Хутчэй і хутчэй

Адзінаццатая звычайная нядзеля, Год В (17.06.2018) 

І сказаў: «Так і Валадарства Божае нібы чалавек, што кідае зерне ў зямлю. Ён спіць і ўстае ноччу і днём, а як зерне ўзыходзіць і расце, не ведае. Бо зямля сама па сабе прыносіць плён: спачатку рунь, потым колас, потым поўнае зерне ў коласе. Калі ж саспее плод, адразу пасылае серп, таму што настала жніво». 

І сказаў: «З чым параўнаем Валадарства Божае? Ці ў якой прыпавесці выявім яго? Яно як гарчычнае зерне: калі яго сеюць у зямлю, яно найменшае з усяго насення на зямлі. Калі ж пасеяна, узыходзіць і становіцца большым за ўсялякую зеляніну, пускае вялікае галлё, так што ў ценю ягоным могуць гняздзіцца нябесныя птушкі». 

 (Мк 4, 26–34)

Хутчэй і хутчэй

«Хутчэй! Мусіш быць хутчэйшым за іншых!» Такія, або падобныя словы суправаджаюць нас на працягу большай часткі нашага жыцця, пакуль мы маем сілы, каб на іх адгукнуцца. І падбухтораны гэтымі словамі, чалавек пачынае змяняць сваё атачэнне, каб павялічыць хуткасць і ўсюды паспяваць. З’яўляюцца суперхуткія камп’ютары, хуткія машыны, фаст-фуд і іншыя рэчы, якія павінны павялічыць нашу прадуктыўнасць. Толькі чалавек і надалей застаецца жывой істотай, Божым стварэннем, якое жыве ў сваім тэмпе. Ён не можа функцыянаваць як робат або камп’ютар, без перапынку і адпачынку.

«Трэба мець шмат рэсурсаў, каб пачаць нейкую справу, каб развівацца!» — яшчэ адна «папярэчына», якую чалавек ставіць сам для сябе. «Каб я быў міліянерам я рабіў бы шмат дабра. Каб я меў нейкі талент, то служыў бы ім іншым людзям» — гэта гучыць як адгаворка.

Нядзельнае Божае слова запрашае нас затрымацца і прапаноўвае паглядзець на сваё жыццё з іншай перспектывы — перспектывы Божага Валадарства, да якога ніяк не пасуюць вышэйапісаныя «прагрэсіўныя» мадэлі. Езус расказвае дзве прыпавесці, у якіх тлумачыць, чым ёсць Божае Валадарства. Першая прыпавесць — пра чалавека, які сее зерне і чакае ўраджаю. Ён не прыспешвае момант жніва. Неразумна было б у нецярплівасці падцягваць маладыя парасткі, каб хутчэй сабраць ураджай, гэта зусім знішчыць працу. Евангелле вучыць нас цярплівасці ў часы, калі ўсё штучна прыспешваецца. Для ўсяго ёсць свой час. Трэба павучыцца цярплівасці ў святога Паўла: «Неістотна, хто садзіць і хто палівае, бо гэта Бог дае ўзрастанне» (1Кар 3, 7).

Другая прыпавесць — пра гарчычнае зерне. Хто сказаў, што для таго, каб распачаць нейкую добрую справу, патрэбна ўсяго шмат (грошай, людзей і інш.)? Дабро, праўда, справядлівасць, супакой, калі бяруць пачатак у Богу, могуць заззяць поўным бляскам. І незаўважальнае на пачатку зернейка дабрыні «становіцца большым за ўсялякую зеляніну, пускае вялікае галлё, так што ў ценю ягоным могуць гняздзіцца нябесныя птушкі».

Евангелле прапануе нам іншы тэмп жыцця. Ці прыслухаемся мы да яго, залежыць ад нас. Святому Пісанню можна даверыцца, бо яно ўзнікла пад натхненнем Стварыцеля для чалавека, які ёсць найдасканалейшым з Божых стварэнняў, а прыслухоўваючыся да Бога, мы можам станавіцца ўсё больш падобнымі да... саміх сябе. Сапраўдных, а не віртуальных.


Айцец Павел Мажэйка OP

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла