Голад да Хрыста

Дзявятая звычайная нядзеля, Год В (03.06.2018)

Аднойчы ў шабат, калі Езус праходзіў праз пасевы, вучні Ягоныя пачалі па дарозе зрываць каласы. Тады сказалі Яму фарысеі: «Глядзі, чаму яны робяць у шабат тое, што не дазволена?» Ён адказаў ім: «Вы ніколі не чыталі, што зрабіў Давід, калі меў патрэбу і згаладаўся ён і тыя, хто быў з ім? Як увайшоў у дом Божы ў часы першасвятара Абіятара і еў ахвярныя хлябы, якіх нельга было есці нікому, акрамя святароў, і даў тым, хто быў з ім?» І сказаў ім: «Шабат устаноўлены для чалавека, а не чалавек для шабату. Таму Сын Чалавечы гаспадар шабату».

 (Мк 2, 23–28)

 

Голад да Хрыста

У гэтую нядзелю Евангелле распавядае нам пра вучняў, якія прагаладаліся і сталі рваць каласы. У нядзелю ў Мінску і ў Магілёве па вуліцах горада пройдуць святочныя працэсіі ў гонар урачыстасці Божага Цела і Крыві. Па гарадах пранясуць Цела ўваскрослага Езуса. На шчасце, мы жывем у такія часы і ў такім месцы на зямлі, дзе голад да хлеба і голад да эўхарыстычнага Хрыста можна без праблемаў заспакоіць. Дзякуем Богу за гэта! Гэтае разважанне я хачу прысвяціць таямніцы Эўхарыстыі — бо мы перажываем актаву ўрачыстасці Божага Цела і Крыві — і запрасіць вас паразважаць над нашаю любоўю і голадам да Езуса — Эўхарыстыі.

У 1994 г. на працягу чатырох месяцаў у афрыканскай Руандзе экстрэмісты з племені хуту забілі каля мільёна чалавек з племені тутсі. Стагоддзямі гэтыя плямёны жылі між сабою ў суседскай згодзе, але патаемная барацьба за ўласныя інтарэсы і ўплыў прывяла да таго, што адно з плямёнаў паддалося маніпуляцыі і стала варожым да іншага. Мноства людзей загінула. Напрыклад, там адбывалася такое.

У адну каталіцкую вёску ўварвалася група бандытаў, каб забіць усіх насельнікаў, але перад самым забойствам вызвалілі маладую дзяўчыну, захапіўшыся яе прыгажосцю. Яна ж, замест таго, каб уцячы, пайшла ў вясковую каплічку, дзе захоўваўся Найсвяцейшы Сакрамэнт, бо ведала, што бандыты пойдуць туды, каб яго зняважыць. Яна адчыніла дзверкі табэрнакулюма і вырашыла спажыць усе кансэкраваныя Гостыі. Калі яна гэтак «схавала» Пана Езуса ў сябе ўнутры, бандыты ўвайшлі ў капліцу. Зразумеўшы, што дзяўчына перашкодзіла ім апаганіць Эўхарыстыю, яны шалёна раззлаваліся і, збіўшы яе на горкі яблык, беспрытомную пакінулі ў капліцы. Праз некалькі гадзінаў у вёску прыехалі прадстаўнікі Чырвонага Крыжа і знайшлі збітую дзяўчыну. Яны выратавалі яе.

Праз некалькі гадоў пасля таго здарэння з дзяўчынаю размаўляў вядомы прапаведнік Даніэль Анж. Яна, паралізаваная, сядзела ў інвалідным вазку, не могучы варушыць рукамі і нагамі. Адзінае, што яна магла, — гаварыць. Распавядаючы Анжу пра тое, што з ёю здарылася, яна сказала, што ні разу не пашкадавала, што змагла аддаць хоць крышынку сваёй любові Езусу, які сам ёсць найбольшаю Любоўю, і змагла абараніць Яго…

Вера і любоў гэтай дзяўчыны захапляюць! Няхай жа Пан Бог умацуе нашую веру і любоў, каб і мы былі сведкамі Любові, укрытай у Эўхарыстыі.


Айцец Раман Шульц OP

 

 

 

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла