«Што ж гэта будзе за дзіця?»

Урачыстаць Нараджэння святога Яна Хрысціцеля (24.06.2018) 

Альжбеце ж надышоў час нараджаць, і яна нарадзіла сына. Калі пачулі суседзі і сваякі яе, што Пан учыніў вялікай міласэрнасць сваю да яе, радаваліся разам з ёю. На восьмы дзень прыйшлі абразаць дзіця і хацелі назваць яго імем бацькі ягонага, Захарыем. Але, адказваючы, маці ягоная сказала: «Не, але будзе названы Янам». Тады сказалі ёй: «Няма нікога з тваёй радні, хто б называўся такім імем». У бацькі ж ягонага пыталіся на мігах, як бы хацеў назваць яго. Ён, папрасіўшы таблічку, напісаў: «Ян — імя яго». І ўсе здзівіліся. У гэты момант адразу адкрыліся вусны ягоныя і развязаўся язык ягоны, і ён загаварыў, праслаўляючы Бога. Ахапіў страх усіх суседзяў іхніх, і па ўсёй горнай краіне Юдэі яны расказвалі пра ўсё гэта. Усе, хто чуў, разважалі пра гэта ў сэрцах сваіх і казалі: «Што ж гэта будзе за дзіця?» Бо рука Пана была з ім. А дзіця расло і ўзмацнялася духам, і заставалася на пустыні да дня свайго з’яўлення перад Ізраэлем.

 (Лк 1, 57–66. 80)

«Што ж гэта будзе за дзіця?»

«Што ж гэта будзе за дзіця?» — падобныя думкі ўзнікаюць у многіх пры нараджэнні любога чалавека, неабавязкова такога выбітнага як Ян Хрысціцель. Усе блізкія нованароджанага спадзяюцца, што ён стане калі не нейкай знакамітасцю, то прынамсі добрым чалавекам і жадаюць яму шчасця. Пра дрэннае ніхто не хоча думаць. Бо ўсе дзеці — такія маленькія, безабаронныя, — у большасці выклікаюць толькі станоўчыя асацыяцыі; для многіх яны — увасабленне нявіннасці і чысціні, параўноўваюць іх нават з анёлкамі. Але што адбываецца з многігі з гэтых «анёклкаў», калі яны вырастаюць? Чаму некаторыя з іх ператвараюцца ў «дэманаў»? Бо ўсе самыя вялікі злачынцы некалі былі такімі мілымі малечамі…

Адказ знойдзем у нашай веры. З аднаго боку прычына гэтага — у прыроджанай схільнасці да зла як выніку першароднага граху, з другога — у недахопе або адсутнасці добрага выхавання. І адно, і другое ўзмацняецца негатыўным уплывам навакольнага асяроддзя і спакусамі злога духа, якім супрацьстаяць вельмі цяжка. Сапраўды, каб чалавек вырас добрым, бацькі і выхаваўцы павінны шмат папрацаваць. І то гэта не заўсёды гарантуе добры вынік. А каб «выхаваць» эгаіста, гультая, злодзея, распуснік і г.д., не трэба ніякага высілку, сам такім вырасце. І гэта даказвае, што першародны грэх — не выдумка рэлігіі, а сумная рэчаіснасць. Схільнасць да зла перадалася ўсім як спадчынная хвароба ад першых людзей, якія адвярнуліся ад Бога — найвышэйшага Дабра і схіліліся да д’ябла, крыніцы зла. Натуральна, што ў гэтым выпадку яны не змаглі перадаць нам Божую ласку, якую страцілі праз сваю непаслухмянасць Творцы, як тую годнасць, што забіраецца ў тых, хто бунтуе супраць яе Даўцы. Аднак Бог у сваёй любові пажадаў вярнуць гэтую годнасць кожнаму асабіста і навучыць усіх, што рабіць, каб зноў яе не страціць. З гэтай прычыны Ён стаўся бязгрэшным Чалавекам, застаючыся Богам, а найвышэйшае дабро і грэх — паняцці несумяшчальныя. Але і брама, праз яку Ён прыйшоў у свет, не магла быць бруднай, таму Збаўца захаваў і сваю Маці — адзіную з усіх людзей — ад першароднай плямы. Таму мы і адзначаем у літургіі дні нараджэння Божага Сына і Яго Маці як тых, да каго грэх ніколі не меў ніякага дачынення, хоць іх цярпенні з прычыны грахоў іншых невымерныя.

Што ж датычыць Яна Хрысціцеля, то згодна з Традыцыяй, што абапіраецца на Евангелле паводле Лукі (гл. Лк 1, 41–44), ён быў ачышчаны ад першароднага граху ва ўлонні сваёй маці Альжбеты ў момант яе сустрэчы з Марыяй, якая ўжо насіла пад сэрцам Збаўцу свету (менавіта свята Адведзінаў, якое паводле старога літургічнага календара адзначаецца праз 8 дзён пасля нараджэння Яна Хрысціцеля, 2 ліпеня, стала пачаткам славутага Будслаўскага фэсту). Паколькі Дух Святы напоўніў Альжбету, то, несумненна, і яе дзіця. Такім чынам адбыўся своеасаблівы хрост таго, з чыім іменем назаўсёды звязаная назва гэтага сакрамэнту, праз які кожнаму чалавеку асабіста надаецца права атрымаць у спадчыну Божае Валадарства. Адсюль і літургічнае святкаванне Нараджэння Яна Хрысціцеля, які сваім прапаведваннем падрыхтаваў народ да прыняцця Слова Збаўлення.

Недастаткова толькі ахрысціцца, трэба яшчэ жыць паводле навукі Хрыста, каб ласка прынесла добры плён. Справа ў тым, што пасля хросту, які здымае першародны грэх, застаецца, аднак, схільнасць да зла, як пасля выдалення злаякаснай пухліны застаецца небяспека рэцыдыву, калі хворы пагрэбуе лекарскімі парадамі і не будзе сачыць за здароўем. З гэтай прычыны ахрышчанае дзіця патрабуе і выхавання ў духу веры, якое дасягаецца перш за ўсё праз уласны прыклад бацькоў і хросных (выкананне Божых і касцёльных запаведзяў, малітва, прыступанне да святых сакрамэнтаў і ўдзел у жыцці рэлігійнай супольнасці).

Апошні момант вельмі важны, таму што толькі ў супольнасці вернікаў можна знайсці адпаведных кандыдатаў на ролю хросных бацькоў. Многія на жаль выбіраюць для выканання гэтага адказнага абавязку родных, знаёмых, сяброў, якія не могуць узяць яго на сябе з прычыны адсутнасці рэлігійных практык, жыцця ў несакрамэнтальным сужэнстве і г.д. — калі адсутнічае добры прыклад. І такім «хросным» давядзецца адказваць не толькі за асабістыя правіны, але і за сваіх хрэснікаў, якім яны не далі тое, што павінны былі даць, але не змаглі, бо самі не мелі. Ці можа навучыць замежнай мове настаўнік, які яе сам не ведае? Ці можна даць тое, чаго сам не маеш? Што ж тут дзіўнага, што многія, нават ахрышчаныя некалі людзі ўпадаюць у цяжкія грахі? Той жа Ян Хрысціцель заклікае да навяртання і пакаяння, як адзінага дзейснага спосабу зноў вярнуць ласку, страчаную ўжо не па віне прабацькоў, а асабіста. І нягледзячы на тое, прымае чалавек на сябе абавязак хроснага бацькі або маці, ці не, яму ці ёй давядзецца некалі здаваць экзамен перад Богам з уласнага жыцця. У любым выпадку трэба памятаць, што выхаванне згодна з навукай Хрыста здольнае перамяніць схільнасць да зла ў цноту — трывалую схільнасць да дабра, якая памножыць ласку хросту і павялічыць шанец кожнага ахрышчанага, даючы магчымасць не толькі здзейсніць нешта карыснае на зямлі, але і стаць спадкаемцам Божага шчасця ў небе.


Айцец Міхал Ермашкевіч OP

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла