Сваяк з Назарэту

Чатырнаццатая звычайная нядзеля, год В (08.07.2018)

Выйшаўшы адтуль, Езус прыйшоў на сваю бацькаўшчыну. А за Ім ішлі Ягоныя вучні. Калі надышоў шабат, Ён пачаў навучаць у сінагозе. Многія, хто слухаў, здзіўляліся і казалі: «Адкуль у Яго гэта і што за мудрасць дадзена Яму, і як такія цуды чыняцца Ягонымі рукамі? Ці ж гэта не цясляр, сын Марыі, брат Якуба, Юзафа, Юды і Сымона? Ці ж не тут сярод нас Ягоныя сёстры?» І абураліся на Яго. А Езус казаў ім: «Няма прарока без пашаны, хіба што на бацькаўшчыне яго, сярод родных яго і ў доме яго». Таму Ён не мог учыніць там ніякага цуду, толькі на некалькіх хворых усклаў рукі і аздаравіў іх. І дзівіўся іх бязвер’ю. Хадзіў па навакольных вёсках і навучаў.

(Мк 6, 1–6)

Сваяк з Назарэту

Калі Езус вярнуўся ў родны горад, усе ўжо ведалі пра цуды, якія Ён учыніў і ўбачылі Ягоную мудрасць, аднак жа сумняваліся ў ім. Мне здаецца, кожны з нас на ўласным досведзе знаёмы з псіхалагічным механізмам, які прывёў да гэтага: калі нехта не з нашага «жыццёвага кола» дасягае поспеху, мы здольныя парадавацца за яго, а калі гэта поспех «такога ж як я», часта гэта выклікае зайздрасць. Поспех нашых спартоўцаў мяне цешыць, але прэмія калегі выклікае пытанне: «А чаму яе далі не мне?». Таму жыхары Назарэту не здолелі распазнаць Месію ў суседскім хлопчыку.

Нам гэта лягчэй прыняць, бо, хоць мы і адаруем Дзіцятка ў стаенцы, Езус не рос на нашых вачах. Аднак згаршэннем для нашай веры з’яўляецца тое, што ўсемагутны і трансцэндэнтны Бог прыходзіць у свет як адзін з нас, як канкрэтны чалавек, цясляр з Назарэту. Не раз у нас узнікае спакуса засяродзіцца выключна на боскасці Сына, пазбягаючы праўды аб уцелаўленні. Аднак гэта памылка, бо сам Бог пажадаў стаць нашым сваяком.

Я чуў гісторыю пра аднаго чалавека, у якога можна павучыцца гэтай сваяцкай блізкасці з Панам Езусам. Маці Разаліяна, манашка з варшаўскага дамініканскага кляштара св. Ганны, паходзіла з вядомай габрэйскай сям’і, яна ўсведамляла, што Пан Езус — яе блізкі сваяк. Некаторым людзям быў не даспадобы спосаб яе асабістай малітвы — гэта часта нагадвала скаргі. Аднойчы, ужо ў старасці, маці Разаліяна ўпала і, відаць, зламала сцягно. А машына хуткай дапамогі магла прыехаць па яе толькі раніцаю наступнага дня. Уначы сёстры чулі малітвы маці Разаліяны: «Як Ты мог дапусціць, што такое са мною здарылася? Што Ты там наогул думаеш?» Відаць, гучалі нават пагрозы на адрас Пана Езуса. Але ж гэтая дзіўная малітва была плённаю: раніцаю маці Разаліяна спусцілася да лекараў ужо на здаровых нагах, нібыта нічога і не адбылося.

Усемагутны Бог жадае быць нашым сваяком, і як наш блізкі сваяк, хоча быць для нас Збаўцам і Усемагутным міласэрным Богам.


Айцец Крыштаф Коц’ян OP

Глядзіце яшчэ разважанні на Чатырнаццатую звычайную нядзелю, Год В:

айцец Раман Шульц OP «Здзіўленне»
айцец Раман Шульц OP «І сумняваліся ў Ім», «і дзівіўся іхняму бязвер’ю...»

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла