Гісторыя вялікага шляху святога Якуба

Гісторыя Каміно дэ Санцьяга — Шляху святога Якуба (шляхоў!) — цесна пераплялася з легендамі і гісторыяй Іспаніі і яе земляў, і стала іх жывым адлюстраваннем, і вельмі паўплывала на жыццё народаў, што жывуць тут. Не магу назваць мясцовых жыхароў іспанцамі, бо самі яны называюць і лічаць сябе каталанцамі, баскамі, галісійцамі, арагонцамі, касцільцамі… І на Каміно гэта таксама адчуваецца вельмі моцна, напрыклад, па шыльдах, якія сустракаюцца на шляху. Чым бліжэй да Санцьяга, тым больш з’яўляецца надпісаў на галісійскай мове, якую я, з вышэйшай адукацыяй іспаніста, не ў стане нават прачытаць, настолькі моцна яна адрозніваецца ад іспанскай (або касцільскай, як яе назваюць мясцовыя).


Як жа ўсё пачыналася? На працягу амаль 800 гадоў, з 711 года, землі Іберыйскага паўвострава былі ахопленыя няспыннаю барацьбою — Рэканкістаю — мясцовага хрысціянскага насельніцтва з маўрамі, пад чыёй уладай знаходзілася амаль уся тэрыторыя паўвострава. Маўрытанскае войска было моцным, Рэканкіста ішла марудна, асабліва спачатку, хрысціяне цярпелі паразу за паразаю… І тут пачынаюцца цуды, а гісторыя пераплятаецца з легендаю. Аднойчы Карл Вялікі, заваёўнік і імператар франкаў, меў уначы дзіўны відзеж. Вось як піша пра гэта «Кодэкс Калікста», вядомы пяцітомны манускрыпт XII ст., прысвечаны Шляху святога Якуба:

«І ўбачыў ён у небе зорную дарогу,
якая распачыналася ад мора Фрызіі і,
распасціраючыся паўз Германію і Італію, Галію і Аквітанію,
ішла дакладна ў Гасконію, Басконію, Навару і Іспанію
ажно да Галісіі, дзе тады прабывала ўкрытае,
у невядомасці, цела святога Якуба».

Імператар доўга разважаў, што мог бы азначаць гэты сон, і аднойчы ў сне яму з’явіўся сам святы Якуб і сказаў, што зорная дарога на небе вядзе да ягонай магілы, і папрасіў Карла вызваліць гэты шлях ад захопнікаў-маўраў, каб прыйсці да Апостала маглі «усе народы, ад мора да мора». Імператар паслухаўся наказу і скіраваўся з войскам праз Пірэнэі. Ён здолеў адваяваць поўнач Іберыі: Касцілію, Леон, Навару, Рыёху і Галісію. Паданні кажуць, што ў ягоным войску змагаўся і сам святы Якуб, з’яўляючыся ў вобразе рыцара са ззяючым мячом. Так мы і дагэтуль можам убачыць Апостала ў галісійскіх касцёлах, яго называюць Санцьяга Матаморас — Згуба маўраў.

Прыблізна ў гэтыя ж часы, у 813 г., манах Пелайё, які жыў у густых галісійскіх лясах у мясцовасці Солавіа недалёка ад ракі Улья, ведучы адасобленае пустэльніцкае жыццё, стаў назіраць дзіўную з’яву. Некалькі начэй запар лясны ўзгорак нібы абсыпала зорным дажджом, так што ўсё навокал ззяла звышнатуральным святлом. Пелайё распавёў пра гэта свайму біскупу Тэадаміру, які таксама ўбачыў зорны дождж. Разам з паплечнікамі яны выправіліся да ўзгорка, дзе ў каменнай магіле знайшлі нятленнае цела апостала Якуба разам з ягонымі вучнямі Тэадорам і Атаназіем. Уражаныя цудам, яны паведамілі пра магілу Апостала каралю Астурыі Альфонса ІІ, і той сам наведаў магілу і загадаў паставіць у тым месцы капліцу. Па загадзе яго наступніка, Альфонса ІІІ, быў пабудаваны першы касцёл на Зорным полі, Campus Stellae, там, дзе цяпер узносіцца горад Санцьяга дэ Кампастэла.

Як жа трапіла ў Іспанію цела апостала Якуба, сына Зэбэдэя? Новазапаветныя апокрыфы распавядаюць, што пасля Пяцідзясятніцы Якуб выправіўся ў падарожжа праз Міжземнае мора і прынёс Евангелле на іспанскія землі, а пасля вярнуўся ў Ерузалем, каб паспець адведаць Маці Божую да канца Яе зямнога жыцця. Там, прыблізна паміж 41 і 44 гг., ён быў забіты юдэйскім каралём Ірадам Агрыпам, які забараніў хаваць Апостала ў горадзе. Легенда гаворыць, што двое ягоных вучняў таемна паклалі цела Якуба ў каменную труну і на караблі выправіліся ў Іспанію, каб там пахаваць яго.

У 1095 г. папа Урбан ІІ пацвердзіў, што ў Кампастэле знаходзіцца магіла Апостала, і заахвоціў вернікаў пілігрымаваць туды. Амаль адразу шлях набыў такую самую папулярнасць у пілігрымаў, як падарожжы ў Рым і Ерузалем. Для хрысціянаў іспанскіх земляў, дый для хрысціянаў Еўропы таксама, гэтае месца стала знакам надзеі перад пагрозаю з боку арабскага халіфата Кордавы, які хутка набіраў моц. Дарэчы, дзіўна, але калі вядомы сваёю жорсткасцю военачальнік Аль-Мансур захапіў і зруйнаваў Санцьяга, разрабаваўшы прыгожую базыліку, пабудаваную па загадзе Альфонса ІІІ, ён не адважыўся крануць магілу Апостала. Ці ж не цуд? Вядома, што ў XI стагоддзі ўжо існавалі Першапачатковы (Primitivo) і Французскі, або Каралеўскі, шляхі. А калі ў 1120 г. папа Калікст ІІ спецыяльнаю булаю абвясціў Юбілейныя гады (тады, калі дзень успаміну Апостала Якуба, 25 ліпеня, прыпадае на нядзелю), калі кожны пілігрым мог атрымаць поўны адпуст, падарожнікі ракою пацяклі па дарогах да Кампастэлы.

Сярод іх былі і святыя, і каралі, і нават злачынцы
(быў час, калі ім прапаноўвалі альтэрнатыву: турма або пілігрымка),
шлях раўняў усіх, як раўняе і цяпер.

Абапал дарогаў будаваліся кляштары, узнікалі гасцініцы і заезныя двары, ды і самі дарогі станавіліся лепшымі. Вядома, указальнікаў з жоўтымі стрэлкамі ніхто тады не ставіў, найчасцей пілігрымы арыентаваліся па зорках — Млечны Шлях паказваў дарогу акурат на Санцьяга і далей — да мыса Фіністэры, Краю Зямлі, дзе, як верылі людзі ў дакалумбаўскую эпоху, скончваецца гэты свет. 

А яшчэ быў створаны «Кодэкс Калікста» (Codex Calixtinus), названы так, бо доўгі час лічылася, што яго аўтарам быў папа Калікст ІІ. Гэта вялізны пяцітомны твор, першая частка якога ўключала літургію і спевы, у тым ліку першыя прыклады паліфанічнай музыкі; другая была прысвечаная цудам святога Якуба; трэцяя — перанясенню цела Апостала ў Іспанію (у ёй, дарэчы, упершыню ўзгадваюцца ракавінкі марскога грабеньчыка, віейры, якія сталі нязменным сімвалам пілігрымаў да Санцьяга); чацвёртая частка распавядае гісторыю Карла Вялікага і рыцара Раланда; а пятая, самая практычная — гэта першы ў свеце сапраўдны турыстычны гід з падрабязным апісаннем мясцовасці, начлегаў, цікавостак, якія варта ўбачыць на шляху, а таксама з парадамі для пілігрымаў аб тым, як варта апрануцца, што можна есці, а чаго варта пазбягаць. Гэта каштоўны дакумент, які адкрывае нам свет і паўсядзённае жыццё чалавека, які жыў у ХІІ стагоддзі.

Ажно да XIV ст. працягваўся росквіт Каміно дэ Санцьяга, узнікалі новыя і новыя шляхі ў горад Апостала з розных частак Еўропы, нават самых аддаленых. А пасля кантынент накрыла чума, чорная смерць, якая знішчыла як мінімум траціну насельніцтва. Людзі перасталі падарожнічаць, шляхі паволі прыходзілі ў заняпад.

Са з’яўленнем пратэстантызму пілігрымаў стала яшчэ менш,
бо пратэстанты выступалі супраць ушанавання рэліквій святых.
Лютар у сваіх пасланнях адгаворваў ад падарожжаў у Санцьяга,
гаворачы, што «невядома, хто там пахаваны,
Якуб ці мёртвы сабака або конь».

Калі ж Іспанія пачала доўгія войны з Англіяй, змагаючыся за панаванне ў водах Атлантыкі, і не толькі, Фрэнсіс Дрэйк пагражаў знішчыць Санцьяга дэ Кампастэла і захапіць парэшткі Апостала, таму было вырашана схаваць іх. І схавалі так добра, што знайшлі аж у 1879 годзе.

Крывавыя войны ХХ ст. таксама не спрыялі адраджэнню Шляху святога Якуба. І невядома, ці адрадзіліся б пілігрымкі да магілы Апостала, калі б не дон Эліас Валінья Сампэдра, галісійскі святар, які ўсё жыццё прысвяціў аднаўленню Каміно, адшуканню гістарычных сведчанняў і рэстаўрацыі самога Шляху. Дзякуючы яму сталі ўзнікаць арганізацыі «Сяброў Каміно», якія заняліся аднаўленнем маршрутаў і інфраструктуры Каміно. Ён аднаўляў гістарычныя будынкі і кавалкі Шляху ў наваколлі О’Сэбрэйра, дзе працаваў амаль усё жыццё. Яшчэ ў 60-х дон Эліас адкрыў там першы сучасны альберге для пілігрымаў. Менавіта ён разам з паплечнікамі ў 1984 г. адзначыў жоўтымі стрэлкамі маршрут Французскага шляху, адначасова папраўляючы занядбаныя і небяспечныя кавалкі дарогі, вымераў кіламетраж. Кажуць, што аднойчы яго забралі за гэта ў паліцыю, бо стрэлкі нагадалі патрульным знакі забароненай баскскай арганізацыі барацьбы за незалежнасць. На пытанне, што гэта за стрэлкі ён паўсюль малюе, дон Эліас нібыта адказаў: «Рыхтую вялікае нашэсце», маючы на ўвазе армію пілігрымаў, якія, як ён верыў, хутка скіруюцца ў горад святога Якуба.

Так і адбылося. Цяпер сотні тысяч пілігрымаў кожны год скіроўваюцца ў Санцьяга дэ Кампастэла. Цяжка пералічыць, колькі кнігаў, фільмаў, дзённікаў, блогаў прысвечана гэтай дарозе. Гісторыя вялікага шляху працягваецца...


Юлія Шэдзько

 

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла