Laudans: новы кліп

Laudans — гэта беларускі каталіцкі дуэт, які іграе ў стылі rock, pop, electronik music і выконвае песні на беларускай, польскай і англійскай мовах. Склад гурта — гэта Андрэй Лугін, вакаліст і рытм-гітарыст, і Алёна Палачанская, клавішніца. Каманду ведаюць па шматлікіх выступленнях па ўсёй Беларусі. Маладыя людзі ўпэўнена і энергічна развіваюцца, асвойваюць новыя пляцоўкі, няспынна выходзяць насустрач слухачам. Чарговы кліп дуэта на песню «Treasure of Universe» — таму пацвярджэнне.

Некалькі заўваг перад праглядам:

  • адзін з папярэдніх кліпаў гурта Laudans на песню «Zdumienie» назбіраў на платформе Youtube каля 40 тыс. праглядаў;
  • творчасць дуэта Laudans прадстаўлена на айчынных і замежных медыя-пляцоўках, у тым ліку і на свецкіх, напрыклад, відэа-чарт на TuzinFM, радыё «Сталіца», радыё «Культурная эволюция» і інш.;
  • рэжысёр кліпа — Расціслаў Смольскі, які ўжо другі раз напісаў сцэнар і зняў кліп для дуэта.

— Ідэя кліпа нарадзілася ўжо год назад. Тады ў нас быў зусім іншы вобраз для гэтага спева, нават быў гатовы сцэнар. Але ажыццявіць яго не атрымалася, і мы рашылі адкласці гэтую працу, — кажуць Андрэй Лугін і Алёна Палачанская. — А праз паўгады мы пазнаёміліся з Расціславам і знялі з ім кліп на іншую песню. Цяпер, калі ў сакавіку пачаліся здымкі «Treasure of Universe», мы былі вельмі рады, бо даўно хацелі зняць кліп менавіта на гэтую песню.

Алёна Палачанскае, аўтар словаў песні «Treasure of Universe», ад сябе яшчэ дадае:

— Хацелася напісаць пра самае дарагое ў чалавека. І каб людзі, якія паслухаюць гэты спеў, адчулі, што ён вельмі зразумелы і блізкі ім. Я рашыла напісаць пра штодзённасць, дзе кожны чалавек магаецца са сваім болем і праблемамі. Гэтае змаганне дае нам стаць лепшымі, дае пэўны запал у душы. Мы пачынаем шукаць сэнс жыцця і сэнс нашага болю, і знаходзім адказ у Таго, Хто дае нам жыццё, змаганне і любоў.

Спеў «Treasure of Universe» музыкі запісалі як па-англійску, так і па-беларуску («Скарб Сусвету»), але для кліпа яны выбралі менавіта англійскую версію. Свой выбар дуэт тлумачыць жаданнем быць зразумелымі для больш шырокага кола слухачоў.

Здымкі кліпа адбываліся на Мінскім моры, а таксама ў вежы Кальварыйскага касцёла ў Мінску.

Асаблівую падзяку музыкі выказваюць Віталю Жартуну, Ганне Трус, Юліі Паваротнай і ўсёй камандзе Laudans.

— У нас атрымалася выдаць гэты кліп толькі дзякуючы ўсім тым, хто нам дапамагае і падтрымлівае нас, — адзначаюць Андрэй і Алёна. — Гэта яшчэ раз сведчыць аб тым, наколькі важна для людзей супрацоўнічаць і ствараць нешта разам. Дзякуй усім нашым сябрам!


Фота Ганны Трус

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла