Ну, мы пайшлі: Оспіталь-дэ-ла-Крус — Мэлідэ

Пілігрымы пакінулі Оспіталь-дэ-ла-Крус і крочаць у Малідэ. Шлях святога Якуба працягваецца!


Мы спускаемся ўсё ніжэй у даліну. Тым лягчэй, бо дарога ў асноўным ідзе ўніз, а нам ужо досыць пад’ёмаў. Лес пераходзіць у поле, за ім — вёсачка і зноў лес. Мы ўжо звыкліся з нязменным перазвонам каровіных званочкаў, бадай, у кожнай рудой прыгажуні на шыі ёсць гэтая аздоба. А яшчэ з многіх двароў парохкваюць вялізныя чорныя свінні — кажуць, што іх кормяць аднымі толькі жалудамі. Дарэчы, правінцыя Луга, праз якую мы праходзім і якая была заснаваная яшчэ кельтамі да нараджэння Хрыста, у дарымскія часы, слаўная сваімі сырамі і хамонам. Гэта добрае падмацаванне для стомленых пілігрымаў! Мы прыходзім на начлег у Мэлідэ — тут адзін з самых вялікіх альберге на ўсім Каміно, ажно 156 месцаў. Цікава пагутарыць з тымі, хто тут спыніўся. Між тым, яшчэ літаральна два дні — і мы ў Санцьяга. Мы крыху спяшаемся, бо абавязкова хочам трапіць туды ў суботу, а чаму — распавядзем вам пазней.

 


 Юлія Шэдзько
Працяг будзе

 

 

 

 

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла