Дзе шукаць вечнасць?

Дваццатая звычайная нядзеля, год В (19.08.2018)

Я — хлеб жывы, які сышоў з неба. Калі хто будзе спажываць гэты хлеб, будзе жыць вечна. А хлеб, які Я дам, —гэта Цела Маё дзеля жыцця свету».

Юдэі спрачаліся паміж сабою, кажучы: «Як Ён можа даць нам есці сваё цела?» Езус жа сказаў ім: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі не будзеце спажываць Цела Сына Чалавечага і піць Крыві Ягонай, не будзеце мець у сабе жыцця. Хто спажывае Маё Цела і п’е Маю Кроў, мае жыццё вечнае, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень. Бо Цела Маё — праўдзівы спажытак, а Кроў Мая – праўдзівы напой. Хто спажывае Маё Цела і п’е Маю Кроў, трывае ўва Мне, а Я ў ім. Як паслаў Мяне Айцец, які жыве, а Я жыву прaз Айца, так і той, хто спажывае Мяне, будзе жыць праз Мяне. Гэта той хлеб, які сышоў з неба, а не той, які елі айцы вашыя і памерлі. Хто спажывае гэты хлеб, будзе жыць навекі».

(Ян 6, 51–58)

Дзе шукаць вечнасць?

Нядаўна я бачыў шыльду аднаго пахавальнага бюро, якое мела назву «Вечнасць». Ну што ж, тых, хто выбраў такую назву, можна нават назваць пабожнымі, калі параўноўваць з іншымі назвамі падобных установаў, звычайна натхнёнымі грэцкай міфалогіяй. Але калі задумацца глыбей, то ў пахавальным бюро пазнавата разважаць пра вечнасць, бо яго кліенты ў вечнасці ўжо знаходзяцца.

«Жыць навекі» — два словы, якія мы чуем з вуснаў Езуса. Чуем, але ці разумеем? Ці можна назваць жыццём мітусню, якая нам часта прапаноўваецца пад выглядам «сапраўднага жыцця»? Словы «жыві» і «жыццё» так лёгка і прывабна гучаць у рэкламных роліках… Нас вучаць жыць. Добра, але ці вучаць жыць вечна? Са словам «вечнасць» ёсць яшчэ большая праблема, бо як уявіць сабе вечнасць? Гэта падобна да спробы ўявіць сабе навакольны свет, гледзячы праз вакно вагона ў хуткасным цягніку. Каб пачаць разумець гэтыя словы, неабходна звярнуцца альбо, дакладней, навярнуцца да Таго, Хто Жывы і Вечны. Толькі Ён можа адарыць нас тым, чаго не знайсці нідзе і ні ў кога ў гэтым свеце — вечным жыццём.

Няхай разважанне аб вечнасці будзе ў нашых думках і сэрцах ужо цяпер і кожны дзень, а плады гэтага разважання няхай будуць бачныя ў нашым жыцці. Бо крыніца вечнага жыцця — Езус Хрыстус, даступны нам ужо тут.


Айцец Павел Мажэйка OP

Глядзіце яшчэ разважанні на Дваццатую звычайную нядзелю, Год В:

айцец Лукаш Папко OP «Яшчэ больш»
айцец Тамаш Міка ОР «Мы — не канібалы...»

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла