Новая ўспрымальнасць Касцёла?

Шаноўныя чытачы, прапануем вашай увазе інтэрв’ю, у якім глыбока і востра аналізуецца тэкст адгартацыі папы Францішка «Amoris laetitia». Вось ужо на працягу двух гадоў, якія прайшлі з часу публікацыі гэтага папскага дакумента, вакол яго не сціхаюць дыскусіі. Спадзяемся, што разважанні вядомага польскага тэолага і прафесара а. Яраслава Купчака ОР дапамогуць вам не толькі лепш зразумець сутнасць адгартацыі пра становішча і месца разведзеных сужэнцаў у Касцёле, але таксама ясней убачыць некаторыя асаблівасці сённяшняга Пантыфікату.


З айцом Яраславам Купчакам ОР, прафесарам тэалагічных навук, загадчыкам кафедры тэалагічнай антрапалогіі ў Папскім універсітэце Яна Паўла ІІ у Кракаве, старшынёю польскага Таварыства тэолагаў дагматыкаў, аўтарам працаў «Dar i komunia. Teologia ciała w ujęciu Jana Pawła II», «Teologiczna semantyka płci» размаўляе айцец Раман Бялецкі ОР, галоўны рэдактар часопіса «W drodze».

а. Яраслаў Купчак ОР

— У красавіку прамінула два гады пасля абвяшчэння адгартацыі «Amoris laetitia», а дыскусія вакол яе разумення не сціхае. Мала які з дакументаў Папы Рымскага выклікае столькі эмоцый. Чаму?

— Ёсць дзве прычыны такога ўзрушэння. Па-першае, Папа прапануе змяніць практыку, якой карысталіся дагэтуль, і de facto дактрыну Касцёла, згодна з якой разведзеным людзям, што заключылі новыя саюзы, не ўдзялялася святая Камунія. Другая праблема вынікае з няяснасці тэксту, які выклікае шмат канкрэтных пытанняў.

— Які касцёльны статус цяпер маюць людзі, што жывуць у так званых нестандартных саюзах?

— Ніхто не аднімае ў іх права быць у Касцёле, называць сябе католікамі, а таксама ўдзельнічаць у разнастайных касцёльных справах. Аднак у вучэнні Настаўніцкага Інстытута Касцёла, якое не раз ужо тлумачылася пры розных нагодах, падкрэсліваецца, што гэтыя людзі знаходзяцца ў стане граху, бо жывуць з незаконнымі сужэнцамі.

— Прапанова Святога Айца не ўзнікла з ніадкуль. Ужо падчас Другога Ватыканскага Сабору з’явіліся меркаванні пра тое, што Касцёл павінен перагледзець дэфініцыю непарыўнасці сужэнства.

— Такія прапановы былі адкінутыя папам Паўлам VI і большасцю ўдзельнікаў Сабору. Аднак гэта не спыніла дыскусіі вакол разумення непарыўнасці сужэнства. Многія тэолагі, перш за ўсё амерыканскія, нямецкія і французскія, крытыкавалі пазіцыю Папы Рымскага і спрабавалі зноў вырашыць гэтае пытанне.

Навізну ў гэтую праблему ўнесла адгартацыя Яна Паўла ІІ «Familiaris consortio» (1981 г.). З та­го часу Касцёл пры пэўных умовах дазволіў прыступаць да святой Камуніі разведзеным людзям, якія паўторна стварылі сем’і.

— Якія гэта ўмовы?

— Калі гаварыць зразумелаю моваю, важна тое, каб гэтыя людзі жылі як брат і сястра, гэта значыць устрымліваліся ад сексуальных адносінаў.

— Аднак даводзіцца чуць меркаванні, напрыклад, ад кардынала Вальтэра Каспэра, даўняга і дасведчанага ватыканскага чыноўніка, што ў часы айцоў Касцёла, у гэтым ідэальным з нашага пункту погляду перыядзе, практыка такой Камуніі мела месца.

— Не зусім. Спасылка на айцоў Касцёла ў гэтым пытанні памылковая. Хоць ксёндз кардынал і абапіраецца на іх аўтарытэт, аднак патролагі і гісторыкі старажытнасці сурова раскрытыкавалі яго тэзісы.

Былі адзінкавыя выпадкі допуску да святой Камуніі разве­дзеных, якія жылі ў новых саюзах, аднак нельга казаць, што так адбывалася паўсюль. Варта таксама памятаць, што мы гаворым пра час, у які яшчэ не існавала дэфініцыі сакрамэнту і да канца не было вызначана, якія практыкі Касцёла з’яўляюцца сакрамэнтальнымі.

— Паколькі пасля абвяшчэння адгартацыі «Familiaris consortio» ўжо існуе шлях распазнавання нестандартных сітуацый, то якое новае рашэнне прапануецца ў «Amoris laetitia»?

— На рашэнні, прапанаваныя папам Францішкам, трэба глядзець у кантэксце крытыкі на адгартацыю Яна Паўла ІІ.

— Што гэта значыць?

— Я звярнуў бы ўвагу на тэзіс найбольш аўтарытэтнага, на маю думку, сучаснага тэолага маралі ў Германіі, выкладчыка ўніверсітэта ў Фрайбургу, ксяндза прафесара Эберхарда Шокэнхофа. Гэта адзін з галоўных дарадчыкаў нямецкай Канферэнцыі Біскупаў. Летам мінулага года на штогадовай сустрэчы польскіх тэолагаў маралі ў Нысе ён прапанаваў перагле­дзець дэфініцыю непарыўнасці сужэнства. На яго думку, няма нічога такога, як трывалы сужэнскі саюз, які нібыта існуе з моманту заключэння сужэнства і ажно да смерці. У той час, калі паміж сужэнцамі памірае любоў, знішчаецца і непарыўнасць.

— Якім жа чынам ён інтэрпрэтуе словы Хрыста пра тое, што чалавек, які развядзецца са сваёю жонкаю, чужаложыць (Мц 19, 9)?

— Ксёндз прафесар лічыць, што калі «ачысціць» гэтыя словы ад гістарычнага кантэксту, то непарыўнасць сужэнства азначае выключна абяцанне Бога: Ён будзе падтрымліваць дваіх, якія кахаюць адно аднаго, — мужчыну і жанчыну — і ў першым, і ў кожным наступным саюзе.

— Прызнаем, што часам чалавечая любоў сапраўды памірае…

— Аднак гэта не дае нам права адпрэчваць метафізічную канцэпцыю сужэнскага саюзу, які існуе нават тады, калі ўжо няма супольнага жыцця, пачуццяў і любові. Як ты заўважыў, Касцёл не сам выдумаў гэтае контркультурнае вучэнне пра непарыўнасць сужэнства, а знайшоў яго ў словах Хрыста, які ў гэтым аспекце істотна адыходзіць ад мыслення Старога Запавету.

А Шокэнхоф і многія тэолагі, якія мяркуюць падобным чынам, лічаць, што няма непарыўнасці сужэнства; у той момант, калі адзін з сужэнцаў пакідае другога або калі сужэнцы прызнаюць, што страцілі цікавасць адно да аднаго, Бог нібы забірае назад свой дар і абяцанне непарыўнасці.

— Можа, гэтае меркаванне вынікае з таго, што падыход да нестандартных сітуацый, прапанаваны ў «Familiaris consortio», вычарпаў сябе і трэба распрацаваць яго нанава?

— Пытанне: у якім месцы ён вычарпаў сябе? Трэба ўсведамляць, што  многія лакальныя Касцёлы ніколі не кіраваліся прадпісаннямі «Familiaris consortio». Напрыклад, у Германіі, у Францыі ці Швейцарыі ніхто не заняўся рэалізацыяй адгартацыі, і таму стварылася сітуацыя, у якой, кажучы простымі словамі, усё можна. У такіх супольнасцях не існуе праблемы допуску ці нядопуску да святой Камуніі, бо ўсе прысутныя ў касцёле на святой Імшы ідуць да Камуніі.

— Таму я вяртаюся да пытання: можа, трэба нанова акрэсліць і растлумачыць касцёльны падыход да такіх сітуацый?

— Калі з’явілася адгартацыя «Familiaris consortio», большасць каментатараў засяродзілася на ўдзеле разведзеных людзей у сакрамэнтальнай Камуніі. Але ў цэлым тэкст быў не пра гэта. Святы Айцец меў на мэце інтэграцыю разведзеных людзей у жыццё Касцёла. Ян Павел ІІ звяртаў увагу на тое, каб атуліць душпастырскаю апекаю людзей, якія знаходзяцца ў нестандартных сужэнскіх сітуацыях. Гэтую ж думку я знаходжу сёння ў папы Францішка, які надаў закліку Яна Паўла ІІ вельмі хвалюючае азначэнне — «пастаральнае навяртанне», пра якое ён часта гаворыць. На маю думку, гэта найважнейшае ў вучэнні цяперашняга Пантыфікату, што заахвочвае нас да рахунку сумлення з апошняга трыццацігоддзя нашай душпастырскай працы.

— У якім сэнсе?

— Прасцей кажучы, трэба задаць сабе пытанне: колькі пробашчаў ці вікарыяў веда­юць, што дзесьці жывуць людзі без шлюбу, і абмінаюць іх дом, ходзячы па калядзе? Колькі такіх сітуацый, калі падчас казанняў гэтым людзям даюць адчуць, што яны з’яўляюцца католікамі другой катэгорыі? Колькі разоў, звярнуўшыся ў парафіяльную канцылярыю, каб папрасіць аб хросце дзіцяці, такія людзі сутыкаюцца з прыніжэннем і вельмі непрыемнымі адносінамі да іх святароў? Колькі парафій займаецца душпастырствам для людзей, якія жывуць у несакрамэнтальных саюзах? Ці шмат дыяцэзій, дзе рэальна, а не на паперы, працуюць душпастыры, якія займаюцца такімі людзьмі?

Мы ў сваіх дыскусіях засяроджваемся на тым, ці могуць такія людзі прыступаць да Камуніі, аднак гэта ўсяго толькі частка вялікай праблемы, якую папа Францішак слушна называе далучэннем да жыцця Касцёла. Са свайго досведу я ведаю, што размова з такімі людзьмі вельмі плённая. Відавочна, ім патрэбна менавіта адчуванне таго, што яны знаходзяцца ўнутры супольнасці, а не па-за ёю.

фота: Pier Paolo Cito AP

— Аднак жэст недапускання да святой Камуніі з’яўляецца лакмусаваю паперкаю, якая паказвае, што пэўным чынам яны ўсё ж такі выключаныя. Гаворка пра тое, што гэта няпраўда, ня­шмат змяняе. Таму голас Папы, які прабіваецца праз шум масмедыя, многім дае надзею на сапраўднае і поўнае вяртанне ў жыццё Касцёла.

— Тое, што людзі чуюць у масмедыя, звычайна мае ня­шмат агульнага з тым, чаму Папа Рымскі і Касцёл на самай справе навучаюць.

Гаворачы пра ўдзяленне Камуніі, ты свядома ці несвядома ўжыў слова «жэст». Для многіх гэта менавіта жэст. Аднак для Касцёла гэта цэнтр жыцця і сэрца веры. Таму нельга выкарыстоўваць гэты жэст толькі для таго, каб дасягнуць нейкай часовай мэты — даць людзям пачуццё спакою сумлення ці эмацыйнае суцяшэнне. Удзяленне чалавеку святой Камуніі заўсёды звязана з суджэннем пра яго маральны стан і распазнаваннем таго, на якім этапе дарогі да Бога ён знаходзіцца. Пры ўсіх рознагалоссях у інтэрпрэтацыі «Amoris laetitia» менавіта ў гэтым каментатары згодныя.

— У такім выпадку чым адрозніваецца рашэнне, прапанаванае папам Францішкам, ад таго, што практыкуецца цяпер?

«Amoris laetitia» змяняе існуючы дагэтуль спосаб аргументацыі вучэння Касцёла. У ёй ужо не гаворыцца пра ацэнку аб’ектыўнага стану, у якім апынуліся людзі ў нестандартным саюзе, а робіцца акцэнт на распазнаванне ступені іх віны.

— Што гэта значыць?

— Па-першае, Папа Рымскі прапануе паставіць пытанне пра тое, ці нясе гэты чалавек адказнасць за распад папярэдняга сужэнства. Як вядома, сітуацыі могуць быць розныя. Хтосьці сам пакінуў сужэнца, а кагосьці маглі пакінуць, ды яшчэ, напрыклад, з некалькімі дзецьмі альбо ў хваробе. Другое пытанне датычыць ацэнкі таго, ці спрабаваў гэты чалавек жыць у адзіноце, апякуючыся сваімі дзецьмі, каб мець магчымасць поўнасцю ўдзельнічаць у Эўхарыстыі. А можа, ён прыйшоў да высновы, што для яго гэта цяжар звыш сілаў, улічваючы бацькоўскія абавязкі ці эмацыйныя патрэбы. І зноў жа кожнае з гэтых рашэнняў мае пэўныя наступствы і маральную адказнасць. Трэцяе пытанне датычыць жыцця ў новым саюзе, або прынцыпаў, якімі кіруюцца сужэнцы ў сексуальных адносінах і выхаванні дзяцей. Усе гэтыя пытанні ўзнімаюцца ў адгартацыі і дапамагаюць вызначыць ступень віны тых лю­дзей, пра якіх мы гаворым.

— Гэта вельмі індывідуальны падыход да людзей, якія часта перажываюць драму ў сувязі з разводам і распадам іх саюзу. У чым заключаецца праблема?

— Згадзіўшыся на гэта, Касцёл пакажа, што ён прымае і другія саюзы. А калі другія, то таксама і іншыя саюзы, бо такая сітуацыя можа паўтарыцца — тая ж самая жанчына ці той жа самы мужчына могуць зноў расстацца і распачаць жыццё ў трэцім саюзе. Гэта адкрые шлях да серыйнай бігаміі. Можа, не адразу, не за адзін год, але, магчыма, на працягу дзесяці гадоў. Гэта таксама выклікае пытанні тэалагічнага характару: што ў такім выпадку адбываецца з папярэднім сужэнствам — ці існуе яно далей, ці сапраўднае яно па-ранейшаму, ці яго ўжо няма? Як растлумачыць непарыўнасць сужэнства?

— Тым не менш, даследаванне віны — гэта цікавая ідэя. Далёкая ад бяздушнага і сухога адміністрацыйнага падыходу. Што ў гэтым дрэннага?

— Ёсць дзве праблемы. Першая датычыць спаведніка. Менавіта на яго плечы кладзецца цяжар распазнавання сітуацыі сужэнцаў.

— Але ж касцёльныя суды так­сама займаюцца праблемамі несапраўдных сужэнстваў.

— Так, але ў іх практыцы гэта звязана з працэсам праслухоўвання і высвятлення віны абодвух бакоў. Аднак у прапанове Папы Рымскага менавіта спаведнік пасля выслухоўвання аднаго з бакоў павінен высветліць, хто адказны за распад сужэнства. Уявім сабе сітуацыю, у якой кінутая жанчына раптам бачыць, як яе былы муж прыступае да святой Камуніі з іншаю жанчынаю і двума новымі дзецьмі.

— У такіх сітуацыях Папа выразна гаворыць, што Эўхарыстыя — гэта не ўзнагарода для дасканалых, а лек і спажытак для слабых.

— Абсалютна правільна, але ў такой сітуацыі жанчына, пакрыўджаная сужэнцам, не мае магчымасці супаставіць у канфесіянале сваю версію падзеяў з тым, што распавёў яе сужэнец. Ну і на практыцы ён атрымаў другі шанец, а яна — не. Да яго праявілі міласэрнасць, а што з ёю? Гэта рэальныя праблемы такога падыходу.

Існуе і другая праблема, на маю думку, яшчэ больш сур’ёзная. У адгартацыі ёсць сцверджанне, якое, зрэшты, выкарыстаў таксама кардынал Каспэр і многія іншыя тэолагі, напрыклад, біскупы Аргенціны ў сваёй інтэрпрэтацыі дакумента. Яны падкрэсліваюць, што Папа меў на ўвазе санкцыянаванне невялікай колькасці нестандартных выпадкаў. На маю думку, гэта немагчыма, так не ўдасца зрабіць.

— Чаму?

— Таму што ў ацэнцы кожнага маральнага чыну вялікае значэнне маюць акалічнасці, намеры і аб’ект. Прытым намеры і акалічнасці толькі мадыфікуюць тое, што з’яўляецца аб’ектам. Калі мы прызнаем, што можна дапускаць да Камуніі разведзеных людзей, якія жывуць у новых саюзах, то праз нейкі час гэта будзе азначаць допуск да Камуніі ўсіх, хто знаходзіцца ў нестандартнай сітуацыі.

— Шчыра кажучы, не разумею…

— Большасць праблемаў, закранутых у «Amoris laetitia», — гэта толькі нюансы, якія маюць невялікі ўплыў на ацэнку спаведніка, бо ён найперш глядзіць на аб’ект дзеяння, які па сваёй сутнасці з’яўляецца грэшным і пярэчыць шостай запаведзі. Прыняцце такога рашэння цалкам затушоўвае разуменне таго, што такое грэх, і стварае сітуацыю, у якой усе людзі ў паўторных саюзах змогуць прымаць святую Камунію.

— Мы ўзгадалі пра ліст аргенцінскіх біскупаў. Папа Рымскі сказаў, што гэта ўзорны падыход да разумення сэнсу адгартацыі.

— Гэты ліст — крыху камічны элемент у дыскусіі пра «Amoris laetitia». Нагадаем, што аргенцінскія біскупы ў прыватным лісце, дасланым Папу, папрасілі яго выказацца аб практычным прымяненні пададзеных у адгартацыі прапановаў. Папа таксама ў сваім прыватным лісце адказаў ім, што гэта правільная інтэрпрэтацыя і іншай няма. Дзіўным чынам гэты ліст неўзабаве трапіў у прэсу і быў апублікаваны ў інтэрнэце. На працягу некалькіх дзён адбывалася дыскусія наконт таго, ці з’яўляецца гэты ліст Папы сапраўдным, а кіраўнік прэс-службы Апостальскай Ста­ліцы маўчаў. Толькі праз некалькі дзён ліст біскупаў і адказ Папы Рымскага былі апублікаваныя ў «L’Osservatore Romano», а больш чым праз год яны трапілі ў афіцыйны збор дакументаў «Acta Apostolicae Sedis» як афіцыйнае выказванне Біскупа Рыма. Гэта вельмі дзіўны ход, і як тэолаг я не хацеў бы, каб вучэнне і Настаўніцкі Інстытут Касцёла развіваліся такім чынам.
Мае сумненні адносна гэтай інтэрпрэтацыі вынікаюць таксама з таго, што для аргенцінскіх біскупаў самым сур’ёзным аргументам за допуск да Эўхарыстыі разведзеных з’яўляюцца дзве спасылкі ў адгартацыі — 336 і 351, у якіх згадваецца іншы тэкст папы Францішка — адгартацыя «Evangelii gaudium» (2013 г.). 

фота: PAP/Wojciech Pacewicz

— Што ў гэтым дрэннага?

— Калі мы гаворым пра істотныя змены ў практыцы Касцёла, то трэба зрабіць гэта інакш — не ў спасылцы, дзе гаворыцца не наўпрост пра допуск да Эўхарыстыі, а пра зменшаную маральную адказнасць. Калі падчас прэс-канферэнцыі Папу спыталі, чаму такая фундаментальная змена практыкі Касцёла адбываецца праз гэтую «славутую спасылку», ён адказаў, што не памятае гэтай спасылкі, а потым згадаў, што ў ёй напэўна паўтараецца вучэнне адгартацыі «Evangelii gaudium». Праблема заключаецца ў тым, што ў «Evangelii gaudium» нідзе не гаворыцца пра Камунію для разведзеных, а адгартацыя «Amoris laetitia» з’явілася ў выніку сінода, на якім — таксама са згоды Папы — не была вырашана гэтая праблема, і ўсе чакалі, што «Amoris laetitia» развее сумненні па гэтым пытанні.

— Тады, магчыма, чатыры кардыналы, якія напісалі пра свае сумненні адносна інтэрпрэтацыі1, маюць рацыю?

— Калі гаварыць пра сумненні кардыналаў, то тут мы сутыкаемся з іншымі праблемамі. Першая датычыць публікацыі ліста, які быў скіраваны да Папы і мае папрокі тэалагічнага характару да зместу адгартацыі. На думку аўтараў, сітуацыя настолькі сур’ёзная, што, як зазначана ва ўступе, яны адчувалі сябе абавязанымі да гэтага кроку ў духу адказнасці за Касцёл. Другая ж праблема датычыць сутнаснай ацэнкі пастаўленых імі пытанняў. У святле розных інтэрпрэтацый «Amoris laetitia» яны найбольш абгрунтаваныя і вынікаюць з ранейшага вучэння Касцёла.

— У адным з інтэрв’ю2 Папа адказаў ім, што для некаторых у жыцці ёсць толькі «белае» або «чорнае», але толькі на сумесным шляху можна правесці духоўнае распазнанне.

— Усё гэта праўда. Праблема ў тым, каб Папа выразна выказаўся: «так» або «не», у тым ліку наконт магчымасці атрымаць разграшэнне для разведзеных людзей, якія ўтварылі новыя саюзы. Альбо адносна таго, ці застаюцца ўсё яшчэ абавязковымі прынцыпы энцыклікі «Veritatis splendor» Яна Паўла ІІ пра безумоўныя маральныя нормы, паводле якіх забараняюцца ўчынкі, дрэнныя па сваёй сутнасці. І ці можна ў святле адгартацыі далей сцвярджаць, што чалавек, які жыве ў новым грамадзянскім саюзе, чужаложыць, бо знаходзіцца ў рэальнай сітуацыі цяжкага граху? Гэта практычныя сумненні.

— У такім выпадку — што далей?

— Праз пяцьдзясят гадоў пасля Другога Ватыканскага Сабору мы ўсё яшчэ застаемся ў перыя­дзе паслясаборавай тэалагічнай няпэўнасці. Нішто не ўказвае на тое, што гэта хутка скончыцца. Некаторыя з каментатараў ка­жуць, што пасля папярэдніх Сабораў, напрыклад, пасля Трыдэнцкага ці пасля вялікіх сярэднявечных Сабораў у Канстанцінопалі ці ў Латэранскім палацы, амаль сто гадоў працягваліся дыскусіі. Цяпер адбываецца гэтаксама. Мы маем справу з канфрантацыяй рознага роду тэалагічных меркаванняў. «Familiaris consortio» i «Amoris laetitia» — гэта два розныя рашэнні і дзве розныя тэалогіі.

— А што з адказнасцю за вучэнне асобных епіскапатаў?

— Другі Ватыканскі Сабор нагадаў, што біскупы ў сваіх дыяцэзіях не з’яўляюцца пасламі Рыма. Кожны з іх — наступнік Апосталаў, ён мае ўладу для выканання сваіх функцый не ад Папы, а непасрэдна ад Бога праз сам факт біскупскага пасвячэння. Зразумела, ён павінен дзейнічаць у еднасці з Калегіяй Біскупаў і Біскупам Рыма. Тым не менш, гэта не вызваляе ніводнага з іх ад самастойнага апостальскага служэння ў сваёй уласнай дыяцэзіі.

— Магчыма, нам будуць патрэбны пэўныя ўдакладненні, якія развеюць сумненні, звязаныя са спасылкамі ў адгартацыі «Amoris laetitia»?

— На маю думку, удакладнення вымагае толькі адно, найбольш дыскусійнае пытанне, пра якое мы гутарылі. Аднак не будзем забываць, што «Amoris laetitia» — гэта вялікі дакумент, які мае больш за 300 пунктаў. Ён напісаны вельмі добраю моваю. Калі б я мусіў рыхтаваць маладых людзей да сакрамэнту сужэнства, то грунтаваў бы сваё навучанне на першых сямі раздзелах адгартацыі, бо Папа фенаменальна гаворыць у ёй пра новыя рэчы, якіх няма ў вучэнні Яна Паўла ІІ, і за гэта папу Францішку варта падзякаваць.

Праблема гэтай дыскусіі вынікае з таго, што мы навучыліся быць альбо «за», альбо «суп­раць», на адным альбо на другім баку спрэчкі. Нам заўсёды трэба вызначыцца. Такім чынам, мы альбо становімся на бок Святога Айца і тады прымаем усё, што напісана ў «Amoris laetitia», альбо займаем пазіцыю супраць Папы і тады выказваемся на карысць якой-небудзь традыцыяналісцкай плыні Касцёла. Такое мысленне памылковае, таму што быць католікам — гэта значыць таксама паважаць і любіць Біскупа Рыма ў тым, што ён піша для нас, і ў тым, што ён нам гаворыць. Аднак мы ўсё роўна не павінны бескрытычна адкідваць уласных сумненняў і адключаць розум. Як хрысціянін я глыбока веру ў тое, што Папа, выбраны Калегіяй Кардыналаў, мае дар Духа Святога і вядзе Касцёл у правільным кірунку. І таму спадзяюся, што з гэтай няпэўнасці для Касцёла атрымаецца штосьці добрае, трэба толькі пачакаць.


 Пераклала з польскай мовы Ганна Шаўчэнка.
Паводле: час. «W drodze», № 2, 2018.
Надрукавана ў часопісе «Наша вера», № 2, 2018.


1. У верасні 2016 г. чатыры кардыналы — Вальтэр Брандмюлер (Старшыня Папскага камітэта гістарычных навук на пенсіі), Рэйманд Лео Бёрк (арцыбіскуп мітрапаліт Сэнт-Луіса), Карло Кафара (арцыбіскуп Балоньі, памёр у верасні 2017 г.) і Ёахім Майснэр (арцыбіскуп мітрапаліт Кёльна, памёр у ліпені 2017 г.) — звярнуліся да Папы з просьбаю растлумачыць фармулёўкі, якія змешчаны ў адгартацыі «Amoris laetitia» і выклікаюць сур’ёзную занепакоенасць і разгубленасць духоўных асобаў і саміх вернікаў. Паколькі іерархі не атрымалі адказу, яны вырашылі апублікаваць свой ліст.
2. Маецца на ўвазе інтэрв’ю, якое папа Францішак даў італьянскай газеце «Avvenire» ў лістападзе 2016 г.

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла