Кармэліцкая парафія Божага Цела ў Мінску сустрэла фігуру арханёла Міхала

У Мінску працягваецца перэгрынацыя фігуры святога арханёла Міхала, копіі фігуры з Гаргана, якая  ў гэтую суботу пакінула парафію св. Яна Хрысціцеля ў Серабранцы і прыбыла ў парафію Божага Цела, што ў мікрараёне  Ангарская, дзе служаць айцы кармэліты.


На развітанне з арханёлам Міхалам у Серабранцы цэлебравалася святая Імша ў інтэнцыі парафіянаў і за ўсю Беларусь, таму што перэгрынацыя фігуры арханёла ў першую чаргу прысвечана малітве за нашую краіну. Ксёндз Ігар Лашук, адказны за перэгрынацыю, адзначыў цікавы факт: пасля таго, як распачалася пілігрымка фігуры арханёла Міхала па парафіях Мінска, папа Францішак папрасіў маліцца за ўвесь Каталіцкі Касцёл у кастрычніку менавіта праз заступніцтва гэтага святога арханёла.

На вуліцы ўжо было цёмна, калі аўтамабіль з фігураю арханёла Міхала прыехаў да капліцы. Бачна, што людзі асэнсоўваюць важнасць перэгрынацыі фігуры арханёла ў іх парафію, бо было сапраўды людна.

«Перэгрынацыя фігуры арханёла Міхала — вельмі важная падзея і для парафіі, і для мяне асабіста, — падзяліўся сваімі думкамі айцец Сяргей Трысцень OCD, настаяцель кляштара кармэлітаў босых у Мінску. — Нездарма так атрымалася, што перэгрынацыя адбываецца ў нашай парафіі менавіта ў кастрычніку, калі папа Францішак заклікаў даручыць у малітве ўвесь Касцёл святому арханёлу Міхалу. І трэба падтрымаць гэты заклік, бо цяпер Касцёл вырашае няпростыя праблемы, перажывае складаныя выпрабаванні».

Падчас святой Імшы парафіяльная супольнасць даручала асаблівай апецы і абароне святога арханёла Міхала сваю парафіянку, кандыдатку на ўступленне ў Трэці ордэн свецкіх кармэлітаў босых, якая складала першыя манаскія абяцанні.

Нагадваем, што фігура арханёла Міхала застанецца ў мінскай парафіі Божага Цела (вул. Герасіменкі, 6/1) на тыдзень, а ў наступную суботу, 27 кастрычніка, у 15:00 парафіяне развітаюцца з фігураю і яна будзе перавезена ў мікрараён Чыжоўка ў парафію Святога Духа, дзе ўрачыстае прывітанне фігуры пачнецца ў 16:45.

Сачыце за фотахронікай перэгрынацыі на нашым сайце, а таксама ў часопісе «Ave Maria».


Вольга Качалка
Фота Мікалая Новікава

 

 

 

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла