Для творчай дыскусіі і адкрыцця новых даляглядаў

Па ініцыятыве выкладчыкаў і духоўных фарматараў Міждыяцэзіяльнай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску выдадзены першы нумар тэалагічна-філасофскага штогодніка «Studia Аquinalia». Гэты навуковы часопіс уяўляе сабою плён працы святароў, кансэкраваных асобаў і свецкіх вернікаў, зацікаўленых у развіцці рэлігійнай думкі ў нашым краі.


Як адзначаецца ў прадмове да штогодніка, своеасаблівым штуршком да яго выдання стала святкаванне 100-годдзя Фацімскіх аб’яўленняў Маці Божай. Па гэтай прычыне першы і самы аб’ёмны з пяці раздзелаў часопіса — «Знак вялікі з’явіўся на небе» (Ап 12, 1) — прысвечаны менавіта Найсвяцейшай Панне Марыі і гісторыі пераследу беларускага народа ў мінулым стагоддзі (артыкулы кс. Валерыя Марціноўскага, кс. Адама Дынака, Вольгі Якіменкі, кс. Віктара Місевіча). У другім раздзеле — «Каб пазналі Цябе, адзінага праўдзівага Бога» (Ян 17, 3) — змешчаныя публікацыі Дар’і Галубковай OV, кс. Юрыя Дразда, кс. Юрыя Пракапюка і кс. Дзмітрыя Пухальскага. У іх даследуецца творчая спадчына і дзейнасць славутых асветнікаў беларускай зямлі Кірылы Тураўскага, кс. Адама Станкевіча, біскупа Зыгмунта Лазінскага; разглядаецца дзейнасць некаторых харызматычных рухаў і пытанні грамадскай справядлівасці. Артыкулы Аксаны Касцючэнкі і кс. Андрэя Рылкі з трэцяга раздзела — «Што даражэйшае, чым мудрасць?» (Мдр 8, 5) — прысвечаны філасофскім праблемам. У чацвёрты і пяты раздзелы часопіса ўвайшлі рэзэнзіі і справаздачы.

Рэдакцыя часопіса запрашае да супрацоўніцтва ўсіх ахвотных і жадае, каб «часопіс паспрыяў узбуджэнню творчай дыскусіі і адкрыў новыя гарызонты ў асэнсаванні праблем філасофіі, тэалогіі, свету і чалавека».

Прэзентацыя штогодніка адбылася 19 мая ў Іванаве падчас урачыстасцяў, прысвечаных 80-й гадавіне кананізацыі святога Андрэя Баболі. Аналагаў гэтаму выданню ў сучаснай беларускай культурна-навуковай прасторы практычна няма, таму вельмі радуе тое, што «Касцёл у Беларусі імкнецца ўнесці свой уклад у скарбніцу хрысціянскай культуры нашай краіны», як адзначыў ва ўступным слове да выдання біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Таму шчыра віншуем рэдакцыю «Studia Аquinalia» з гэтым важным пачынаннем і жадаем багатага плёну ў далейшай працы на ніве рэлігійнага асветніцтва. 


Ганна Шаўчэнка

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла