«Цуд хоча як найлепш ды перашкаджае веры…»

Трынаццатая звычайная нядзеля, год В (01.07.2018)

Калі Езус ізноў пераправіўся ў чоўне на другі бераг, сабралася да Яго мноства народу. А быў Ён каля мора. Прыйшоў таксама адзін з кіраўнікоў сінагогі па імені Яір і, убачыўшы Езуса, упаў да Ягоных ног і моцна прасіў, кажучы: «Дачушка мая памірае, прыйдзі, ускладзі на яе рукі, каб яна ўратавалася і жыла». І Ён пайшоў з ім. А вялікі натоўп ішоў за Езусам і ціснуўся да Яго.

Таксама жанчына, якая хварэла на крывацёк дванаццаць гадоў і шмат выцерпела ад многіх лекараў, патраціла на іх усю маёмасць сваю, аднак нішто не дапамагло, і ёй станавілася нават горш, пачуўшы пра Езуса, падышла ў натоўпе ззаду і дакранулася да Ягонага плашча. Бо казала сама сабе: «Калі дакрануся хаця б да плашча Ягонага, выздаравею». І ў тую ж хвіліну спыніўся ў яе крывацёк, і яна адчула ў целе, што вызвалілася ад хваробы. Езус, адразу адчуўшы, што моц выйшла з Яго, звярнуўся да народу і сказаў: «Хто дакрануўся да Майго плашча?» А вучні Ягоныя сказалі Яму: «Ты бачыш, што народ ціснецца да Цябе, і пытаешся “хто дакрануўся да Мяне?”» Але Ён аглядаўся, каб убачыць тую, якая гэта зрабіла. А жанчына спалохалася і задрыжэла, бо ведала, што з ёй сталася. Яна падышла, упала перад Ім і сказала Яму ўсю праўду. Ён жа сказаў ёй: «Дачка, вера твая ўратавала цябе. Ідзі ў спакоі і будзь вольная ад сваёй хваробы».

Калі Ён яшчэ гаварыў, прыйшлі ад кіраўніка сінагогі і сказалі: «Дачка твая памерла, навошта ты яшчэ турбуеш Настаўніка?» Але Езус, пачуўшы гэтыя словы, сказаў кіраўніку сінагогі: «Не бойся, толькі вер!» І не дазволіў нікому ісці за сабою, акрамя Пятра, Якуба і Яна, брата Якуба. Калі прыйшоў у дом кіраўніка сінагогі, убачыў мітусню і тых, хто плакаў і моцна галасіў. Увайшоўшы, Ён сказаў ім: «Чаго мітусіцеся і плачаце? Дзіця не памерла, а спіць». І насміхаліся з Яго. Але Ён, выгнаўшы ўсіх, узяў з сабою бацьку і маці дзіцяці і тых, хто быў з Ім, і ўвайшоў туды, дзе было дзіця. Узяўшы дзяўчынку за руку, сказаў ёй: «Таліта, кум!», што значыць: «Дзяўчынка, табе кажу, устань!» Дзяўчынка адразу ўстала і пачала хадзіць. А было ёй дванаццаць гадоў. І замерлі яны ў вялікім здзіўленні. А Ён строга загадаў ім, каб ніхто пра гэта не ведаў, і сказаў даць ёй есці.

  Мк 5, 21–43)

 

«Цуд хоча як найлепш ды перашкаджае веры…»

У нядзельных евангельскіх чытаннях мы становімся сведкамі двух цудаў Езуса, якія адбыліся па веры жанчыны і кіраўніка сінагогі. Пан Езус аздаравіў жанчыну, якая пакутавала ад крывацёку, і ўваскрасіў дачку Яіра. У кс. Яна Твардоўскага ёсць вядомы верш, у якім гаворыцца пра небяспеку чакання цудаў ад Пана Бога. Ён называецца «Ніводзін анёл не дапамог»:

Калі Ты паміраў на крыжы
цуд не адбыўся
ніводзін анёл не дапамог
дождж не абмыў галавы
пярун разгубіўся і ў іншае месца ўдарыў
кемлівая Маці Божая
з цудам сваім не паспела
верыць — гэта значыць давяраць калі няма цудаў
цуд хоча як найлепш
ды перашкаджае веры

Напрыканцы рэкалекцый, якія я праводжу ў парафіях, для законніц або для святароў, я прапаную паўдзельнічаць у набажэнсте аб аздараўленні. Гэтае набажэнства, якое адбываецца ў прысутнасці Эўхарыстычнага Езуса, складаецца з пяці этапаў, і ў яго ўваходзяць даволі доўгія перапынкі ў маўчанні, падчас якіх кожны ўдзельнік асабіста становіцца ў веры і праўдзе перад Богам. Першы этап — гэта просьба да Пана аб аздараўленні балючых ранаў у нашых успамінах. Другі — просьба аб ласцы прабачэння тым, хто нас пакрыўдзіў. Падчас трэцяга этапу мы давяраем Богу ўсе свае слабасці, недахопы і нядобрыя схільнасці, які найчасцей вядуць нас да граху. Падчас чацвёртага этапу мы просім Пана Бога аб фізічным аздараўленні, калі на гэта ёсць Яго воля. На заканчэнне чытаецца фрагмент з сённяшняга евангельскага чытання пра жанчыну, якая пакутавала ад крывацёку, і словы Пана Езуса, звернутыя да святога Паўла ў адказ на яго просьбу пазбавіць яго ад пакутаў. Езус сказаў яму: «Хопіць табе Маёй ласкі, бо моц удасканальваецца ў слабасці» (2 Кар 12, 9).

Пасля чытання Святога Пісання адбываецца працэсія з Найсвяцейшым Сакрамэнтам, як у Люрдзе, калі Пан Езус на нейкі час затрымліваецца каля асобаў, якія прымаюць удзел у набажэнстве. Несучы манстранцыю, я міжволі заўважаю вочы, поўныя слёз, якія ўглядаюцца ў Эўхарыстычнага Езуса. Пасля набажэнства часам нехта дае сведчанне, што Езус аздаравіў яго калена, на якое не атрымлівася стаць, або знік дакучлівы боль у руцэ і г.д. Аднак большасць людзей не аздараўляецца цудоўным спосабам. Чаму так адбываецца? Бог жа любіць кожнага прысутнага на набажэнстве! Мы не ведаем Божай волі. Таксама не варта забывацца звяртацца да доктара. Бог у сваёй любові часам не забірае ў чалавека крыж яго цярпенняў, хваробы, але робіць нешта іншае: Ён умацоўвае плечы чалавека, каб той нёс свой крыж з надзеяй і нават з радасцю. Адзін з найбольшых дароў, які Бог жадае даць сваім сябрам, — гэта дар удзелу ў Ягоных пакутах, але няшмат такіх, хто жадае яго прыняць. Пра гэта ў адным са сваіх пасланняў гаворыць святы Павел, жыццё якога было поўнае цяжкасцяў і цярпенняў: «дапаўняю недахоп у маім целе пакутаў Хрыста за Ягонае цела, якім ёсць Касцёл» (Клс 1, 24). Запрашэнне паўдзельнічаць у пакутах Пана прынялі фацімскія дзеці, якія ў цяжкія часы здолелі няспынна маліцца словамі вядомай малітвы: «Езу, раблю гэта з любові да Цябе, дзеля навяртання грэшнікаў і кампенсацыі за грахі, учыненыя супраць Беззаганнага Сэрца Марыі». Ксёндз Твардоўскі напісаў: «Цуд хоча як найлепш // ды перашкаджае веры». Можа стацца, што найбольшым цудам, які адбываецца падчас набажэнстваў, пра якія я распавёў, і найбольшым цудам у жыцці кожнага з нас з’яўляецца ласка свядомага і дабравольнага прыняцця сваіх цярпенняў і ахвяраванне іх Богу. Што ж за цудоўная вера! Ці ж гэта не сапраўдны цуд?

Normal 0 false false false /* Style Definitions */ table.MsoNormalTable {mso-style-name:"Обычная таблица"; mso-tstyle-rowband-size:0; mso-tstyle-colband-size:0; mso-style-noshow:yes; mso-style-parent:""; mso-padding-alt:0cm 5.4pt 0cm 5.4pt; mso-para-margin:0cm; mso-para-margin-bottom:.0001pt; mso-pagination:widow-orphan; font-size:10.0pt; font-family:"Times New Roman"; mso-fareast-font-family:"Times New Roman"; mso-ansi-language:#0400; mso-fareast-language:#0400; mso-bidi-language:#0400;}


Айцец Раман Шульц OP

Глядзіце яшчэ разважанні на Трынаццатую звычайную нядзелю, Год В:

айцец Міхал Ермашкевіч ОР «Закон малітвы — гэта закон веры»
айцец Крыштаф Коц’ян ОР «Часам д’ябал імкнецца зрабіць карыкатуру з нашага вобраза Бога»

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла