Сяброўства

Шостая Велікодная нядзеля, Год В (06.05.2018) 

Як Мяне палюбіў Айцец, так і Я палюбіў вас. Заставайцеся ў Маёй любові. Калі будзеце захоўваць Мае запаведзі, застанецеся ў любові Маёй, як і Я захаваў запаведзі Айца Майго і застаюся ў Ягонай любові. Гэта Я сказаў вам, каб Мая радасць была ў вас, і каб радасць вашая была поўнай.

Вось запаведзь Мая, каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас. Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх. Вы сябры Мае, калі робіце тое, што Я наказваю вам. Я ўжо не называю вас слугамі, бо слуга не ведае, што робіць ягоны гаспадар. Я ж назваў сябрамі вас, бо ўсё, што чуў ад Айца Майго, Я сказаў вам. Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас і прызначыў, каб вы ішлі і прыносілі плён, і каб плён ваш трываў. Каб Айцец даў вам тое, чаго толькі папросіце ў імя Маё. Гэта наказваю вам, каб вы любілі адзін аднаго.

(Ян 15, 9–17)

Сяброўства

Сёння ў евангельскім урыўку Езус запрашае нас стаць Яго сябрамі. Ён сам паказвае найдасканалейшы прыклад сяброўства, аддаючы за нас сваё жыццё. 19 сакавіка 2018 г. папа Францішак прадставіў Касцёлу адгартацыю «Gaudete et exsultate» аб пакліканні да святасці ў сучасным свеце. У гэтым дакуменце ён каментуе 8 Божых благаслаўленняў, бо жыццё ў адпаведнасці з імі з’яўляецца сведчаннем сяброўства з Езусам. Папа піша: «Благаслаўленні не з’яўляюцца лёгкім, павярхоўным паняццем. Наадварот, мы можам жыць паводле іх толькі тады, калі Дух Святы пранікае ў нас усёю сваёю моцаю і вызваляе ад слабасці эгаізму, ляноты і пыхі» (GE, 65). З аднаго боку, словы Папы гавораць нам, што неабходна дазволіць, каб Дух Святы пранікаў у нас, каб Ён нас вёў. А з іншага боку, неабходна дазволіць Яму вызваліць нас ад слабасцяў. Як гэта? Калі я католік і практыкую веру, то ці павінен Дух Святы выконваць ува мне нейкую працу, каб мяне ачысціць? Ці ёсць ува мне эгаізм, лянота і пыха, пра якія ўзгадвае Папа? Калі я палічу, што няма, то ўзнікае пытанне: адкуль такая ўпэўненасць? Магчыма, я недастаткова добра ведаю сябе або не хачу ведаць! Бо Пан Езус, абвяшчаючы Добрую Навіну, часта паўтарае: «Навяртайцеся і верце ў Евангелле». Бог у сваёй любові да нас паволі паказвае нам вялікую годнасць, якою адарыў нас, але таксама і праўду аб нашых слабасцях і схільнасці да зла. Калі мы дазваляем Яму, Ён паказвае нам падземныя лабірынты нашай душы, куды мы яшчэ не запрасілі Яго. Не трэба пужацца гэтага пекла, бо яго адкрыццё дае нам шанец з даверам запрасіць туды Езуса, каб Ён ачысціў тыя калідоры і ўсталяваў там свой парадак. 

Некалі Пан Езус звярнуўся да святой Фаўстыны Кавальскай, сказаўшы: «Ты яшчэ не ўсё мне аддала», а яна адказала Яму: «Пане, я ўся Твая». Езус адказаў: «Ты яшчэ не аддала мне свайго ўбоства». Езус сказаў гэтыя словы святой Фаўстыне, бо быў яе Сябрам, і яна адкрыла Яму сваё сэрца па-сяброўску. Гэтак жа і ў нашым жыцці звонку ўсё можа сведчыць, што мы добрыя людзі і чынім шмат дабра. Калі ж мы ў Божым святле шчыра прыгледзімся да сваіх інтэнцый і матываў, можа аказацца, што мы адкрыем у сабе вялізнае гнілое балота (убоства), якое смярдзіць так, што псуе нашыя добрыя ўчынкі. Зробім жа як святая Фаўстына, давяраючы Божай прыязнасці. Папа Францішак тлумачыць у сваёй адгартацыі, як вызваліцца ад эгаізму, ляноты, пыхі і іншых дрэнных схільнасцяў: «Заўсёды пытайся ў Духа Святога, чаго чакае ад цябе Езус у кожную хвіліну твайго жыцця і ў кожнай сітуацыі, калі ты павінен прыняць рашэнне, каб зразумець, якое месца займае гэтая праблема ў тваім жыцці. Дазволь Яму змясціць у табе тую асабістую таямніцу, якая дазволіць стаць адлюстраваннем Хрыста ў сучасным свеце» (GE, 23). Гэта шлях да паглыблення нашага сяброўства з Панам, да якога Ён запрашае нас. Гэта не лёгкі шлях, бо на ім мы пазбаўляемся ад свайго эгаізму і пыхі. 


Айцец Раман Шульц OP

Глядзіце яшчэ разважанні на Шостую Велікодную нядзелю, Год В:

айцец Міхал Ермашкевіч ОР «Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас»
айцец Браніслаў Дашкевіч OP «Лекі супраць атрафіі любові»

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла