Сапраўдны адпачынак

Шаснаццатая звычайная нядзеля, год В (22.07.2018)

Апосталы сабраліся каля Езуса і расказалі Яму ўсё, што зрабілі і чаму навучылі. А Ён сказаў ім: «Пайдзіце адны ў пустыннае месца і крыху адпачніце». Бо так шмат людзей прыходзіла і адыходзіла, што ім не было нават калі паесці. Таму адплылі яны ў пустыннае месца на чоўне адны.
Калі ўбачылі, што яны адплылі, шмат хто, даведаўшыся, пешкі збегліся туды з усіх гарадоў і апярэдзілі іх. Выйшаўшы з чоўна, Езус убачыў мноства людзей і змілаваўся над імі, бо яны былі як авечкі без пастыра, і пачаў іх многаму вучыць.

(Мк 6, 30–34)

Сапраўдны адпачынак

«Пайдзіце адны ў пустыннае месца і крыху адпачніце» — гэтыя словы Пана Езуса мы чытаем у разгар сезону адпачынкаў, і яны з’яўляюцца добраю нагодаю паразважаць пра тое, якім павінен быць сапраўдны адпачынак і якая яго мэта. На жаль, сёння ў свеце пашыраецца тэндэнцыя праводзіць адпачынак, так, што пасля яго неабходны дадатковы «адпачынак ад адпачынку», каб вярнуцца да нармальнага працаздольнага стану і добра выконваць свае абавязкі. Я маю на ўвазе не толькі звычай «адпачываць» у шумным таварыстве і з алкаголем. Здавалася б, бяскрыўдны выезд у паўднёвыя краіны часта абарочваецца шматлікімі непрыемнасцямі: ад дрэннага самаадчування ў выніку перамены месца, неадпаведнага клімату або транспарту, да папсаваных нерваў, страчаных часу і сродкаў па прычыне несумленнасці тур-аператараў. Вядома, ніхто нікому не забараняе падарожнічаць, калі гэта сапраўды спрыяе фізічнаму і духоўнаму здароўю. Але многія робяць гэта дзеля прэстыжу: маўляў, я не горшы за іншых, магу сабе дазволіць Егіпет, Турцыю, Кіпр і г.д., хоць прабыванне там запаўняюць не столькі аздараўленнем ці азнаямленнем з мясцовымі славутасцямі, колькі бессэнсоўнай стратай часу і грошай на ўзгаданыя ўжо алкагольныя пасядзелкі, толькі ў іншай дэкарацыі. А ў сучасным занураным у мітусню свеце чалавек патрабуе адпачынку перш за ўсё ад шалёных тэмпаў цяперашняй цывілізацыі, адарванай ад усяго натуральнага, пазбаўленай дастатковай цішыні, спакою, сустрэчаў з прыродаю.

Варта заўважыць, што значная частка жыхароў нашай краіны праводзіць свой адпачынак акурат на прыродзе, і не пад паўднёвым небам, а пад нашым родным, толькі не бачыць яго, таму што позірк скіроўвае на пустазелле ў агародзе. Безумоўна, вырошчванне сваёй гародніны ў разумных межах вырашае харчовую праблему і можа быць сапраўды карысным, але калі гэта ператвараецца ў «хцівы працагалізм», ад якога чалавек свету Божага не бачыць, а сам становіцца нявольнікам, яго праца карысці не прыносіць. Бывае, што ўжо і сілы не тыя, ды і гародніны той столькі не трэба, але нешта перагледзець і ад нечага адмовіцца вельмі цяжка. Самае сумнае, што агарод займае месца Бога, і ўлетку касцёлы пусцеюць з-за неабходнасці яго даглядаць, хоць далёка не заўсёды гэтая неабходнасць апраўданая. Але кожны, хто хоча ўвайсці ў вечны Божы адпачынак, павінен памятаць, што толькі ад духоўнай працы не можа быць адпачынку. Таму, плануючы выезды, трэба рэзерваваць не толькі нумар у гатэлі, але і час на нядзельную святую Імшу, а знаходзячы сілы для працы на агародзе, пакідаць іх і на наведванне касцёла. Калі чалавек пазбаўлены сну, яго цела слабне, калі пазбаўлены духоўнай дапамогі — слабне ягоная душа. Але ў адрозненне ад цела, якое патрабуе змены дзейнасці, каб аднавіць сілы, душа павінна заўсёды працаваць, каб яе сілы не аслаблі. Нельга сказаць, што чалавек, чыя прафесія звязаная з камп’ютарамі, добра адпачывае, калі бавіцца ў камп’ютарныя гульні. Што датычыць душы, то, наадварот, яна не можа перастаць маліцца і прымаць сакрамэнтальную дапамогу нават у перыяд адпачынку.

Бог стварыў свет і на сёмы дзень адпачыў ад працы, каб даць прыклад чалавеку, што адпачываць неабходна. Але той жа ўцелаўлёны Бог, дапоўніўшы справу стварэння адкупленнем, калі Яго цела спачывала ў дзень суботні ў грабніцы, скіраваў сваю душу ў адхлань, каб вывесці адтуль праведнікаў, паказваючы, што для збаўлення свайго і блізкіх людзей адпачынку быць не можа. Таму толькі такі адпачынак можна назваць сапраўдным, калі падчас яго знойдзецца адпаведнае месца для Бога, Які адзін можа зрабіць усе нашыя памкненні карыснымі і адарыць сваім вечным адпачынкам у небе.


Айцец Міхал Ермашкевіч OP

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла