Фігура арханёла Міхала наведала парафію Святога Духа ў Чыжоўцы

Працягваецца перэгрынацыя фігуры святога арханёла Міхала па парафіях Мінска. З 20 па 27 кастрычніка праз заступніцтва арханёла маліліся вернікі парафіі Божага Цела, што ў мікрараёне Ангарская.


27 кастрычніка на развітанне з фігураю ў кармэліцкай парафіі  цэлебравалася святая Імша, падчас якой вернікі пачулі і пра значэнне імя «Міхал», што абазначае «Хто ж як Бог!», і пра тое, як з’явілася гэтая копія фігуры з Гаргана ў Беларусі. Ініцыятар перэгрынацыі ксёндз Ігар Лашук заахвоціў прысутных і далей маліцца праз заступніцтва арханёла Міхала, абаронцу ад нападкаў злога духа.

Чарговай парафіяй, якая прыняла фігуру святога аханёла Міхала, стала парафія Духа Святога ў мікрараёне Чыжоўка. Вернікі разам з пробашчам ксяндзом Янам Крэмісам сардэчна сустрэлі фігуру. Парафіяне маліліся ў сяброўскай і зычлівай атмасферы, узносячы свае просьбы і падзякі да святога арханёла Міхала, апекуна Мінска-Магілёўскай мітраполіі.

Дарагія чытачы, добрай дапамогай у вашым духоўным жыцці можа стаць малітоўнік «Хто ж як Бог!», прысвечаны арханёлу Міхалу і іншым арханёлам і анёлам, а таксама дадатак з нотамі да яго. Сачыце за навінамі перэгрынацыі фігуры арханёла Міхала на нашым сайце і ў часопісе «Ave Maria»!

Наступнай парафіяй, якую наведае фігура св. Міхала, будзе парафія адна з гістарычных мінскіх парафій – Узвышэння Святога Крыжа на Кальварыі.


Вольга Качалка
Фота Мікалая Новікава

 

 

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла