Абсягі сумеснай працы

22 сакавіка ў віцебскім катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага адбылося чарговае штомесячнае малітоўнае спатканне душпастырства сем’яў Віцебскай дыяцэзіі і фонду «Адкрытыя сэрцы» (кіраўнік Уладзіслаў Валаковіч) на тэму «Прабачэнне». У яго межах з удзелам вернікаў і валанцёраў з Віцебска і Магілёва прайшла канферэнцыя, падчас якой адзначалася важнасць сям’і ў справе сведчання веры. Затым настала чарга разважанняў над тэкстамі Святога Пісання, а пасля Вяночка да Божай Міласэрнасці кс. Ежы Вільк, які вось ужо год як узначальвае на Віцебшчыне душпастырства сем’яў (да яго абавязкі кіраўніка выконваў кс. Алег Півавар), цэлебраваў святую Імшу. Галоўным лейтматывам казання кс. Ежы былі пытанні ўзаемасувязі свецкага і рэлігійнага выхавання, забеспячэння годнага дзяцінства як гаранта добрай будучыні кожнага чалавека, іншыя не менш надзённыя для грамадства і касцёла праблемы сям’і і выхавання. Напрыканцы спаткання прагучалі віншаванні на адрас аднаго з яго ўдзельнікаў, Аляксея Варанко, які незадоўга перад тым, 9 сакавіка, быў пасвечаны ў дыяканы царквы грэка-каталіцкага абраду.

Сумесная праца душпастырства сем’яў Віцебскай дыяцэзіі і фонду «Адкрытыя сэрцы» доўжыцца ўжо каторы год і мае плён у такіх кірунках, як падрыхтоўка маладых людзей да сакрамэнту сужэнства, правядзенне супольных малітваў за ненароджаных дзяцей, лекцый у навучальных установах розных гарадоў вобласці, арганізацыя малітоўных спатканняў і рэкалекцый для абаронцаў жыцця ў абартарыях і інш. Ужо той факт, што толькі за 4 апошнія гады ў выніку яе ўдалося выратаваць ад абортаў 89 немаўлятаў, пра многае сведчыць. Кіраўніцтва душпастырства і кіраўніцтва фонду маюць намер працягваць супрацоўніцтва і надалей, ахопліваючы сваімі акцыямі 0новыя парафіі дыяцэзіі.


Францішак Дубраўскі    

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла