Ну мы пайшлі: Більбао

Мы пачынаем свой шлях са сталіцы Краіны баскаў Більбао. Каб афіцыйна стаць пілігрымамі, мы мусім зарэгістравацца і атрымаць пашпарт пілігрыма, бо без гэтага не зможам начаваць у альберге, прытулках для пілігрымаў, і атрымаць кампастэлу — адмысловае пасведчанне для тых, хто пілігрымаваў у Санцьяга.

Більбао — сапраўдная сталіца, вялікі горад, аточаны гарамі. Не дзіва, што баскі так моцна адрозніваюцца ад іншых жыхароў Іспаніі — мала хто з заваёўнікаў рашаўся пераадолець гэтую перашкоду: хрыбты высокіх гораў, пакрытых густымі лясамі, а з тых, хто рашыўся, нікому не ўдалося заваяваць баскаў. Дарэчы, басконская мова — яшчэ адна ўнікальная з’ява, яна не падобная ні на якую іншую і наогул не адносіцца да сям’і індаеўрапейскіх моваў. Перасцерагаем: ніколі не называйце баскаў іспанцамі, вам гэтага не даруюць!

Більбао адзначае сваё галоўнае свята — больш за тыдзень, пачынаючы з суботы, якая наступае пасля 15 жніўня, урачыстасці Унебаўзяцця Багародзіцы, жыхары святкуюць. Паўсюль кірмашы, канцэрты, выступы вулічных артыстаў, і ўвесь горад ператварыўся ў мора сініх хустачак, упрыгожаных гербам сталіцы. Сярод гэтага мы крыху згубіліся, хацелася б затрымацца тут даўжэй! Але наперадзе нас чакае Каміно…

 


Юлія Шэдзько
Працяг будзе

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла