цэлебраваць Святую Імшу. У якасці келіха мне служыў маленькі фаянсавы кубачак, а кансэкраваныя дары я разносіў католікам у пустым карабку з-пад запалак.

Ойча наш… Вітай, Марыя (10) … Хвала Айцу… О, Марыя, без граху пачатая… О, мой Езу…

5. Укрыжаванне і смерць Езуса

Гляджу на гэты абраз і думаю пра тое, што Ён цярпеў боль, не параўнальны з маім, і таму мне наракаць не выпадае! Наша хрысціянская вера дапамагае зразумець сэнс цярпення і такім чынам прыняць яго…

Ойча наш… Вітай, Марыя (10) … Хвала Айцу… О, Марыя, без граху пачатая… О, мой Езу…

 

Таямніцы Святла

1. Хрост Пана Езуса ў рацэ Іардан

Я да сённяшняга дня да драбніцаў памятаю здарэнне, якое адбылося са мною, калі мне было шэсць гадоў. Гэта было яшчэ ў Дукштах. Аднойчы мама прывяла мяне ў касцёл. Пасля ўрачыстай Імшы была адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнта і суплікацыя «Святы Божа…». Я стаяў на каленях… Да сённяшняга дня не магу зразумець, што са мною тады здарылася: я глядзеў на ксяндза, з ксяндза перавёў позірк на манстранцыю, з манстранцыі — на… постаць. Я не хачу сказаць, што меў нейкае аб’яўленне. Занадта рэальнае маё жыццё. Але там я адчуў першы позірк Бога…

Ойча наш… Вітай, Марыя (10) … Хвала Айцу… О, Марыя, без граху пачатая… О, мой Езу…

2. Езус аб’яўляе сябе на вяселлі ў Кане

Чым часцей мы будзем казаць Пану Богу «дзякуй», тым радзей давядзецца казаць «просім» .  У мяне яно сапраўды так складваецца ў жыцці, што ў маіх малітвах, размовах з Панам Богам найбольш бывае актаў перапрашэння і падзякі, а просьбаў амаль няма, бо, калі падумаць, то ці будзе тая просьба згодная з воляю Божаю і ці не давядзецца праз нейкі час з жалем сказаць сабе: неразумны, прасіў, а Бог цябе выслухаў. Уласна кажучы, усе нашыя просьбы – гэта такі своеасаблівы недавер да Пана Бога: як бы мы лепш за Яго ведаем, што нам патрэбна .  Калі ўжо і звяртацца з просьбаю да Пана Бога , то абавязкова з агаворкаю: «Калі Ты, Пане Божа, лічыш гэта сапраўды неабходным для мяне…»

Ойча наш… Вітай, Марыя (10) … Хвала Айцу… О, Марыя, без граху пачатая… О, мой Езу…

3. Абвяшчэнне Божага Валадарства і заклік да навяртання

Славутыя бабулі захавалі веру ў Бога ў перыяд пераследу, калі не было касцёлаў і святароў. Менавіта ім трэба дзякаваць, што вера не знікла бясследна з гэтых моцна прыгнечаных тэрыторый, што іх унукі і праўнукі былі навучаныя хаця б малітвам «Ойча наш» і «Вітай, Марыя». Рэлігійныя спевы на польскай мове, часта кірыліцай, – каштоўныя сведчанні вернасці Богу і Касцёлу. Колькі выцерпелі бабулі, ахвяравалі і перажылі нягодаў, будучы залічанымі да «ізгояў» грамадства. І, нягледзячы на тое, што яны не пралілі крыві за веру, за Касцёл, усё ж іх жыццё мела мучаніцкі характар. Бабулі , якія захавалі веру,  сапраўдныя героі, толькі ім ніхто не паставіць помнікаў, іх прозвішчы адыдуць у нябыт. Хвала і пашана вам, дарагія, любыя, залатыя бабулі! Я ахвярую высокае прызнанне Сведка веры бабулям маёй краіны, якія змаглі захаваць веру ў гады пераследу, перадаючы яе сваім унукам і праўнукам, тым самым не даўшы замерці Касцёлу.

Ойча наш… Вітай, Марыя (10) … Хвала Айцу… О, Марыя, без граху пачатая… О, мой Езу…

4. Перамяненне Пана на гары Табор

Ведаеце, калі аднойчы Бог кагосьці зачапіў, то ўжо не адпусціць… Каля труны біскупа Лазінскага я выказаў просьбу заўсёды быць верным слугою Бога… І ён выслухаў мяне даслоўна… Калі я выходзіў з падзямелля пінскай катэдры ў тым далёкім 1933-м, то ўжо ведаў, што стану святаром. Дагэтуль я збіраўся паступаць на філалагічны факультэт у Віленскі універсітэт, але ўва мне раптам адбыўся нейкі пералом. Я сказаў сваім сябрам: «Я ў Вільню не паеду…» Але паколькі я тады быў вялікім жартаўніком, то сябры ўспрынялі гэта як чарговы жарт: «А куды ж, дазволь спытаць?..» «Я еду ў Пінскую семінарыю», — адказаў я. Для іх гэта быў апошні і найлепшы анекдот, мне пляскалі ў ладкі… А я вярнуўся дадому і ў той жа дзень напісаў заяву ў семінарыю і быў прыняты «ў выглядзе выключэння», бо тэрмін прыёму ўжо скончыўся.

Ойча наш… Вітай, Марыя (10) … Хвала Айцу… О, Марыя, без граху пачатая… О, мой Езу…

5. Устанаўленне Эўхарыстыі

На адной з сустрэчаў са святарамі Ян Павел ІІ сказаў такія словы: «Галоўная місія святарства заключаецца ў Эўхарыстыі. Ваша і мая самасвядомасць раз і назаўсёды вызначана ў цэлебрацыі Эўхарыстыі». Калі я задумаўся над гэтымі словамі і над тым, што для мяне стаіць на першым плане ў святарстве і што адыгрывае ў ім галоўную ролю, то прыйшоў да высновы, што гэта, відавочна, Эўхарыстыя, Святая Імша — Святая Камунія і святая эўхарыстычная адарацыя… Прашу мне паверыць: я знешне ўтаймоўваю сябе, каб гэтага не было відаць, але на працягу сямідзесяці гадоў, калі я цэлебрую Святую Імшу і пры вымаўленні словаў кансэкрацыі бяру ў рукі Гостыю і келіх, кожны раз у мяне дрыжыць голас, дрыжаць рукі… Бог Айцец дае нам прабачэнне, і чалавецтва збаўляецца. Бяда была б свету, калі б не было Святой Імшы! Падчас Святой Імшы мне як святару першаму дадзена карыстацца ахвярнымі дарамі, пераўтворанымі ў Цела і Кроў Езуса Хрыста. Які прывілей! А як жа міла адараваць «Вязня Любові» (гэта маё любімае азначэнне), прысутнага ў Касцёле ў табэрнакулюме! Падчас адарацыі я не размаўляю, у мяне проста няма словаў… Я кленчу, гляджу на табэрнакулюм — і са мною на свой Боскі лад размаўляе Езус Хрыстус. Гэта падобна да таго, што было са мною ў шасцігадовым узросце, у тым згаданым эпізодзе. Толькі яно паўтараецца, паўтараецца і паўтараецца… Я перакананы, што, калі настане канец майго жыцця, гэта будзе апошні акт падобнай сустрэчы з Богам.

Ойча наш… Вітай, Марыя (10) … Хвала Айцу… О, Марыя, без граху пачатая… О, мой Езу…


Хвалебныя таямніцы

1. Змёртвыхпаўстанне Хрыста

Я ўвесь час быў перакананы, што гэта камуністычна-атэістычная сістэма і ўвесь агромністы Савецкі Саюз, гэты калос, стаіць на гліняных нагах і рана ці позна ногі гэтыя пахіснуцца і ўсё разваліцца, распадзецца ў друзкі…  Нават у той час, калі сядзеў у камеры смерці, я ведаў, што кожны пражыты дзень набліжае мяне да волі.  Я  адчуваў, што крах гэтай савецкай сістэмы, збудаванай на бязбожніцтве і насіллі, немінучы… З кожным годам усё больш пераконваўся, што гэта бязбожная сістэма асуджана на знікненне, бо з тых маральных і духовых тупікоў, у якія яна заходзіла, не было іншага выйсця. Выйсце заўсёды было, ёсць і будзе ў захаванні праўдаў хрысціянскай веры, у жыцці, згодным з Божымі запаведзямі.

Ойча наш… Вітай, Марыя (10) … Хвала Айцу… О, Марыя, без граху пачатая… О, мой Езу…

2. Унебаўшэсце Езуса Хрыста

Мінскую катэдру, вернутую, адбудаваную і рэкансэкраваную ў восемдзясят трэцюю гадавіну майго нараджэння складаю ў дар люду Божаму і сталіцы Беларусі – Мінску.

Ойча наш… Вітай, Марыя (10) … Хвала Айцу… О, Марыя, без граху пачатая… О, мой Езу…

3. Спасланне Святога Духа

Вось некалькі прыкладаў інтэрвенцыі Божага Провіду ў найбольш крытычныя дні майго жыцця: проста цудоўнае ўхіленне ад смерці, калі дызентэрыя цалкам знішчыла мой арганізм у вязніцы ў Оршы. Я тады ўжо паміраў… Затым, калі напад гітлераўскіх войскаў на Савецкі Саюз выратаваў мяне ад расстрэлу па прысудзе НКУС у Брэсце, а ўваход савецкіх войскаў у 1944 годзе ў Пружаны апярэдзіў мой расстрэл па загадзе гестапа: пад ранак мяне збіраліся вывесці ў лес і расстраляць… А пасля перад самым вызваленнем з ГУЛАГу маёр кадэбіст спытаўся: «Як Вам удалося ўсё гэта перажыць і застацца жывым?» Мне ж было выразна даведзена ў час следства: «На цябе шкада кулі, а прысуд так ці інакш будзе выкананы, калі цябе кінуць у лагер, адкуль ты жывы не выйдзеш». Дык вось, на пытанне маёра я адказаў коратка: «Моцная, непахісная вера выратавала мне жыццё». І тады кадэбіст надоўга задумаўся: што са мною рабіць?.. Яму была дадзена інструкцыя не выпусціць мяне з лагеру жывым. Чым растлумачыць тое, што ён змяніў сваё рашэнне, парушыў гэтую інструкцыю? Пасля доўгага роздуму маёр усміхнуўся (гэта была першая ўсмешка кадэбіста за ўсе дзесяць гадоў майго зняволення) і сказаў, падпісваючы паперы: «Вы — свабодны». Ён жа мог паступіць зусім інакш…

І так было ўсё маё доўгае жыццё, прысвечанае Богу і Касцёлу. Гэта  менавіта шчаслівая прыгода, бо я ведаю, Каму паверыў і Каму даверыўся. Прыгоду гэтую я апісаў бы словамі з песні «Barka» («Пакліканне»): «О Езус, клічаш Ты за сабою, сёння імя маё ціха прамовіў». Вось мой «сакрэт шчасця».

Ойча наш… Вітай, Марыя (10) … Хвала Айцу… О, Марыя, без граху пачатая… О, мой Езу…

4. Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыi

Пабожны святар Алье напісаў: «Бог учыніў для Касцёла два цуды: Найсвяцейшую Панну Марыю і святара. Яму гэта ўдалося!»   Маці Божая Будслаўская! Наша Пані і Каралева! Мы, Твае падданыя, пакорна схіляючы перад Табою галовы, абяцаем Табе, што заўсёды і ўсюды будзем вернымі Богу, Сыну Твайму, нашаму Збавіцелю, вернымі Табе і Касцёлу!

Ойча наш… Вітай, Марыя (10) … Хвала Айцу… О, Марыя, без граху пачатая… О, мой Езу…

5. Укаранаванне Найсвяцейшай Панны Марыi

Як член Марыяцкай садаліцыі я павінен быў адзін раз на месяц прыступаць да споведзі і прымаць Святую Камунію. І на працягу ўсяго жыцця штодзённа тры разы маліцца «Вітай, Марыя…» За няпоўныя 75 гадоў маёй прыналежнасці да Садаліцыі я хіба толькі несвядома прапусціў калі-небудзь гэтыя малітвы.

Ойча наш… Вітай, Марыя (10) … Хвала Айцу… О, Марыя, без граху пачатая… О, мой Езу… 


Паводле сайту парафіі св. Андрэя Апостала
ў Нарачы naracz.by

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла