Духоўнасць - корань і аснова ўсяго жыцця. Фрагменты з лістоў і твораў святой Эдыты Штайн

9 жніўня - успамін святой Тэрэзы Бэнэдыкты ад Крыжа, кармэліткі, якая яшчэ да манаскага жыцця была знакамітаю ў навуковым асяроддзі 20 ст. як філосаф і выкладчык Эдыта Штайн. Публікуем для вас фрагменты твораў святой Эдыты Штайн, якія ў перакладзе на беларускую мову былі надрукаваныя ў часопісе «Наша вера» № 2, 2012 г. 


Я ўвесь час дарэмна стараюся зразумець, якую ролю мы, людзі, выконваем у падзеях, што адбываюцца ў свеце. Нядаўна мне трапілася на вочы адно месца ў Евангеллі паводле Лукі: «Сапраўды, Сын Чалавечы ідзе, як вызначана, але гора таму чалавеку, які выдае Яго!». Хіба ж не дзейнічае гэта ўвогуле? Мы прыводзім да таго, што здзяйсняюцца тыя ці іншыя падзеі, і нясём за гэта адказнасць. І ўсё ж, у прынцыпе, не ведаем, што робім, і не можам затрымаць гісторыю свету, нават калі ад яе адмаўляемся. Праўда, усвядоміць гэта немагчыма. Зрэшты, для мяне рэлігія і гісторыя ўсё больш збліжаюцца; і мне здаецца, што сярэднявечныя летапісцы, якія ўціскалі гісторыю свету паміж грэхападзеннем і Страшным Судом, былі больш дасведчаныя, чым сучасныя спецыялісты, у якіх за бясспрэчна ўстаноўленымі навуковымі фактамі згубіўся сэнс гісторыі.

Ліст да Рамана Інгардэна
ад 19.02.1918 г.

 

Людзі няўстойлівыя і шукаюць апоры. Ім хочацца канкрэтнай, змястоўнай праўды, якая вы­трымлівае выпрабаванне жыццём, ім хочацца «жыццёвай філасофіі». Такую філасофію яны знаходзяць у св. Тамаша.

«Фенаменалогія Гусэрля
і філасофія св. Тамаша Аквінскага»

 

Я адчуваю, што мяне нешта падтрымлівае, і знаходжу ў гэтым спакой і бяспеку — не самаўпэўненую бяспеку поўнага сілы мужчыны, які цвёрда стаіць на ўласных нагах, а салодкую і шчаслівую бяспеку дзіцяці, якое нехта дужы нясе на руках, — бяспеку, аб’ектыўна, даволі неразважлівую. Але ж ці было б «разважлівым» дзіця, якое пастаянна жыве ў страху, што маці можа да­зволіць яму ўпасці?

«Канцовае быццё і Быццё вечнае»

 

Рэлігія не з’яўляецца нечым для ціхага кутка і для некалькіх урачыстых гадзінаў, яна павінна… быць коранем і асноваю ўсяго жыцця, і гэта не толькі для некалькіх выбраных, але для кожнага сапраўднага хрысціяніна. <…> Непасрэдна перад сваім пераходам у хрысціянскую веру і яшчэ нейкі час пасля яго я думала, што весці рэлігійнае жыццё — азначае адмовіцца ад усяго зямнога і жыць толькі думкамі пра боскія рэчы. Паступова, аднак, я зразумела, што ў гэтым свеце ад нас патрабуецца іншае і што нават у кантэмпляцыйным жыцці сувязь са светам не можа перарывацца; я нават упэўненая: чым глыбей нехта далучаецца да Бога, тым больш ён павінен таксама ў гэтым сэнсе «выходзіць з сябе», гэта значыць у свет, каб рэалізоўваць у ім боскае жыццё.

Толькі вельмі важна наступнае: спачатку, на самай справе, займець ціхі куток, дзе можна было б так падтрымліваць адносіны з Богам, нібыта больш нічога няма, і рабіць гэта штодзённа: самымі адпаведнымі для гэтага мне здаюцца ранішнія гадзіны, пакуль не пачалася дзённая праца; далей — атрымаць там сваю асаблівую місію, найлепш на кожны дзень, а таксама нічога не выбіраць самому; нарэшце, разглядаць сябе цалкам як прыладу; у прыватнасці, [разглядаць] сілы, з выкарыстаннем якіх асабліва трэба будзе працаваць, напрыклад, розум у нашым выпадку, — як тое, што патрэбна не нам, а Богу ў нас.

<…> Маё жыццё пачынаецца нанава кожную раніцу і заканчваецца кожны вечар; планаў і намераў па-за гэтым у мяне няма; зразумела, можна загадзя абдумваць тое, што адносіцца да паўсядзённых заняткаў, — праца ў навучальнай установе, напрыклад, без гэтага немагчымая, — але не павінна быць «клопату» пра надыходзячы дзень.

Цяпер Вы разумееце, чаму я не магу згадзіцца, калі Вы кажаце, што я нечым «стала». Здаецца, нібыта кола маіх паўсядзённых заняткаў становіцца больш шырокім. Але я думаю, што гэта нічога не змяняе ўва мне. Ад мяне патрабуецца тое ці іншае, і я гэта прымаю, хоць мне яшчэ невядома, што яно ўключае і якімі шляхамі павінна  рэалізавацца на практыцы.

Ліст да с. Калісты Копф ОР ад 12.02.1928 г.

Гляджу ў вочы чалавеку, і яго позірк адказвае мне. Ён дазваляе мне пранікнуць у свой унутраны свет або хавае яго ад мяне. Ён — гаспадар сваёй душы і можа адкрыць яе брамы ці закрыць. Ён можа выйсці з самога сябе і ўвайсці ў рэчы. Калі двое людзей глядзяць адзін на аднаго, то адно «я» стаіць насупраць другога «я». Сустрэча можа адбыцца перад брамаю або ў глыбінях душы. Калі сустрэча адбываецца ў глыбіні душы, то другое «я» — гэта «ты». Позірк чалавека прамаўляе. Адтуль «глядзіць» на мяне самаўладнае, пільнае «я».
«Структура чалавечай асобы».

Лекцыі па філасофскай антрапалогіі.
1932–1933 гг.

 

Словы, якімі карыстаюцца, каб да нечага падвесці, — як звычайна казаў Макс Шэлер, — маюць толькі значэнне ўказкі: паглядзі туды, і ты зразумееш, што я маю на ўвазе. «Я», «жыццё», «радасць» — хто мог бы зразумець, што азначаюць гэтыя словы, калі б сам на сабе не зведаў гэта? Але калі чалавек зведаў гэта на сабе, то ён ведае тады не толькі сваё ўласнае «я», сваё жыццё і сваю радасць, але разумее таксама, што такое ўвогуле «я», «жыццё», «радасць»; і толькі таму, што ён гэта разумее, ён можа ўсведамляць і спасцігаць сваё ўласнае «я», сваё жыццё, сваю радасць як «я», жыццё, радасць.

«Канцовае быццё і Быццё вечнае»

 

Існуе стан спакою ў Богу, поўнага заспакаення ўсялякай духоўнай дзейнасці, у якім чалавек не складае ніякіх планаў, не прымае ніякіх рашэнняў і тым больш не здзяйсняе ўчынкаў, але ўсю будучыню пакідае ў распараджэнне Божай волі, цалкам аддае сябе «на волю лёсу». Можа, такі стан выпаў на маю долю пасля перажывання, якое перавышала мае сілы, поўнасцю вычарпала маю духоўную жыццёвую энергію і пазбавіла мяне ўсялякай актыўнасці. Спакой у Богу ў параў­нанні з пазбаўленнем актыўнасці з-за недахопу жыццёвай энергіі з’яўляецца нечым цалкам новым і своеасаблівым. Тое было мёртваю цішынёю. Замест яго з’явілася цяпер пачуццё бяспекі, быцця, свабоднага ад усялякіх турботаў, адказнасці і абавязкаў. І калі я аддалася гэтаму пачуццю, мяне паступова  пачало напаўняць новае жыццё, прымушаючы мяне — без наўмыснага напружання — да новай дзейнасці.

«Да пытання пра філасофскае абгрунтаванне
псіхалогіі і гуманітарных навукаў»

 

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла