Ну, мы пайшлі: Сан-Паё — Санцьяга-дэ-Кампастэла — Фістэрра

Нашыя пілігрымы завяршаюць свой шлях і прадстаўляюць нашай увазе апошні влог з серыі відэа #НуМыПайшлі


Сустрэўшы світанне на гары Радасці (Monte de Gozo) і ўбачыўшы з вяршыні, як на сонцы ружавеюць унізе шпілі сабора, мы ўвайшлі ў горад святога Якуба. Сёння на святой Імшы для пілігрымаў асабліва шмат людзей: падчас Імшы запускаюць ботафумэйра — вялізнае 80-кілаграмовае кадзіла, цяпер гэта даволі рэдкае відовішча, і яно вартае таго, каб паглядзець. Вялізнае срэбнае ботафумэйра ўзлятае пад самыя скляпенні, на 21 метр у вышыню, і па саборы разыходзяцца клубы духмянага белага дыму. Пакланіўшыся парэшткам апостала Якуба, мы ідзем атрымліваць свае кампастэлы і шпацыраваць, нанова адкрываючы для сябе, што такое светлафоры і грамадскі транспарт. Нашая пілігрымка амаль завяршылася, засталося апошняе — даехаць да Краю зямлі, Finis Terrae (цяпер там рыбацкая вёсачка Фістэрра), месца, якое доўга лічылася самым заходнім ускрайкам кантынента і з’яўляецца апошняй кропкай пілігрымкі да Санцьяга, «нулявым кіламетрам». Высокія вострыя скалы мыса Фістэрра абрываюцца ў акіян, а маяк на самай вяршыні запальвае ўвечары свае агні, паказваючы бяспечны шлях караблям. Ну, мы прыйшлі.

P.S. Калі ў вас узнікнуць пытанні па арганізацыі ўласнай пілігрымкі да Санцьяга, не саромцеся задаваць іх у каментарах ці ў прыватных паведамленнях аўтарам. А мы падрыхтуем для вас парады, якія дапамогуць пазбегнуць складанасцяў і памылак.


Юлія Шэдзько

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла