Прыніжаючы Творцу, стварэнне не ўзвысіцца

Дваццаць першая звычайная нядзеля, год В (26.08.2018)

У той час:

Многія з вучняў Езуса казалі: Цяжкая гэтая мова. Хто можа яе слухаць?

Але Езус, ведаючы, што вучні Ягоныя наракаюць на гэта, сказаў ім: Ці гэта спакушае вас? А калі ўбачыце Сына Чалавечага, які будзе ўзыходзіць туды, дзе быў раней? Дух ажыўляе, цела ж ні на што не прыдатнае. Словы, якія Я кажу вам, ёсць духам і жыццём. Аднак ёсць між вас тыя, хто не верыць. Бо Езус ад пачатку ведаў, хто не верыць і хто Яго выдасць. І сказаў: Для таго Я  сказаў вам, што ніхто не можа прыйсці да Мяне, калі гэта не будзе дадзена яму Айцом.

З гэтага часу многія вучні Ягоныя адышлі ад Яго і ўжо не хадзілі з Ім. Тады Езус сказаў Дванаццаці: Ці вы таксама хочаце адысці?
Адказаў Яму Сымон Пётр: Пане, да каго мы пойдзем? Ты маеш словы жыцця вечнага. А мы паверылі і спазналі, што Ты ёсць Святы Бога.

(Ян 6, 60-69)

Прыніжаючы Творцу, стварэнне не ўзвысіцца

«З гэтага часу многія вучні Ягоныя адышлі ад Яго і ўжо не хадзілі з Ім». Відавочна, шмат сучасных святароў баіцца такога эфекту, бо не толькі ў казаннях, але і ўва ўсёй душпастырскай дзейнасці яны імкнуцца пазбягаць усяго, што магло б не спадабацца сярэднестатыстычнаму чалавеку. Больш за тое, некаторыя са святароў тлумачаць найбольш складаныя для зразумення Боскія праўды такім чынам, што губляецца іх сутнасць, і самі святары часам пачынаюць больш верыць у сваю асабістую інтэрпрэтацыю, а не ў нязменную традыцыйную навуку Касцёла. Асабліва гэта бачна на прыкладзе эўхарыстычнай літургіі, падчас якой ажыццяўляецца таямніца рэальнай прысутнасці Збаўцы ў постацях хлеба і віна; таямніца, цяжкая для зразумення не толькі Апосталам, але і сучасным людзям.

Часта абрады св. Імшы выконваюцца такім чынам, што зацямняецца яе ахвярны характар, а годнае ўшанаванне Боскай велічы замяняецца шумнай і эмацыянальнай таварыскай сустрэчай душпастыра з вернікамі. Пры гэтым наўрад ці каму з іх прыходзіць у галаву, што менавіта такі падыход да «вяршыні і крыніцы жыцця хрысціяніна» якраз адштурхоўвае ад падобнай цэлебрацыі не толькі тых, хто прагне паглыбленага перажывання вялікай таямніцы, але і тых, хто яшчэ толькі шукае свой шлях да Бога і інтуітыўна адчувае, што літургія павінна здзяйсняцца з большай павагай. Трапіўшы на такую Імшу, апошнія часта расчароўваюцца і больш не пераступаюць парог касцёла, хіба што сустрэнуць кагосьці, хто пераканае іх, што тое, што яны бачылі — злоўжыванне, а не нармальная практыка. А пераканаць даволі цяжка ў сітуацыі, калі злоўжыванне становіцца нормай, а нармальная практыка — выключэннем. «Аргументы» прыхільнікаў гэтых злоўжыванняў — што, маўляў,  такім чынам да Касцёла прыцягваюцца  нерэлігійныя людзі — гэта самападман. Бо падобная эмацыянальная атмасфера пануе і на стадыёнах, і на рок-канцэртах, але ніхто ўсур’ёз не лічыць, што там яна кагосьці робіць больш пабожным. Ужыванне рэлігійных словаў змяняе сітуацыю не больш, чым калі хто выкарыстоўвае Імя Божае бяздумна. У той жа час добра выкананы грыгарыянскі спеў або гукі арганных харалаў, хоць і без разумення літаральнага сэнсу, здольныя ўзняць над зямнымі справамі душу нават атэіста...

Вельмі шкада тых, хто думае, што баналізацыя літургіі набліжае чалавека да Бога. Прыніжаючы Творцу, стварэнне не ўзвысіцца. Так, Бог мог сам сябе прынізіць да ўзроўню чалавека, але чалавек, калі хоча ўзняцца да Божых вышыняў, не можа прыніжаць Бога. Тым больш, што сам Пан Езус, гаворачы пра складаныя справы, звязаныя са збаўленнем, не баяўся кагосьці адштурхнуць. Ён ведаў, што калі чалавеку важнае збаўленне і калі ён мае дастаткова пакоры (а гэтыя рэчы нельга адарваць адна ад другой), усе цяжкасці і перашкоды яго не спалохаюць... Тым жа, хто знеахвочваецца цэлебрацыяй, якая больш нагадвае ўкаранаванне цернем, чым пакланенне Валадару Сусвету, хацелася б прыгадаць, што і зняважаны Хрыстус застаецца Богам і Збаўцам, важна толькі не далучацца да тых, хто «не ведае, што чыніць», не паступаць, як яны, а маліцца, каб Імя Божае свяцілася належным чынам. А тым, хто ўсё ж палохаецца сур’ёзнай літургіі, варта памятаць словы апостала Пятра: «Пане, да каго мы пойдзем? Ты маеш словы жыцця вечнага». Жыцця, шлях да якога — не забаўляльны шпацыр.


Айцец Міхал Ермашкевіч ОР

Глядзіце яшчэ разважанні на Дваццаць першую звычайную нядзелю, Год В:

айцец Віталь Сапега ОР «Цяжкая гэта мова. Хто можа яе слухаць?»
айцец Міхал Ермашкевіч ОР «Да каго мы пойдзем?»

 

 

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла