«Сведку веры». Верш паэткі Крыстыны Лялько

21 ліпеня — 7-я гадавіна са дня смерці кардынала Казіміра Свёнтка. Вечны адпачынак дай яму, Пане... 

 

Сведку веры
                      Кардыналу Казіміру Свёнтку

Наш кардынал, наш пастыр дарагі,
якога лёсу выпаў Вам ладунак:
турма у Брэсце — смерці пацалунак,
суровай Поўначы глыбокія снягі.
Праз дзесяць год цягнуўся шлях крыжовы,
з адной пакутнай стацыяй: Гулаг,
з сабранай воляй у адзін кулак,
каб вытрываць нялюдскія умовы.
І толькі ў снах кароткіх вулкі Пінска
прыходзілі не раз з гадоў юнацтва —
семінарыйнае святое брацтва,
якое біскуп блаславіў Лазінскі...
Бог даў вярнуцца Вам на бераг Піны,
каб Божую святыню ратаваць,
каб праўды веры людзям адкрываць,
нягледзячы на пострахі і кпіны.
Вас хараство Палесся захапляла —
рака і лес, і кожнае стварэнне,
ў хвіліны адзіноты і сумненняў
прырода-маці сілы Вам давала.
За ўсмешкаю, за гумарам і жартам
Вы боль у сэрцы часта так хавалі...
Касцёл з руінаў мужна уздымалі
з апостальскім нязломным гартам.
Святар ад Бога, мужны сведка веры,
Хрыстовы воін і слуга адданы,
нястомны рыцар Беззаганнай Панны,
Вы столькім душам адчынілі дзверы
у Валадарства Божае. Прыгожы
Вы шлях прайшлі служэння і пакуты.
Любоўю да крыжа прыкуты,
былі Вы чалавекам Божым.
Укрыжаваны за Касцёл цярпеннем,
Вы крыж з Хрыстом пакорна падзялялі
і болем Бога моўчкі праслаўлялі
да гэтага апошняга імгнення, —
наш кардынал, наш пастыр дарагі...

Крыстына Лялько
21.07.2011

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней