Пакорны Папа

Вядомы нямецкі публіцыст, аўтар 5 кніг пра кардынала Ёзафа Ратцынгера і кнігі-інтэрв’ю з Бэнэдыктам XVI «Святло свету», расказвае пра стан Касцёла і Папу-немца. Гэтую размову з ім карэспандэнт КАІ Кшыштаф Тамасік правёў з нагоды дзвюх гадавінаў Папы: 85-й гадавіны нараджэння і 7-й гадавіны абрання яго на Пятровы пасад. Мы вырашылі надрукаваць гэтае інтэрв’ю, каб нагадаць нашым чытачам яшчэ раз пра асобу папы Бэнэдыкта XVI — глыбокага, таленавітага чалавека і выдатнага тэолага, пра асобу Пастыра, які, па словах мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, з’яўляецца «непахісным абаронцам хрысціянскай веры і яе чысціні, голасам сумлення сучаснага свету».

Кшыштаф Тамасік:

— Прайшло 7 гадоў Пантыфікату Бэнэдыкта XVI. Ці добра Папа трымае руку на пульсе Касцёла?

Пэтэр Зэвальд:
— У супадзенні датаў нараджэння і абрання Бэнэдыкта XVI Папам Рымскім ёсць пэўная сімволіка. Гэтыя красавіцкія даты — дзень нараджэння Ёзафа Ратцынгера, будучага «вартаўніка» веры, і дзень абрання яго як пастыра веруючых — падзяляюць тры дні. Ёсць штосьці незвычайнае ў тым, што ўсё ў яго жыцці робіцца ў духу служэння. Яго пакора цесна яднаецца з вялікімі знакамі праўды, веры і любові праз пячатку Пантыфікату, і гэта цалкам супадае са словамі, якія ён выбраў сабе падчас святарскага пасвячэння: «Мы не пануем над вашаю вераю, але мы саўдзельнікі радасці вашай» (пар. 2 Кар 1, 24). Ратцынгер — як у маладосці, так і ў сталым узросце — ведае, што найбольш патрэбна Касцёлу: новае адкрыццё яго крыніцаў і аўтэнтычнасці. Адзіны рэцэпт гэтага адкрыцця, як увесь час тлумачыць Бэнэдыкт XVI, — праўдзівасць хрысціянскай веры, яе сіла пераконвання, якая заўсёды нанава нараджаецца з Логасу і містэрыі Хрыста <...>.

— Што Вас найбольш захапляе ў Бэнэдыкту XVI?
— Яго вытрываласць, унутраны агонь, ахвярнасць і любоў да чалавека. У часы, далёкія ад Бога і сумныя, ён праслаўляе Бога. У часы, калі вернікі і святары пагружаныя ў сваю актыўнасць, ён указвае на пастаянства і крыніцы хрысціянскай веры.
Для яго катарсіс — гэта заўсёды пачатак новага. Тое, што выглядае як руіны і гніль, можа стаць угнаеннем пад новую плантацыю. Бэнэдыкт XVI — не толькі Айцец рэнесансу хрысціянскіх крыніцаў, ён ажыццяўляе свой «Пятровы прымат» у моцным экуменічным духу. Дзякуючы гэтаму людзям іншых веравызнанняў лягчэй бачыць у біскупе Рыма не канкурэнта, а сімвал вялікага задання, якім з’яўляецца еднасць Касцёла.

— Што больш за ўсё хвалюе Бэнэдыкта XVI?
— Думаю, апрача шмат чаго іншага, гэта тое, пра што ён гаварыў падчас сваёй пілігрымкі ў Германію: каб Касцёл «адасобіўся ад секулярызацыі (Entweltlichung)». Для Папы няма нічога больш непрымальнага, чым будаванне Касцёлам свайго ўласнага, малога, адасобленага свету. «Entweltlichung» не азначае адмежавання ад людзей — гэта адыход ад улады, мамоны, дружбацтва, фальшывых вобразаў, падману і самападману. Гэта не азначае і адмаўлення Касцёла ад удзелу ў сацыяльным і палітычным жыцці або адыходу ад хрысціянскай цноты caritas. Рэч у тым, каб Касцёл заставаўся знакам супраціву, паказваў, што хрысціянства звязана з пазіцыяй, якая выходзіць далёка за межы свецкага і пераўзыходзіць матэрыялістычны светапогляд.
Бэнэдыкт XVI увасабляе пазіцыю сапраўднай веры, якая змяшчае на сваіх штандарах дэвіз «Мы робім гэта», а не «Робім толькі нібы...» — нават тады, калі мы слабыя, а таксама тады, калі церпім паражэнне і мусім пачынаць нанава.

— Якія найважнейшыя задачы ставіць перад сабою Бэнэдыкт XVI?
— Заданне, якое ставіць перад сабою Папа, — найцяжэйшае з усіх: унутранае аднаўленне. Маецца на ўвазе не рэстаўрацыя, а хрысціянскі рэнесанс, новае адкрыццё хараства, свабоды і радасці, якія нараджаюцца з веры.

— Ці эфектыўна Папа Рымскі супрацьстаіць духу нашага часу?
— Ратцынгер — адзін з апошніх прадстаўнікоў высокай культуры як у адукацыі, так і ў здольнасцях. Хтосьці калісьці назваў яго ўвасабленнем «нямецкага генія», які выклікае здзіўленне ўсяго свету. Сёння мы адчуваем страх ад таго, што нам жывецца недастаткова камфортна. Хочацца адусюль чуць толькі добрыя навіны, нават калі б гэта адбывалася за кошт праўды або сумлення. Папа супрацьстаіць такой пазіцыі. Настолькі ён «невыгодны», непрыстасаваны і зусім адстае ад модных тэндэнцый! Яго не цікавіць пытанне: «Што з’яўляецца сучасным?», для яго важныя задачы: «Што адпавядае будучыні?», «Ці сапраўды гэта прагрэсіўна — ісці ўслед за безразважнымі трэндамі, якія не гарманіруюць з першапачатковым парадкам стварэння?».

— Ратцынгер ужо даўно распазнаў небяспеку нашага часу...
— Ён раней за іншых заўважыў небяспеку, якая пагражае нам пасля падзення атэістычнага тэрору. У 1967 г. падчас лекцый ва ўніверсітэце ў Цюбінгене ён казаў, што хрысціянскую веру, як «ніколі раней у гісторыі», пакрывае «імгла няпэўнасці». Усё менш людзей маюць адвагу вызнаваць сваю рэлігію. Выдадзеная ў 1968 г. кніга Ратцынгера «Уводзіны ў хрысціянства», у якой паказваюцца спробы будавання сцяны паміж розумам і вераю, з’яўляецца маніфестам супраць пагрозы «сілаў нявер’я».

— Ці моцна змяніўся Бэнэдыкт XVI за гэтыя 7 гадоў?
— Перш за ўсё ўражвае выключнае пастаянства яго дзеянняў з маладых гадоў да цяперашняга часу. Той, хто чытае яго ранейшыя тэксты, нібы чуе словы сённяшняга Ратцынгера: гэтыя тэксты не трэба карэкціраваць, іх можна чытаць як заўсёды актуальныя. Больш за тое, Ратцынгер заўсёды супраціўляўся ўсялякім іншым функцыям, якія не былі звязаныя з яго навуковаю дзейнасцю. Супраціўляўся біскупскаму сану, запрашэнню ў Рым, выбару на Пятровы пасад. Усе гэтыя функцыі не супадалі з яго воляю і не адпавядалі яму, але праз іх таксама бачны яго жыццёвы лёс, якім кіраваў Бог.

— А ці змяніўся ён як чалавек?
— У Ратцынгера з даўніх гадоў усё ўзважана, усё знаходзіць сваю раўнавагу. Гэта датычыць яго навучання і пазіцыі ў тэалагічных і касцёльна-палітычных справах, што ў сваю чаргу абумоўлена яго тэмпераментам. Ён заўсёды тактоўны. Дзякуючы гэтай ураўнаважанасці ён ніколі не бывае калючым у словах, але заўсёды вельмі дакладны. Таму і змяніўся ён слаба, уражваюць яго простасць і ветлівасць. Гэта поўная супрацьлегласць таму тыпу людзей, асоба і пасада якіх настолькі зліваюцца ў адно цэлае, што іх нельга аддзяліць.
Як сказаў сам Бэнэдыкт XVI, ён не толькі адчувае выключную ласку папскага служэння, але жадае перамянення ўсёй сваёй асобы настолькі, наколькі гэта магчыма для таго, каб найлепшым чынам яго выконваць. Для Бэнэдыкта XVI прадстаўнік Хрыста на зямлі — гэта не намеснік, адораны ўладаю і славаю, а паслядоўнік Сына Божага. Як праз Хрыста мы бачым Бога Айца, так праз наступніка Пятра павінны бачыць Хрыста. Гэта выяўляецца ў сціпласці Бэнэдыкта XVI. Ён з’яўляецца прадвеснікам і прыкладам такога служэння на папскай пасадзе.

— Якія тэмы дамінуюць у навучанні папы Ратцынгера?
— Яго цікавілі і цікавяць перш за ўсё дзве тэмы: праўда і любоў, прычым для яго няма любові без праўды і праўды без любові. Любоў — цэнтральнае слова тэалагічнай думкі яго духоўнага настаўніка, святога Аўгустына, якога небеспадстаўна называюць «геніем сэрца». Таму любоў стала тэмаю першай энцыклікі Бэнэдыкта XVI.

— Чаго мы не ведаем пра папу Ратцынгера?
— Мы ў прынцыпе ведаем пра яго вельмі мала. Няшмат ведаем пра яго як геніяльнага студэнта, які ў 23 гады вывучаў святога Аўгустына; маладога прафесара, які падчас адпачынку на радзіме цэлебраваў святую Імшу ў вязніцы; незвычайнага мысляра, які сябраваў са студэнтамі-аўтсайдэрамі або Гансам Урсам фон Бальтазарам, прыхільнікам містыкі; або прэфекта ватыканскай Кангрэгацыі веравучэння, які кожны чацвер пасля ранішняй святой Імшы снедаў у Кампазанта з вартаўніцай. Мы таксама вельмі мала ведаем пра дзейнасць Ратцынгера ў час Другога Ватыканскага Сабору. Апошнія даследаванні паказваюць, што ўнёсак маладога тэолага як дарадчыка кардынала Ёзафа Фрынгса быў нашмат большы, чым меркавалася. Менавіта Ёзаф Ратцынгер апрацоўваў стратэгію і тэксты ў нямецкім калегіуме касцёла Санта-Марыя-дэль-Аніма на П’яцца Навона. Несумненна, ён браў актыўны ўдзел у працы над такім саборнымі дакументамі, як Lumen gentium або Dei Verbum.
<...>

Пераклала з польскай мовы Ганна Шаўчэнка.
Паводле www.deon.pl

Грузовые шины по низкой цене в Старом Крыме - купить резину пресс для Вторсырья цена пресс для макулатуры - YouTube

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла