Святы Грыгорый Вялікі — слуга слуг Божых

Фрагменты катэхезаў Святога Айца Бэнэдыкта XVI ад 28 мая і 4 чэрвеня 2008 г.


Дарагія браты і сёстры!

<...> Сёння я хацеў бы прадставіць постаць аднаго з самых вялікіх Айцоў у гісторыі Касцёла, аднаго з чатырох доктараў Захаду, Папы святога Грыгорыя, які быў біскупам Рыма з 590 да 604 года і якому традыцыя надала тытул Magnus, Вялікі. Грыгорый, сапраўды, быў вялікім Папам і вялікім доктарам Касцёла! Нарадзіўся ён у Рыме каля 540 года ў заможнай сям’і патрыцыяў з gens Anicia, роду, які вылучаўся не толькі сваёй шляхетнай крывёю, але таксама служэннем Апостальскай Сталіцы. З гэтай сям’і выйшлі двое папаў: Фелікс ІІІ (483–492), прадзед Грыгорыя, і Агапіт (535–536). Дом, у якім выхоўваўся Грыгорый, знаходзіўся на Clivus Scauri, акружаны саліднымі гмахамі, сведчаннем велічы старажытнага Рыма і духоўнай сілы хрысціянства. Узвышаныя хрысціянскія пачуцці прывілі яму таксама сваім прыкладам бацькі — Гардзіян і Сільвія, абое ўшаноўваюцца як святыя, а таксама дзве цёткі з бацькавага боку, Эміліяна і Тарсілія, кансэкраваныя дзевы, якія ва ўласным доме жылі малітвай і аскезай.

Грыгорый рана распачаў адміністрацыйную кар’еру, якой прысвяціў сябе таксама яго бацька, і ў 572 годзе дасягнуў яе вяршыні, стаўшы гарадскім прэфектам. Гэтая пасада, вельмі складаная ў тыя змрочныя часы, дазволіла яму заняцца ў шырокім маштабе ўсялякага роду адміністрацыйнымі праблемамі і набыць вопыт, які прыдаўся для заданняў, што чакалі яго ў будучыні. У прыватнасці, у яго засталося глыбокае пачуццё парадку і дысцыпліны: стаўшы Папам, ён падказваў біскупам, што яны могуць узяць за ўзор у кіраванні справамі Касцёла добрасумленнасць і ўшанаванне правоў, уласцівыя грамадзянскім функцыянерам. Аднак гэтае жыццё, напэўна, не задавальняла яго, бо ў хуткім часе Грыгорый вырашыў адмовіцца ад усіх свецкіх пасадаў, каб зачыніцца ў доме і распачаць жыццё манаха, ператварыўшы бацькоўскі дом у кляштар св. Андрэя на Цэліі*.

З гэтага перыяду манаскага жыцця,
жыцця ў няспынным дыялогу з Панам,
ва ўслухоўванні ў Яго слова, у св. Грыгорыя
застанецца пастаянны сум, які зноў і зноў,
усё мацней пранізвае яго гаміліі: сярод думак,
прадыктаваных пастырскім клопатам, ён будзе вяртацца да гэтага часу
ў сваіх творах як да часу шчаслівага паглыблення ў Бога,
аддання малітве і спакойнаму набыванню ведаў.

Такім чынам ён змог набыць глыбокія веды пра Святое Пісанне і Айцоў Касцёла, якія прыдаліся яму пазней у яго творах.

Аднак жыццё Грыгорыя ў кляўзуры працягвалася нядоўга. Каштоўны вопыт, здабыты ім пры грамадзянскім адміністраванні <...>, схіліў Папу Пелагія да таго, каб прызначыць Грыгорыя дыяканам і накіраваць у Канстанцінопаль у якасці свайго «апакрызарыя», — сёння мы сказалі б «Апостальскага Нунцыя» <...>. Праз некалькі гадоў Папа выклікаў яго ў Рым і менаваў сваім сакратаром. Гэта былі цяжкія гады: няспынныя дажджы, разлівы рэкаў, голад спасціглі многія вобласці Італіі і сам Рым. Урэшце выбухнула таксама чума, якая забрала жыцці шматлікіх ахвяраў, у тым ліку і Папы Пелагія ІІ. Духавенства, народ і сенат былі аднагалоснымі ў выбары менавіта Грыгорыя наступнікам на Пятровы Пасад. Ён супраціўляўся і нават спрабаваў уцячы, але ўсё было дарэмна: урэшце Грыгорый вымушаны быў паддацца. Быў 590 год.

Бачачы ў тым, што сталася, Божую волю, новы Папа адразу ж з энтузіязмам узяўся за працу. З самага пачатку ён вызначаўся выключна праніклівай ацэнкай рэчаіснасці, з якой яму даводзілася мець справу, незвычайнай працаздольнасцю ў рэалізацыі як касцёльных, так і грамадзянскіх справаў, пастаяннай ураўнаважанасцю ў прыняцці рашэнняў, нават смелых, якіх патрабавала яго пасада.

<...> Гэтую інтэнсіўную дзейнасць Грыгорый разгортваў, нягледзячы на слабое здароўе, з-за якога ён часта быў вымушаны заставацца ў ложку доўгія дні. Пасты, якія ён практыкаваў у гады манаскага жыцця, выклікалі сур’ёзнае парушэнне стрававання. Акрамя таго, у яго быў вельмі слабы голас, так што часта ён быў вымушаны даручаць дыякану чытанне сваіх казанняў, каб прысутныя ў рымскіх базыліках вернікі маглі яго чуць. Аднак Грыгорый рабіў усё магчымае, каб цэлебраваць у святочныя дні Missarum sollemnia, або урачыстую святую Імшу, і тады асабіста сустракаўся з народам Божым, які быў да яго вельмі прывязаны, таму што бачыў у ім аўтарытэтную асобу, тую крыніцу, з якой можна было чэрпаць надзейнасць: нездарма вельмі хутка яму надалі тытул consul Dei, Божы консул. Нягледзячы на надзвычай цяжкія ўмовы, у якіх яму давялося працаваць, дзякуючы святасці жыцця і глыбокай чалавечнасці яму ўдалося здабыць давер вернікаў, дасягнуўшы сапраўды грандыёзных для свайго часу і для будучыні вынікаў.

Ён быў чалавекам, паглыбленым у Бога:
прагненне Бога пастаянна жыло ў нетрах ягонай душы,
і менавіта таму ён заўсёды быў блізкі ўсім,
хто знаходзіўся побач, неабыякавы да патрэбаў людзей свайго часу.

У бядотныя часы спусташэння яму ўдалося несці супакой і даваць надзею. Гэты муж Божы паказвае нам, дзе знаходзяцца сапраўдныя крыніцы супакою, адкуль выходзіць сапраўдная надзея, і такім чынам становіцца правадніком таксама і для нас сёння.


Падрыхтавала Ірына Бурак
Надрукавана ў «Ave Maria» № 10, 2008 г.

*Цэлій (Celio) — адзін з сямі ўзгоркаў Рыма.

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла