А ты — верыш?

Сямнаццатая звычайная нядзеля, год В (29.07.2018)

Адзін чалавек прыйшоў з Баалшаліша і прынёс чалавеку Божаму хлеб пачаткаў, дваццаць ячменных хлябоў і свежае збожжа ў торбе сваёй. І сказаў Элія: Дай людзям, каб елі. І сказаў слуга ягоны: Як магу я пакласці гэта перад сотняю чалавек? Ён зноў сказаў: Дай людзям, каб елі. Бо так кажа Пан: будуць есці, і застанецца. Тады паклаў перад імі, і елі яны, і засталося, паводле слова Пана.

(2 Вал 4, 42–44)

Пасля гэтага Езус адышоў за Галілейскае, або Тыберыядскае мора. Ішло за Ім мноства людзей, таму што бачылі знакі, якія чыніў над хворымі. І ўзышоў Езус на гару, і сядзеў там са сваімі вучнямі. А набліжалася Пасха, юдэйскае свята. Калі Езус узняў вочы і ўбачыў, што мноства людзей ідзе да Яго, сказаў Філіпу: «Дзе нам купіць хлеба, каб накарміць іх?» А казаў гэта, выпрабоўваючы яго, бо сам ведаў, што збіраўся рабіць. Філіп адказаў Яму: «Хлеба на дзвесце дынараў не хопіць ім, каб кожнаму дасталося хоць крыху!» Кажа Яму адзін з вучняў Ягоных, Андрэй, брат Сымона Пятра: «Ёсць тут адзін хлопец, які мае пяць ячменных хлябоў і дзве рыбіны, але што гэта для такога мноства?» Езус сказаў: «Загадайце людзям сесці». А было на тым месцы шмат травы. І селі людзі, якіх было каля пяці тысяч. Езус узяў хлябы і, узнёсшы падзяку, раздаў тым, хто сядзеў; таксама і рыбы, колькі хто хацеў. А калі насыціліся, кажа вучням сваім: «Збярыце кавалкі, што засталіся, каб нічога не змарнавалася». Яны сабралі і напоўнілі дванаццаць кашоў кавалкамі з пяці ячменных хлябоў, якія засталіся ў тых, хто еў.
Калі ж людзі ўбачылі, які знак учыніў Езус, казалі: «Ён сапраўды прарок, які павінен прыйсці на свет!» Калі Езус даведаўся, што хочуць прыйсці і схапіць Яго, каб зрабіць каралём, зноў адышоў на гару адзін.

(Ян 6, 1–15)

А ты — верыш?

Памнажэнне хлеба — прадчуванне Эўхарыстыі. Гэта першая думка, якую нараджае ўва мне гэты евангельскі фрагмент. Зямны хлеб корміць чалавечыя целы, а Нябесны Хлеб насычае нашыя душы. Аднак гэтая гісторыя не толькі пра ежу. Здавалася б, каб насыціць натоўпы людзей, трэба мець тысячы кашоў з хлябамі. І Евангелле, і першае літургічнае чытанне, паказваюць, што лічба насамрэч не мае значэння. Гэта адносіцца і да іншых сфераў нашага жыцця і нашых патрэбаў, якія могуць здавацца нам такімі велічэзнымі, што іх немагчыма задаволіць. На нашыя духоўныя патрэбы Бог ужо даў адказ і працягвае адказваць у Езусе Хрысце, асабліва з дапамогаю сакрамэнтаў. Аднак аказваецца, што Ён ахвочы адказаць і на нашыя матэрыяльныя патрэбы, нават такія простыя, як голад. Ён не вымагае, каб мы былі на ўсе сто працэнтаў забяспечаныя, з улікам непрадбачаных выпадкаў. Нашая вера тут нашмат важнейшая за колькасць сродкаў, якія мы можам выкарыстаць. Гэты фрагмент ставіць перад намі пытанне: «А ты — верыш?» Вера — гэта адказ на Божае Аб’яўленне, Яго Слова, Яго абяцанне, адказ на Яго самога — Бога, які аддае нам сябе. Але веру можна палічыць. Можна мець яе больш ці менш. Таму сённяшні фрагмент Евангелля пытаецца ў нас, ці не баімся мы прыйсці да Хрыста з такою вераю, якую маем цяпер: часам большаю, часам зусім малою. А можа менавіта гэтае бязвер’е перамагае нас і не дае адкрыцца памнажэнню хлеба? Пане Езу Хрыстэ, у Тваё імя я выракаюся бязвер’я і прашу Цябе, памнож маю веру! 

 


Айцец Войцех Гамулка OP.
Па матэрыялах партала W drodze падрыхтавала Юлія Шэдзько.

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла