Хлеб жыцця

Васямнаццатая звычайная нядзеля, год В (05.08.2018)

Пачала ўся супольнасць наракаць у пустыні. І казалі сыны Ізраэля супраць Майсея і Аарона: Лепш бы мы загінулі ад рукі Пана ў зямлі егіпецкай, калі сядзелі пры катле з мясам і спажывалі ўдосталь хлеба. Вы прывялі нас ў гэтую пустыню, каб замарыць голадам увесь сход?

Тады Пан сказаў Майсею: Вось Я пралью на вас хлеб з неба. І штодня народ будзе выходзіць і збіраць, колькі трэба на дзень, каб Мне выпрабаваць яго, ці будзе ён паступаць супраць Майго Закону, ці не.

Я пачуў нараканні сыноў Ізраэля. Скажы ім: Вечарам будзеце есці мяса, а раніцай будзеце насычаны хлебам і спазнаеце, што Я — Пан Бог ваш.

Увечары наляцелі перапёлкі і пакрылі ўвесь стан, а раніцай раса лягла вакол лагера.

Калі ж раса знікла, на паверхні пустыні з’явілася нешта дробнае і зярністае, нібы іней на зямлі. Убачыўшы гэта, сыны Ізраэля казалі адзін аднаму: Што гэта? Бо яны не ведалі, што гэта. Тады Майсей сказаў ім: Гэта хлеб, які Пан даў вам для спажытку. 

(Зых 16, 2–4. 12–15)

 

Кажу гэта і сведчу ў Пану, каб вы больш не жылі, як жывуць язычнікі ў марнасці свайго розуму.

Не гэтаму вы навучыліся ад Хрыста, калі сапраўды чулі пра Яго і вучыліся ў Ім паводле праўды, якая ёсць у Езусе, але таму, каб адкінуць ранейшыя паводзіны старога чалавека, які знішчае сябе зманлівымі пажадлівасцямі. Таму дазвольце аднавіцца Духу ў вашым розуме і апраніцеся ў новага чалавека, створанага паводле Бога ў справядлівасці і святасці праўды.

(Эф 4, 17. 20–24)

Калі натоўп убачыў, што там няма ні Езуса, ні вучняў Ягоных, селі ў чаўны і прыплылі ў Кафарнаум, шукаючы Езуса. Калі ж знайшлі Яго на другім беразе мора, сказалі Яму: «Раббі, калі Ты прыбыў сюды?»

Езус адказаў ім: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: шукаеце Мяне не таму, што бачылі знакі, а таму, што з’елі хлеб і насыціліся. Дбайце не пра ежу, якая гіне, але пра ежу, што застаецца на жыццё вечнае, якую дасць вам Сын Чалавечы, бо Яго пазначыў Бог Айцец!» А яны сказалі Яму: «Што нам рабіць, каб выконваць справы Божыя?» Езус адказаў ім: «У тым справа Божая, каб вы верылі ў таго, каго Ён паслаў».

Яны ж сказалі Яму: «Які ж Ты зробіш знак, каб мы ўбачылі і паверылі Табе? Што ўчыніш? Айцы нашыя елі манну ў пустыні, як напісана: “Хлеб з неба даў ім есці”». Езус адказаў ім: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: не Майсей даў вам хлеб з неба, але Айцец Мой дае вам сапраўдны хлеб з неба. Бо хлеб Божы — гэта той, хто сыходзіць з неба і дае жыццё свету». Тады сказалі Яму: «Пане, давай нам заўсёды такі хлеб». Езус адказаў ім: «Я — хлеб жыцця; хто прыходзіць да Мяне, не будзе галодны, і хто верыць у Мяне, ніколі не будзе прагнуць».

(Ян 6, 24–35)

Хлеб жыцця

Сённяшні евангельскі фрагмент і літургічныя чытанні цесна звязаныя між сабою, бо датычаць Эўхарыстыі і яе плёну ў жыцці вернікаў.

Высілкі людзей — іх пошукі Хрыста, якія мы бачым ў Евангеллі, — вынікаюць з легкадумнага аптымізму і пераканання, што калі яны будуць з Езусам, Той дасць ім здароўе і харчаванне, яны літаральна будуць мець рай на зямлі. Аднак Езус указвае на прагненні, якія вынікаюць з праўдзівай веры. Калі гэтыя новыя прагненні, дадзеныя Богам, умацоўваць, спажываючы Божае слова і Эўхарыстыю, яны дадуць чалавеку моц перамагаць у сабе тыя схільнасці і прагненні, пра якія мы сёння чытаем у пасланні св. Паўла да эфесцаў, а менавіта марнасць розуму і зманлівую пажадлівасць, якія паходзяць ад слабасцяў і сапсаванасці, якія ёсць у нас — старых людзях. Таму прыманне слова Божага (спажытку) і Эўхарыстыі — з такім запалам, што мы здольныя сесці ў човен і плысці за гэтым Хлебам, як людзі з сённяшняга ўрыўку, — дапамагаюць Богу ўчыніць з нас новых людзей, створаных паводле Яго вобраза ў справядлівасці і сапраўднай святасці.

Падчас адной святой Імшы для моладзі біскуп Эдвард Дайчак распавёў дзве незвычайныя гісторыі пра людзей, якія ідуць за прагнненнямі, што вынікаюць з глыбокай веры. Ён распавёў як аднойчы разам з невялікай групай людзей быў запрошаны на абед з Янам Паўлам ІІ у Ватыкане. Пасля абеду Папа запрасіў прысутных на кароткую малітву ў сваю асабістую капліцу. Малітва доўжылася некалькі хвілінаў, і так атрымалася, што біскуп Эдвард укленчыў каля Папы. У той момант ён зразумеў, што Папы, побач з якім ён стаіць на каленях, няма. То бок, фізічна ён прысутнічаў, але ягоны дух нібыта знік адтуль. Праз хвіліну гэты дух вярнуўся ў Папу і той падняўся з каленяў, як усе. Біскуп быў уражаны: ён сустрэў чалавека, які ў глыбокай малітве сустрэўся з Богам. Другая гісторыя была пра маладога хлопца глыбокай веры, які займаўся грамадскаю дзейнасцю, добра вучыўся ў школе, меў добрых сяброў і сябровак. Ён трапіў у аварыю і доўгі час быў пад кропельніцамі без свядомасці. Праз некалькі дзён ён апрытомнеў, і першыя словы, якія прагучалі з яго вуснаў, — просьба аб святой Камуніі. Людзі, якія былі побач і чулі гэта, былі вельмі ўражаныя вераю хлопца.

Гэта прыклады людзей, якія аднаўляюцца духам у сваім мысленні і апранаюцца ў новага чалавека. Папросім жа Пана Бога, каб Яго слова і Эўхарыстыя сфармавалі з нас святых.


Айцец Раман Шульц OP

 

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла