Распачалася перэгрынацыя фігуры св. арханёла Міхала па парафіях Беларусі

29 верасня, у свята святых арханёлаў, пачалася перэгрынацыя фігуры арханёла Міхала ў Мінску. Архікатэдральная парафія імя Найсвяцейшай Панны Марыі першаю ў Мінску прыняла фігуру арханёла, якая будзе тут знаходзіцца на працягу тыдня. Парафіяне будуць маліцца разам з арханёлам Міхалам да Бога, просячы абароны ад злога духа таксама для ўсёй краіны, бо менавіта малітве за Беларусь прысвечана гэтая «пілігрымка» арханёла. 


Ініцыятарам перэгрынацыі фігуры святога арханёла Міхала стаў ксёндз Ігар Лашук. Калі ён пачаў працаваць у вёсцы Багданава пробашчам парафіі св. Арханёла Міхала, то ўсё больш стаў разумець вялікае значэнне апекі арханёла не толькі над асобным чалавекам, але таксама над усёю краінаю. Святар прывёз фігуру арханёла ажно з Італіі, з горнага масіва Гаргана, самага знакамітага месца аб’яўленняў святога арханёла Міхала. Цяпер там знаходзіцца санктуарый — адзіная святыня, якая не была асвячана рукою чалавека, бо гэта зрабіў сам арханёл Міхал. Фігура з Гаргана, прывезеная ў Мінск, разам з вернікамі  прайшла вуліцамі горада падчас сёлетняй працэсіі Божага Цела, а таксама наведала санктуарый Маці Божай Будслаўскай.

Фігура арханёла Міхала прыбыла ў мінскі архікатэдральны касцёл дзякуючы ксяндзу Ігару Лашуку. У касцёле фігуру сустрэў мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч словамі: «Святы арханёл Міхал, увайдзі ў нашую катэдру!», а таксама канонікі Мінска-Магілёўскай мітраполіі, апекуном якой з’яўляецца арханёл Міхал.

«У перакладзе на беларускую мову імя Міхал азначае “Хто ж як Бог!”. Менавіта з гэтымі словамі арханёл Міхал пайшоў на барацьбу з узбунтаванымі анёламі, са злым духам», — сказаў у сваёй гаміліі мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Арцыпастыр выказаў занепакоенасць сучасным светам,  які аддаляецца ад Бога, ігнаруючы таксама небяспеку, якая сыходзіць ад сатаны. Мітрапаліт Тадэвуш звярнуў увагу на крызіс сям’і, якая сёння найбольш падвержана нападкам злога духа. «Мы дазваляем д’яблу нас спакушаць, мы самі трапляем у яго пастку. <...> Езус Хрыстус сваім уваскрасеннем перамог сатану. Таму тут усё залежыць ад саміх нас. Д’ябал не можа спакусіць нас, калі мы будзем прасіць дапамогі ў Бога. <...> Святы арханёле Міхале, ты ўвайшоў у нашую святыню, маці ўсіх касцёлаў Мінска-Магілёўскай мітраполіі. Ты прыйшоў сюды, каб умацаваць нашую веру. Ты прыйшоў сюды, каб адсюль распачаць перэгрынацыю, каб прайсці ўсе парафіі, каб прайсціся па нашай зямлі... Нашыя людзі ў часы пераследу веры, у часы ганенняў паўтаралі тваё імя: “Хто ж як Бог!”. Могія з іх пралілі сваю кроў, пакутавалі ў вязніцах, каб толькі на першым месцы пакінуць Бога. Выпрасі для ўсіх нас ласку, каб кожны жыхар нашай краіны, кожны вернік, хрысціянін, паўтараў перад выклікамі нашага часу, перад спакусамі д’ябла: “Хто ж як Бог!”. Выпрасі ласку кожнаму чалавеку ставіць Бога на першае месца і каб твая перэгрынацыя па парафіях нашай краіны стала пачаткам новага духоўнага адраджэння!» — завяршыў сваю гамілію арцыпастыр.

Перад фігураю святога арханёла Міхала вернікі парафіі змогуць маліцца на працягу тыдня. Таксама ёсць магчымасць запісваць свае сведчанні ў адмысловую кнігу, якая знаходзіцца каля фігуры. Пасля катэдральнай парафіі арханёла Міхала прымуць да сябе парафіяне касцёла Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха), адкуль ён будзе перавезена ў парафію св. Яна Хрысціцеля ў Серабранцы.

Часопіс «Ave Maria» плануе асвятляць хроніку перэгрынацыі. Сачыце за публікацыямі ў нас на сайце, а таксама ў часопісе.


Вольга Качалка
Фота Мікалая Новікава

 

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла