Пята і галава

Дзясятая звычайная нядзеля, Год В (10.06.2018)

Калі ж Адам з’еў з дрэва, паклікаў Пан Бог Адама і сказаў яму: Дзе ты? Ён адказаў: Я пачуў голас твой у раі і спалохаўся, бо голы я, і схаваўся. Сказаў Бог: Хто сказаў табе, што ты голы? Можа еў ты з дрэва, з якога Я забараніў табе есці? Адам сказаў: Жанчына, якую Ты даў мне, яна дала мне, і еў я. І сказаў Пан Бог жанчыне: Чаму ты гэта зрабіла? Яна сказала: Змей падмануў мяне, і ела я. Тады сказаў Пан Бог змею: За тое, што ты зрабіў гэта, ты пракляты паміж усімі жывёламі і паміж усімі звярамі палявымі. На жываце сваім поўзаць будзеш і пыл будзеш есці праз усе дні жыцця свайго. Устанаўлю варожасць паміж табою і паміж жанчынаю, і паміж патомствам тваім, і паміж яе патомствам. Яно сатрэ табе галаву, а ты сатрэш яго пяту.

(Быц 3, 9–15)

І прыйшоў Езус з вучнямі ў дом. І зноў сабраўся натоўп, так што яны не маглі нават паесці хлеба. Пачуўшы гэта, Яго родныя пайшлі забраць Яго, бо казалі, што Ён страціў розум.

А кніжнікі, якія прыйшлі з Ерузалема, казалі, што Ён мае ў сабе Бэльзэбула і князем злых духаў Ён выганяе злых духаў. А Езус, паклікаўшы іх, казаў ім у прыпавесцях: «Як можа сатана выганяць сатану? Калі валадарства падзеліцца знутры, не можа выстаяць такое валадарства. І калі дом падзеліцца знутры, не можа выстаяць такі дом. І калі сатана паўстаў супраць сябе і падзяліўся, не можа выстаяць, але канец яму. Ніхто не можа ўвайсці ў дом асілка і выкрасці ягоныя рэчы, калі спачатку не звяжа асілка. Тады толькі абрабуе дом ягоны. Сапраўды кажу вам, што сынам чалавечым будуць адпушчаны ўсе грахі і блюзнерствы, якімі б ні блюзнерылі. Але той, хто будзе блюзнерыць супраць Духа Святога, ніколі не атрымае адпушчэння, а будзе асуджаны навекі». Так сказаў, бо гаварылі: «Ён мае нячыстага духа».

Тады прыйшлі Маці Яго і браты Ягоныя і, стоячы звонку, паслалі паклікаць Яго. Натоўп, які сядзеў каля Яго, казаў Яму: «Вось Маці Твая, і браты Твае, і сёстры Твае на вуліцы шукаюць Цябе». Але Ён сказаў ім у адказ: «Хто маці Мая і браты Мае?» І, паглядзеўшы на тых, хто сядзеў вакол Яго, сказаў: «Вось маці Мая і браты Мае. Бо хто будзе выконваць волю Божую, той Мне брат, і сястра, і маці».

(Мк 3, 20–35)

Пята і галава

Некалькі гадоў таму я прачытаў кнігу Хасэ Сарамага «Горад сляпых». Там распавядаецца пра горад, жыхары якога з невядомых прычынаў трацяць зрок. Агульная слепата прывяла да таго, што цывілізаваныя нормы паводзінаў зніклі, паўсюль запанавалі жывёльная агрэсія і страх. І хоць горад сляпых — гэта выдумка, апісаныя механізмы чалавечых паводзінаў вядомыя не толькі па эксперыментах сацыялогіі і псіхалогіі, але і з гісторыі чалавецтва. Нашая цывілізацыя насамрэч вельмі крохкая.

Я ўзгадаў пра гэта, разважаючы над сённяшнімі чытаннямі. У Кнізе Быцця мы бачым свет пасля першароднага граху. Кідаецца ў вочы, што еднасць з Богам і з іншым чалавекам тут парушаная. Адам усведамляе сваю галізну і палохаецца. Ён бездапаможны і безабаронны, траціць пачуццё адказнасці за свае ўчынкі. Ён не бачыць вынікаў уласнага выбару, а ва ўсім абвінавачвае Бога: Ты даў мне гэтую жанчыну, а цяпер хочаш мяне пакараць…

Але голы Адам хаваецца не толькі ад Бога. Пагрозаю для яго з’яўляецца і іншы чалавек. Параненая пачуццёвасць ужо не скіроўвае яго толькі да дабра. Ва ўзаемаадносінах гаворка ўжо не ідзе пра тое, як даваць у дар і дапаўняць іншага, а толькі пра тое, як выкарыстаць яго. Прынцып такі: або я выкарыстаю, або мяне выкарыстаюць.

На шчасце, на гэтай сцэне ўсё не скончваецца. У роспачы Адам робіць памылку. Менавіта гэта я зразумеў, прачытаўшы «Горад сляпых». Парадаксальна, але гэта кніга замест пачуцця прыгнечанасці выклікала ў мяне радасць і спакой. Бо мой уласны досвед — гэта, хутчэй, зычлівасць, любоў і дабро. І паколькі яны існуюць, нягледзячы на ўласную безабароннасць перад пагрозамі гэтага свету, значыць, іх сапраўды ахоўвае рука Божага Провіду. Штодня я свядома прамаўляю: «І не ўводзь нас у спакусу» і не павінен баяцца. Хоць я і адчуваю ў сабе пагрозу, Пан Бог можа абараніць мяне і ад мяне самога. Д’ябал здольны ўкусіць мяне ў пяту, але Новы Адам ужо раструшчыў яму галаву.


Айцец Крыштаф Коц’ян OP

Глядзіце яшчэ разважанні на Шостую Велікодную нядзелю, Год В:

айцец Міхал Ермашкевіч ОР «Замкнутае сэрца»
айцец Раман Шульц OP «Грахі супраць Духа»

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла