Сёмая Велікодная нядзеля, Год В (13.05.2018)
Ойча святы, захавай іх у імені Тваім, якое Ты даў Мне, каб яны былі адно, як і Мы. Калі Я быў з імі, Я захоўваў іх у імені Тваім, якое Ты даў Мне. І збярог, і ніхто з іх не загінуў, апроч сына пагібелі, каб збылося Пісанне. А цяпер іду да Цябе і кажу гэта ў свеце, каб яны мелі ў сабе поўную Маю радасць. Я даў ім слова Тваё, і свет зненавідзеў іх, бо яны не са свету, як і Я не са свету.
Не прашу, каб Ты ўзяў іх са свету, а каб захаваў іх ад злога. Яны не са свету, як і Я не са свету. Асвяці іх у праўдзе. Слова Тваё — гэта праўда. Як Ты паслаў Мяне ў свет, так і Я паслаў іх у свет. І за іх Я пасвячаю сябе, каб і яны былі асвечаныя ў праўдзе.
(Ян 17, 11b–19)
Неба ўжо тут
Разважаючы над евангельскімі чытаннямі, я падумаў пра розніцу паміж закаханасцю і любоўю. Каханне дае адчуванне таго, што мы сустрэлі чалавека, які робіць нас шчаслівымі, а любоў пачынаецца з імгнення, калі мы прымаем рашэнне зрабіць гэтага чалавека шчаслівым. У выніку нашыя ўласныя планы і жаданні трацяць першасную важнасць. Мы гатовыя адмовіцца ад сваіх мараў дзеля таго, каб сустрэцца з рэальным чалавекам. Гэта шлях дарослых адносінаў і таксама асабістага ўзрастання і шчасця.
Пасля ўваскрасення Хрыста адносіны вучняў да Яго змяняюцца. Падчас зямнога жыцця Езуса вучні мелі шмат розных уяўленняў пра Яго і чаканняў. Як годныя габрэі яны марылі пра вызваленне і дабрабыт ізраэльскага народа, як звычайныя людзі яны марылі пра асабістае шчасце. Езус мусіў даць ім жаданае. Яго смерць пахавала гэтыя спадзяванні, але ўваскрасенне падарыла новыя чаканні.
Штосьці змяняецца ў вучнях, і яны ідуць абвяшчаць Евангелле. Яны згадзіліся з думкаю, што Езус — не такі Месія, пра якога яны марылі, які мусіў вярнуць Ізраэлю палітычную ўладу ў свеце. І калі яны нарэшце змаглі цалкам адмовіцца ад сваіх чаканняў, то здолелі пазнаць у Хрысце Божага Сына, які прыйшоў збавіць увесь свет. Хаця тады Езуса ўжо не было з імі, яны раптам адчулі сапраўдную блізкасць з Ім. Ён паўсюль супрацоўнічаў з імі. Калі раней вучні бачылі, як Ён аздараўляў і чыніў цуды, цяпер яны ўбачылі, як Ён робіць гэта іх рукамі. Яны пазналі сапраўднага Езуса, пачалі жыць любоўю, а не ілюзіямі. Гэта зусім іншы ўзровень блізкасці.
Здаецца, што Езус адышоў з гэтага свету, каб сесці праваруч Айца. Але гэта не так, бо ў нябеснай славе Езус яшчэ бліжэй да нас. Неба не далёка, яно ўжо тут, сярод нас. Дух Святы, калі мы прымем Яго, сыходзіць менавіта для таго, каб паказаць нам гэтую рэальнасць.
Айцец Крыштаф Коц’ян OP
Глядзіце яшчэ разважанні на Сёмую Велікодную нядзелю, Год В:
айцец Тамаш Міка ОР «Сэнс святасці»