У актаве малітвы за памерлых фігура арханёла Міхала наведала касцёл на Кальварыі ў Мінску

На пачатку лістапада мы звяртаемся да Бога з просьбаю аб вечным жыцці для ўсіх памерлых. Вельмі добра, калі ў гэты асаблівы час мы запрашаем святых анёлаў і арханёлаў маліцца разам з намі за душы чыстцовыя. Сёлета падчас перэгрынацыі фігуры арханёла Міхала ў Мінску за памерлых маліліся парафіяне касцёла Святога Духа ў Чыжоўцы.


Усюды, дзе адбываецца перэгрынацыя, бачныя шчодрыя плады малітваў. Так, у Чыжоўцы вернікі разам з пробашчам вырашылі заснаваць парафіяльную суполку Апостальства дапамогі душам чыстцовым. Гэта міжнародны малітоўны рух, які яднае мноства вернікаў. У Беларусі іх колькасць дасягае 6 тысяч. Удзельнікі руху моляцца за душы, церпячыя ў чыстцы, ахвяруюць за іх свае зямныя цяжкасці, якія дзякуючы гэтаму набываюць зусім іншы, глыбінны, сэнс і вялікую ачышчальную моц. Апостальства дапамогі душам чыстцовым, яднаючы людзей у супольнасць, абяцае малітву і за ўсіх памерлых удзельнікаў руху.

3 лістапада, у суботу, фігуру арханёла Міхала перавезлі з парафіі ў Чыжоўцы ў касцёл Узвышэння Святога Крыжа на Кальварыі, пры якім знаходзяцца Кальварыйскія могілкі. На працягу тыдня парафіяне будуць маліцца праз заступніцтва святога арханёла, на працягу тыдня яшчэ ў адной беларускай парафіі будзе ўзносіцца малітва за Беларусь… А паколькі цяпер працягваецца актава малітвы за памерлых, то вернікі асаблівым чынам будуць узносіць просьбы таксама за душы, якія церпяць у чыстцы і якім можа дапамагчы толькі малітва.

Як заўсёды, людзі сустрэлі фігуру арханёла з трапяткой надзеяй на выслуханыя просьбы. Падчас перэгрынацыі вернікі запісваюць свае сведчанні і малітоўныя інтэнцыі ў спецыяльную кнігу. Пасля кожнага візіту ў пэўную парафію гэтая кніга на некалькі старонак папаўняецца кранальнымі і шчырымі словамі. Людзі моляцца аб навяртанні, пакаянні, уратаванні ад зла, аб вызваленні ад алкагольнай залежнасці, аб добрай вучобе і здароўі для родных, аб цярплівасці і мудрасці для членаў сям’і, аб павазе і любові. Святы арханёле Міхале, стань з гэтымі нашымі просьбамі перад абліччам Бога…

Уражвае, наколькі хутка вернікі засвоілі спецыяльныя спевы да арханёла Міхала, змешчаныя ў малітоўніку «Хто ж як Бог!». Людзі праз аднаго трымаюць у руках гэты малітоўнік, які выйшаў зусім нядаўна, і чэрпаюць з яго натхненне і падтрымку ў малітве.

Запрашаем вас, дарагія чытачы, сачыць за навінамі перэгрынацыі на нашым сайце і ў часопісе «Ave Maria». У наступную суботу, 10 кастрычніка, з фігураю арханёла Міхала развітаюцца на Кальварыі, і перэгрынацыя працягнецца ў нунцыятуры ў Мінску.


Вольга Качалка
Фота Мікалая Новікава

 

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла