Кавалак простай аладкі

Дзевятнаццатая звычайная нядзеля, год В (12.08.2018)

Пайшоў Ілля ў пустыню на адлегласць аднаго дня дарогі і, прыйшоўшы, сеў пад адным з кустоў ядлоўцу і прасіў смерці сабе. І сказаў: Хопіць ужо, Пане! Вазьмі маё жыццё, бо я не лепшы ад маіх продкаў! І лёг ён, і заснуў.

І вось анёл дакрануўся да яго і сказаў яму: Устань і еш! Ілля глянуў, і вось каля ягонай галавы была печаная аладка і збан вады. Ён з’еў і выпіў, і зноў заснуў.

Але анёл Пана другі раз вярнуўся, дакрануўся да яго і сказаў: Устань і еш, бо далёкая дарога прад табою! Ён устаў, з’еў і выпіў. І, падмацаваўшыся гэтым пасілкам, ішоў ён сорак дзён і сорак начэй да Божай гары Горэб.

(1 Вал 19, 4–8)

Абурыліся на Езуса юдэі за тое, што Ён сказаў: «Я — хлеб, які сышоў з неба», і казалі: «Ці не Езус гэта, сын Юзафа, бацьку якога і маці мы ведаем? Як жа Ён кажа: “Я сышоў з неба”?»

Езус сказаў ім у адказ: «Не абурайцеся паміж сабою. Ніхто не можа прыйсці да Мяне, калі Айцец, які паслаў Мяне, не прыцягне яго, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень. У Прарокаў напісана: “Усе будуць навучаны Богам”. Кожны, хто пачуў ад Айца і навучыўся, прыходзіць да Мяне. І не таму, што хтосьці бачыў Айца; толькі той, хто ад Бога, бачыў Айца. Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто верыць у Мяне, мае жыццё вечнае.

Я — хлеб жыцця. Айцы вашыя елі манну ў пустыні і памерлі. Гэта — хлеб, які сыходзіць з неба, каб той, хто з’есць яго, не памёр. Я — хлеб жывы, які сышоў з неба. Калі хто будзе спажываць гэты хлеб, будзе жыць вечна. А хлеб, які Я дам, — гэта Цела Маё дзеля жыцця свету».

(Ян 6, 41–51)

Кавалак простай аладкі

Пан Езус расчароўвае сваіх слухачоў. Вось яны сабраліся на Галілейскім возеры, поўныя надзеі і чаканняў. Ужо нейкі час яны сачылі за дзейнасцю Езуса, бачылі знакі, якія Ён чыніў у Ерузалеме. Учора адбылося тое, што мусіла змяніць іх жыццё: Езус памножыў хлябы і ўчыніў, каб кожны ў той вечар быў сыты. Таму яны пажадалі злавіць Яго, каранававць і заўжды мець у дастатку хлеба. Але Езус не толькі невядомым чынам уцёк, але і цяпер, калі Яго знайшлі, пачаў гаварыць дзіўныя рэчы: што Ён сышоў з неба. Гэта шок, бо хоць Езус сапраўды незвычайны і вельмі магутны чалавек, Ён усё ж частка іх свету, знаёмы і свой для іх. А Ён гаворыць, што з’яўляецца Спажыткам, які дае сапраўднае жыццё, але гэта Спажытак, патрэбны на шляху, як манна ў пустыні. Тыя, хто слухаў Езуса, спадзяваліся, што Ён задаволіць іх патрэбы тут і цяпер, дасць ім утульнасць і бяспеку, а Езус паклікаў іх з сабою ў дарогу да Айца.

Гэты досвед расчаравання ў Езусе можа быць знаёмы і нам. Мы часта чуем пра тое, што ўваскрослы Хрыстус сярод нас, што Ён корміць нас у Эўхарыстыі, але адначасова мы адчуваем голад Яго збаўчай прысутнасці. Езус не вырашае ўсе нашыя праблемы, Яго прысутнасць не настолькі адчувальная, каб даць нам абсалютны спакой у змаганні са светам. Нам здаецца, што Езус замала дае нам і гэтага недастаткова, каб дайсці да мэты. Мы адчуваем расчараванне, баімся, што нам не хопіць сілы.

Таму такое вялікае значэнне мае вобраз Іллі, пра якога мы чулі сёння ў першым літургічным чытанні. Ілля адчувае сябе пераможаным і слабым, але ён паслухмяны веры і таму, з’еўшы аладку і пачуўшы Божае слова, ён устаў і пайшоў. Ён ведае, што не мае сілаў, але ведае таксама, што Той, хто кліча яго, мае моц давесці яго да паўнаты жыцця. Гэтая вера дазваляе яму прыняць ласку нават тады, калі яна выглядае як кавалак аладкі.


Айцец Крыштаф Коц’ян OP

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла