На старонках красавіцкага нумара «Ave Maria»

3 красавіка часопіс выйшаў з друку

Красавіцкі нумар часопіса «Ave Maria» парадуе чытачоў матэрыяламі, звязанымі з пачаткам Пантыфікату новаабранага папы Францішка, а менавіта: падрабязнай біяграфіяй Святога Айца, які за некалькі тыдняў заваяваў сэрцы людзей на ўсіх кантынентах, а таксама Гаміліяй падчас святой Імшы на пачатак Пятровага служэння, дзе Папа Рымскі гаворыць пра галоўныя аспекты апякунства, якому кожны мужчына і кожная жанчына павінны вучыцца ад святога Юзафа. Мы прызвычаіліся ў разважаннях на падобныя тэмы гаварыць перш за ўсё пра адказнасць і клопат. У той жа час словы папы Францішка скіроўваюць нас да яшчэ важнейшых аспектаў: любові і пяшчоты, без якіх не мае вартасці ніводная справа, ніводная ахвяра...

* * *
Спрадвечнае пытанне: чаму ў свеце столькі зла, калі Стварыцель свету, Пан Бог, — добры і ўсемагутны?.. Адказ шукае айцец дамініканін Крыштаф Коц’ян OP у артыкуле, прысвечаным першаму пастулату імшальнага «Credo»: «Веру ў адзінага Бога, Айца ўсемагутнага...»

* * *
Чарговы матэрыял у рубрыцы «Святар адказвае на пытанне» дапаможа чытачам зразумець элементы важнай хрысціянскай традыцыі малітвы за памерлых. Напэўна, кожны вернік калісьці задумваўся: чаму католікі адзначаюць 7 і 30 дні пасля смерці блізкага, а праваслаўныя — 9 і 40? Ксёндз Андрэй Рылка распавядае пра гэта ў сваім артыкуле.

* * *
На іншых старонках новага нумара чытайце таксама пра тое, як падрыхтаваць дзіця да першай святой Камуніі, як святы Анзэльм вучыў ісці за імкненнямі свайго сэрца, як праходзіла першая будслаўская пілігрымка ў час рэлігійнага адраджэння ў Беларусі, і многія іншыя цікавыя матэрыялы.

Рэд.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла