«Пачаў высылаць іх па двое…»

Пятнаццатая звычайная нядзеля, год В (15.07.2018)

Пасля паклікаў Дванаццаць, і пачаў высылаць іх па двое, і даў ім уладу над нячыстымі духамі. Наказаў ім не браць у дарогу нічога, акрамя аднаго кія: ні хлеба, ні торбы, ні медзі ў поясе, але абувацца ў сандалі і не апранаць дзвюх вопратак. Ён сказаў ім: «Калі дзе ўвойдзеце ў дом, заставайцеся там, пакуль не выйдзеце адтуль. Калі ў якім-небудзь месцы не прымуць вас і не будуць слухаць вас, то, выходзячы адтуль, абтрасіце пыл з ног вашых на сведчанне ім». Пайшоўшы, яны прапаведавалі пакаянне, выганялі шмат злых духаў і шмат хворых намашчвалі алеем, і вылечвалі.

(Мк 6, 7–13)

«Пачаў высылаць іх па двое…»

Амаль у кожнай справе істотна не столькі добра ведаць тэарэтычную частку, колькі разумець, што прыйдзе момант, калі трэба будзе перайсці да дзеяння, і таму ацаніць сваю здольнасць скарыстацца атрыманымі ведамі у жыцці і ўбачыць, што яшчэ трэба ўдасканаліць. Недарэчна, напрыклад, было б вывучаць замежную мову не маючы намеру на ёй з кімсьці размаўляць.

Праз нейкі час пасля паклікання Пан Езус пасылае апосталаў на «практыку», каб яны самі пераканаліся ў моцы Божага дзеяння і навучыліся давяраць Божай апецы. Ён пасылае іх па двое, і гэта зразумела, бо лягчэй пераносіць цяжкасці дарогі пры падтрымцы іншага чалавека, лягчэй убачыць свае слабасці і пачаць змяняцца да лепшага. Дарэчы, калі нам здаецца, што мы ужо сталі дасканалымі хрысціянамі, варта для праверкі вырушыць у падарожжа (альбо пілігрымку) з кімсьці, каго мы не так добра ведаем. Колькі ж нечаканых бакоў характару можа выявіцца ў такім падарожжы (і добрых, і не вельмі)! Апосталы вырушаюць у шлях па двое, бо лягчэй ісці ў невядомае разам, як лягчэй упершыню скочыць з парашутам у тандэме з інструктарам, чым аднаму. У выпадку апосталаў гэты «інструктар» — Святы Дух, які іх суправаджае, апека Нябеснага Айца і словы Езуса. Бог увесь час дзейнічае ў Найсвяцейшай Тройцы.

Божае слова запрашае нас прыгледзецца да нашага хрысціянскага жыцця. Ці не з’яўляемся мы толькі добрымі тэарэтыкамі, якія не маюць адвагі перайсці да практыкі? І надалей застаюцца актуальнымі ўчынкі міласэрнасці адносна цела і душы бліжняга, якія недастаткова толькі ведаць напамяць. Няхай жа Бог напоўніць нашыя сэрцы адвагаю, каб мы маглі пакінуць месцы, дзе нам добра і ўтульна, і вырушыць у дарогу.


Айцец Павел Мажэйка OP

Глядзіце яшчэ разважанні на Пятнаццатую звычайную нядзелю, Год В:

айцец Войцех Енджэеўскі OP «Надрэз»
айцец Тамаш Міка ОР «Мы — прыгожыя»

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла