Праўда пра тое, што ўнутры

Дваццаць другая звычайная нядзеля, год В (02.09.2018)

Сышліся да Яго фарысеі і некаторыя з кніжнікаў, якія прыйшлі з Ерузалема. І ўбачылі, як некаторыя вучні Яго елі хлеб нячыстымі, гэта значыць неабмытымі рукамі. Фарысеі ж і ўсе юдэі, трымаючыся традыцыі старэйшых, не ядуць, пакуль старанна не памыюць рук. І, вярнуўшыся з рынку, не ядуць, пакуль не абмыюцца. Ёсць і яшчэ шмат таго, чаго прынята трымацца: абмыцця чашаў, збаноў, медных начынняў і лаваў. Таму запыталіся ў Яго фарысеі і кніжнікі: «Чаму вучні Твае не трымаюцца традыцыі старэйшых, а ядуць хлеб нячыстымі рукамі?» Ён адказаў ім: «Добра прарочыў Ісая наконт вас, крывадушных, як напісана:

“Гэты народ шануе Мяне вуснамі,
а сэрца іх далёка ад Мяне.
Але дарэмна ўшаноўваюць Мяне,
навучаючы людскім запаведзям”.

Бо вы пакінулі запаведзь Божую, а трымаецеся чалавечай традыцыі». Паклікаўшы зноў людзей, сказаў ім: «Паслухайце Мяне ўсе і зразумейце! Няма нічога, што магло б, уваходзячы звонку ў чалавека, зрабіць яго нячыстым, але тое робіць чалавека нячыстым, што выходзіць з яго». Бо знутры, з чалавечага сэрца, выходзяць дрэнныя думкі, распуста, крадзеж, забойствы, чужаложства, сквапнасць, зласлівасць, падступнасць, бессаромнасць, зайздрасць, блюзнерства, пыха, глупства. Усё гэтае зло выходзіць знутры і робіць чалавека нячыстым».

(Мк 7, 1–8. 14–15. 21–23)

Праўда пра тое, што ўнутры

Сённяшняе Евангелле гаворыць нам пра важнасць таго, што знаходзіцца ў нас унутры, у нашых сэрцах. Сёння хачу разам з вамі паразважаць аб праўдзе нашага нутра і распавесці некалькі гісторый пра тое, што азначае любіць праўду.

У папы Яна Паўла ІІ некалі запыталіся, якія словы Святога Пісання ён лічыць  асаблівымі і якія б ён захаваў для сябе, калі б трэба было зрабіць такі выбар? Папа тады адказаў так: «Пазнаеце праўду, а праўда вызваліць вас » (Ян 8,32).

Залаты медаль. Алімпійскія гульні, 1928

У Амстэрдаме на фехтавальнай дарожцы стаялі адзін насупраць аднаго француз і італьянец. Ішла барацьба за залаты медаль па фехтаванні. Абодва змагаліся з усіх сіл, гледачы затрымалі дыханне. Француз быў у складанай сітуацыі, таму што высокі італьянец меў большы радыус доступу. Наступленні француза былі ўсё больш адчайнымі. Атака і абарона абодвух праціўнікаў былі вельмі хуткімі.
Нечакана ўмяшаліся суддзі. Аднаму з іх падалося, што італьянец укалоў француза. Сярод гледачоў пачуўся расчараваны гул. Калі б некага з супернікаў укалолі, яму давялося б развітацца з залатым медалём….. Хутка, аднак, суддзі знайшлі паразуменне. Каментатар сказаў, што ўколу не было! Гледачы з палёгкай уздыхнулі. Але француз зняў маску, паклаў рапіру на грудзі, зрабіў крок у бок суддзяў і сказаў: «Ён трапіў у мяне!» Суддзі абвясцілі вынікі на яго карысць, але ён гэтага рашэння не прыняў. Праўда была для яго важнейшая за несумленна здабыты залаты медаль.

Праколаты шар

Адзін малады адвакат прыгожа абсталяваў свой кабінет. Каб завяршыць інтэр’ер, ён купіў вельмі дарагі тэлефон і паставіў яго на стале для большага ўражання.  Прыйшоў першы кліент. Малады адвакат спачатку папрасіў яго пачакаць хвілін пятнаццаць, з прынцыпу. Калі кліент урэшце зайшоў у кабінет, то, каб зрабіць на яго яшчэ большае ўражанне, адвакат узяў трубку тэлефона і зрабіў выгляд, што мае вельмі важную размову: «Паважаны дырэктар, мы губляем час… Так, калі вы так хочаце… Але не менш, чым 20 мільёнаў…. Тады згода, дамовіліся…. Да пабачэння!» І паклаў трубку. Кліент выглядаў цалкам разгубленым, нават заклапочаным.

— Чым магу вам дапамагчы?
— Я…. Я майстар. Я прыйшоў, каб падключыць ваш тэлефон.

Ці ўмееце вы маўчаць?

Падчас амерыканскай грамадзянскай вайны адзін зацікаўлены чалавек запытаўся ў генерала Джэксана: «Спадар генерал, ці можна ў вас запытацца, дзе вы цяпер плануеце напасці на ворага?» Генерал ціха шапнуў яму на вуха: «Скажыце, калі ласка, ці вы ўмееце захоўваць таямніцы?» «Вядома ж, спадар генерал…» «Я таксама» — адказаў Джэксан і пакінуў ганарліўца там, дзе ён стаяў.

Тры сіты

Аднойчы да Сакрата прыйшоў вельмі ўсхваляваны чалавек.

— Гэй, Сакрат, ці ты чуў, што зрабіў твой сябра? Я павінен табе пра гэта зараз жа расказаць.
—  Хвілінку, —  спыніў яго мудрэц. —  Ці ты прапусціў тое, што хочаш мне расказаць, праз тры сіты?
—  Тры сіты? —  здзівіўся чалавек.
— Так, мой даражэнькі, тры сіты. Давай паспрабуем, ці пройдзе праз тры сіты тое, што ты хочаш мне расказаць.
Першае сіта — праўда. Ты праверыў, ці ўсё тое, што ты хочаш мне расказаць, з’яўляецца праўдаю?
– Ну не, я пачуў, што пра гэта нехта распавядаў і…
— Ага! Але напэўна ты працадзіў гэта праз другое сіта — сіта дабра. Ці тое, што ты хочаш мне расказаць, апроч таго што, як мы ўжо пераканаліся, не абавязкова з’яўляецца праўдаю, прынясе каму-небудзь дабро?
Суразмоўца пачаў пярэчыць.
— Не, зусім наадварот…..
— Ага! — перабіў Сакрат. — Тады дазволь мне выкарыстаць трэцяе сіта і запытацца, ці тое, што ты хочаш расказаць, і што цябе так моцна ўсхвалявала, настолькі абавязкова трэба мне ведаць?
— Ну, не зусім…
— У выніку, — усміхнуўся мудрэц — тое, што ты хочаш мне расказаць, не ёсць ані праўдзівым, ані добрым, ані абавязковым. Забудзься пра гэта і не абцяжарвай ні сябе, ні мяне.

 

Напрыканцы хачу падзяліцца з вамі, дарагія чытачы, думкамі пра шчырую споведзь.

Адзін экзарцыст сказаў, што калі чалавек укрывае ад Бога праўду, Бог таксама будзе ад яго ўкрыты. Я не пачую Бога, калі не дазволю Яму пачуць свае грахі. Нават найгоршая праўда дае чалавеку доступ да збаўлення. Калі я ўкрываю праўду ад Бога і ад сябе, я не буду збаўлены. Бог прыходзіць да ўсіх, але толькі праўдзівыя людзі, якія бачаць праўду пра сябе, здольныя Яго прыняць. Важна нічога не ўкрываць ад Бога, асабліва цяжкія справы і рашэнні. Праверкай таго, ці люблю я праўду, з’яўляецца шчырасць маёй споведзі. Немагчыма вызваліцца ад чагосьці, пакуль не прымеш праўды. Калі нехта не хоча прызнаць сваіх грахоў, адкідае праўду і не хоча ўзяць адказнасць за свае грахі, тады фатальныя наступствы тых грахоў могуць трываць у яго жыцці гадамі, і малітвы нічога не зменяць, пакуль чалавек не адкрые праўду, таму што «Бог любіць праўду ў сэрцы». (пар. Пс 51). Малітва можа быць самападманам, калі чалавек не трывае ў праўдзе перад самім сабою. Увайсці ў праўду азначае выйсці з духа падману.


Айцец Раман Шульц OP
(Прыклады для артыкула ўзяты
з матэрыяла «Jak zmienić swoje życie»,
W drodze, Poznań 1994)

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла