Адкрыццё

Дваццаць трэцяя звычайная нядзеля, год В (09.09. 2018)

Езус выйшаў з зямель Тыру і прайшоў праз Сідон да Галілейскага мора, пасярод межаў Дэкаполіса. І прынеслі да Яго глуханямога, і прасілі, каб усклаў на Яго руку. Адвёўшы яго далей ад натоўпу, паклаў у яго вушы свае пальцы і, плюнуўшы на іх, дакрануўся імі да ягонага языка. І, паглядзеўшы на неба, уздыхнуў і сказаў яму: «Эффата!» — што значыць: «Адкрыйся». І адразу ж   адкрыліся вушы ягоныя і развязаліся путы языка ягонага, і пачаў гаварыць выразна.

Тады Езус загадаў ім, каб нікому не казалі. Але колькі ні забараняў ім, яны яшчэ больш апавядалі. І, будучы надзвычай здзіўленымі, казалі: «Ён зрабіў усё добра: учыніў, што глухія чуюць, а нямыя гавораць».

(Мк 7, 31–37)

Адкрыццё

Сённяшні евангельскі фрагмент абуджае ўва мне дзіўныя эмоцыі, калі не сказаць, нават пэўную брыдоту. Дрыжыкі ідуць па целе, калі я думаю пра Езуса, які ўкладае пальцы ў вушы глуханямога і сваёю слінаю мажа яму язык. Пан Езус пераходзіць межы. Такя блізкасць з іншым чалавекам азначае вельмі інтымны ўзровень адносінаў. У звычайных міжчалавечых стасунках мы мусім ахоўваць і прыкрываць сваю цялеснасць і абмяжоўваць правіламі культуры, бо голы чалавек застаецца безабаронным і яго вельмі лёгка можна параніць. У кнізе Быцця мы чытаем пра тое, як Бог сустракае чалавека, які ўжо ўчыніў грэх, і той хаваецца ад Бога, бо ўпершыню ўсведамляе сваю галізну. Але прычына гэтага — не ў сціпласці, а ў страху. Трэба стварыць заслону, адгарадзіцца, каб ніхто не здолеў выкарыстаць нас або пакрыўдзіць. Сцяна, збудаваная страхам, руйнуе сувязь.

Езус — гэта Бог, які прыйшоў у свет менавіта для таго, каб нанова ўсталяваць еднасць з чалавекам. Усё чалавечае, фізіялагічнае, не выклікае ў Ім гідоты. Ён не толькі стварыў нашую цялеснасць, але і сам прыняў яе. Ён дакранаецца да нас, каб аздаравіць зраненых Божых дзяцей. Ён адкрывае нас і чыніць здольнымі будаваць стасункі з Богам і з іншымі людзьмі.

Сцэна з сённяшняга евангельскага фрагмента нагадвае мне яшчэ адзін біблійны эпізод, калі да прарока Елісея прыходзіць пракажоны сірыйскі ваеначальнік. Прарок не выйшаў з дому, а звяртаўся да яго праз слугу. Гэта можа здавацца праяваю пагарды, але я мяркую, што прарок Елісей абмяжоўвае кантакты з сірыйцам з іншай прычыны: бо не хоча сваімі ўчынкамі навесці на  думку, што цуды робіць ён, а не Бог, не жадае схаваць гэтую праўду. Сірыйскі язычнік не ўбачыў прарока, але дзякуючы яму змог сустрэцца з сапраўдным Богам. Сёння ж мы бачым, як дзейнічае Езус. Гэта таксама прароцтва. Нават само імя «Езус» азначае «Бог збаўляе».


Айцец Крыштаф Коц'ян ОР

Глядзіце яшчэ разважанні на Дваццаць трэцюю звычайную нядзелю, Год В:

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла